В XVIII веке поместье в Воронче стало одним из самых оживленных мест общественной жизни Новогрудского воеводства

На гэты раз запрашаю ўсіх пачаць падарожжа ў аддалены куток Карэліцкага раёна, вёску Варонча. Спачатку планавала спыніцца толькі на знаёмстве з гістарычнымі пахаваннямі, але пасля прагляду некаторых матэрыялаў сумленне не дазволіла пакінуць у баку найбагацейшую спадчыну гэтай зямлі.

Казка пачынаецца ўжо па дарозе з Райцы ў Варончу, якая сапраўдным серпантынам уецца праз густы лес з соснамі-гігантамі і старымі высачэзнымі елкамі.

Гісторыя вядзецца ад 1666 года і першага вядомага ўладара — брэсцкага ваяводы Яна Курчы. Пасля яго шмат гаспадароў перабыло ў Варончы: Несялоўскія, Ксаверыі, Кабылінскія, Мержэеўскія. З гэтымі мясцінамі звязаны вядомыя прозвішчы: княжацкі род Масальскіх, Чачоты, Булгакі, Ліпніцкія, Войны, Верашчакі, Чарноцкія. Варончу прадавалі, абменьвалі, перадавалі ў спадчыну. Тут з 1807 года кіраваў гаспадаркай маёнтка Адам Чарноцкі (вядомы як мовазнаўца Зарыян Даленга-Хадакоўскі), гасцявалі пясняр Адам Міцкевіч, пачынальнік беларускага фотамастацтва Ян Булгак (у Варончы пахаваны яго родзічы), класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч.

Уласна сядзіба пачала будавацца напрыканцы XVIII стагоддя Юзэфам Несялоўскім, і хутка Варанчанскі маёнтак стаў лепшым і самым ажыўленым месцам грамадскага жыцця Наваградскага ваяводства. Тут праводзіліся з’езды, народныя гулянні, паляўнічыя піры.

Сёння гісторыя захавала для нас толькі вінакурню, амбар, касцёл Святой Ганны, старажытныя пахаванні і сям-там 200-гадовыя конскія каштаны, а таксама ліпы, якія засталіся ад сядзібнай алеі. (Вельмі цікава, у каго ўзнялася рука на 700-гадовыя дубы, якімі горача захапляўся Караткевіч і казаў, што ў дупле такога дрэва маглі схавацца 20 чалавек?).

Трагічна завяршыўся лёс сядзібы і яго гаспадароў. Уначы на 1 Мая 1943 года дом разам з людзьмі згарэў. Цяпер на тым месцы ўстаноўлена мемарыяльная пліта.

У наступны раз я распавяду пра гістарычныя пахаванні, касцёл і таямніцы, звязаныя з імі.

Гісторыяй у Варончы напоўнена нават паветра, таму калі будзеце побач, абавязкова завітайце туды.

Нэлі МАІСЕЕНКА,
галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама