Ветеран труда Леонила Денькевич вспоминает вчерашний день КСУП «Племзавод Кореличи»

Мінулы год  знакавы для КСУП  «Племзавод Карэлічы», які адзначыў сваё 80-годдзе. Падводзяцца вынікі, успамінаецца гісторыя  развіцця гаспадаркі, сумленныя  працаўнікі, чыя праца ўкладзена ў  яго скарбонку.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Т.У. Чубрык сярод рабочых племзавода

…Вялікая Айчынная вайна знішчыла ўсё, што было створана ў гаспадарцы. Застаўся толькі панскі склад і кантора ў Карэлічах ды чырвоная мураванка  ў аддзяленні «Шчорсы». У 1945 годзе з Усходняй Прусіі былі прыгнаны 50 кароў чорна-пярэстай остфрызскай пароды. Больш трох месяцаў праз Польшчу і Літву, не ведаючы адпачынку, не губляючы пільнасці, рабочыя саўгаса Баляслаў Брычкоўскі, Алена Мацюшкова і іншыя, якія былі  папярэджаны аб асабістай адказнасці за дастаўку кожнай жывёлы, гналі знясіленых за доўгую дарогу кароў. Яны і сталі ядром малочнага статку саўгаса.

Рабочыя жылі ў панскіх бараках. Стаўшы дырэктарам, Яфім Іванавіч Фаменка дабіўся дазволу Міністэрства сельскай гаспадаркі на будоўлю дамоў на выдзеленых саўгасам асабістых агародах. Будаваліся і гаспадарчыя будынкі, што з’явілася важкім стымулам аседласці рабочых у саўгасе. Каля Навагрудскага тракта была пабудавана цэлая саўгасная вуліца. Зараз на ёй жыве толькі адна былая забудоўшчыца, заслужаны палявод, якой даўно мінула 90 гадоў, Алена Мацвееўна Цвірка. Часта забудоўшчыкі працавалі ў саўгасе сем’ямі: Брычкоўскія, Рудзік, браты Цвіркі і іншыя.

Даяркі М. Брычкоўская і В. Смолік у Зорным гарадку

Яфім Іванавіч Фаменка, уся сям’я якога была расстраляна ў час вайны, па-бацькоўску строга і чула адносіўся да спецыялістаў і кожнага рабочага. Прафесіяналамі сваёй справы былі  спецыялісты Уладзімір Вечар, Уладзімір Багдановіч і Надзея Жаваранкава. Яны паспяхова ўкаранялі ў вытворчасць навейшыя дасягненні навукі. Вучыліся самі і вучылі кадры. Паспяхова выконвалі даведзеныя планы і заданні. Надзея Мацвееўна — заслужаны аграном. Маці-гераіня, выгадаваўшая і даўшая адукацыю шасцярым дзецям, арганізатар высокай культуры земляробства і насенняводства ў саўгасе, разумніца і працаўніца. Праз прызму гадоў не гасне ў людской памяці яе воблік.

Сапраўды, вялікім святам у калектыве быў дзень уручэння дырэктару Я.І. Фаменку Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы. Усім калектывам, быццам адной сям’ёй, адзначалася гэтая ўзнагарода. А калі на застоллі ён запеў на ўкраінскай мове песню пра Днепр, усе былі ўражаны прыгажосцю яго голасу, шматграннасцю  таленту. Яшчэ дзвюм даяркам гаспадаркі Тамары Чубрык і Таццяне Ардзе было прысвоена званне Герояў Сацыялістычнай Працы.

Лепшы шафёр па адвозцы збожжа Р. Вадап’ян

Пасля таго, як Я.І. Фаменка пайшоў на пенсію, дырэктарам племзавода стаў П.В. Буслейка, пакінуўшы добрую памяць аб сабе тым, што ўпершыню  за кошт саўгаса стаў будаваць кватэры і прасторныя асабнякі для спецыялістаў і рабочых саўгаса.

Шырокамаштабнае будаўніцтва ў гаспадарцы разгарнулася падчас кіраўніцтва гаспадаркай А.К. Віткоўскага. Быў закладзены новы цэнтр гаспадаркі ў вёсцы Палужжа, будаваліся фермы, майстэрні, новая вуліца з сучаснымі кватэрамі і катэджамі. Зараз гэтая вуліца носіць яго імя. Ёсць у Карэлічах і вуліца Фаменкі. Магчыма, прыйдзе час, калі з’явіцца вуліца ў памяць аб Тамары Уладзіміраўне Чубрык, нястомнай працаўніцы, вялікадушнай жанчыне, якая праславіла гаспадарку праз ВДНГ на ўвесь Савецкі Саюз.

Не толькі вуліца Віткоўскага нагадвае зараз аб умелым арганізатары, які быў прыроджаным эканамістам, добрым кіраўніком, але аб Чалавеку з вялікай літары, і ўсім тым, што ён паспеў зрабіць за час свайго кіраўніцтва.

Яго намеснік І.С. Барыскін сканцэнтраваў пагалоўе жывёлы на фермах «Людвікі» і «Палужжа», што дало магчымасць  павялічыць нагрузкі і зменшыць затраты на дастаўку кармоў, павысіць эфектыўнасць працы, знізіць сабекошт прадукцыі, з’явіліся новыя тэхналогіі даення, ачысткі памяшканняў. Усё гэта стала стымулам павышэння заработнай платы жывёлаводаў, многія з якіх працавалі на фермах сем’ямі:  Мордань,  Смолік, Чубыкіны,  Баран, Быліч, Пашкевіч,  Шыш,  Брычкоўскія,  Альбіноўскія, Лазінскія, Лагута і многія іншыя. Раслі паказчыкі працы, і многія працаўнікі атрымалі ўрадавыя ўзнагароды.

Работа селекцыйнай службы саўгаса ўвесь час вялася ў цеснай сувязі з Навукова-вынаходніцкім інстытутам БССР (Жодзіна). Селекцыйнай і ветэрынарнай службай пры непасрэдным выкананні І.І. Вішнеўскім, М.К. Ківелем упершыню ў рэспубліцы была праведзена трансплантацыя эмбрыёнаў цялят.

Вёўся жорсткі адбор патомкаў высокапрадукцыйнай жывёлы. Герой Сацыялістычнай Працы Т.У. Чубрык прадстаўляла на ВДНГ сямейства высокапрадукцыйнай каровы Ады № 89 і заняла першае месца. Нашы майстры машыннага даення М. Брычкоўская і В. Смолік былі ганаровымі гасцямі касманаўтаў СССР у Зорным гарадку.

Дырэктар П.П. Богуш прадоўжыў традыцыю высокай культуры земляробства і жывёлагадоўлі ў гаспадарцы. У суладдзі з племзаводам «Красная Звезда» Клецкага раёна была закладзена новая лінія чорна-пярэстай пароды, а заатэхнікі І.С. Барыскін і Л.В. Дзянькевіч удастоены высокага звання «Вынаходнік СССР».

Па ініцыятыве наватара і будаўніка  П.П. Богуша былі рэканструяваны, пабудаваны новыя вытворчыя памяшканні, жыллё для працоўных у  Палужжы і Карэлічах. Піліп Піліпавіч быў удастоены гонару быць выбраным у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Я лічу сябе шчаслівым чалавекам. 33 гады адпрацавала заатэхнікам-селекцыянерам, кожны год выконваючы свой план продажу племяннога маладняку на племстанцыі для паляпшэння прадукцыйных якасцей жывёлы рэспублікі і свайго статка. Працавала пад кіраўніцтвам граматных мэтанакіраваных кіраўнікоў, арганізоўвала працу сапраўдных працаўнікоў палёў і ферм. Хочацца ўспомніць і пакланіцца ўсім, хто працаваў поплеч, і тым, хто зараз у няпростых умовах  працуе ў племзаводзе.

У гэтым неспрыяльным для працаўнікоў вёскі годзе дырэктар племзавода С.І. Брынкевіч змог знайсці словы прызнання і сціплую ўзнагароду для ветэранаў працы. Не забыў аб іх укладзе ў сучасны ўзровень развіцця гаспадаркі, што гаворыць аб яго пачуцці доўгу і велічы душы. Ад імя пенсіянераў племзавода выказваю яму словы шчырай удзячнасці і пажаданні высокіх паказчыкаў у вытворчасці, працы, поспеху ва ўсіх пачынаннях, творчай працы калектыву. Здароўя і шчасця ўсім працаўнікам гаспадаркі.

Леаніла ДЗЯНЬКЕВІЧ,

жыхарка г.п. Карэлічы

Фота прадастаўлена Карэліцкім раённым краязнаўчым музеем