В Кореличском районе Неделя детской книги началась с подарков, сюрпризов и сказок

Вачаняты Надзеі Ласоўскай і Улады Клікоцкай свецяцца ад задавальнення: тыдзень дзіцячай кнігі стаў для іх сапраўдным святам. Дзяўчатак запрасілі ў раённую дзіцячую бібліятэку і ўзнагародзілі як лепшых і актыўных чытачак. У яркіх пакунках — навушнікі і цукеркі, у дадатак — дыпломы “Лепшаму чытачу”.

— Будзем есці цукеркі і слухаць аўдыёкнігі, — кажуць задаволеныя чытачкі. І дадаюць, што бібліятэку наведваюць раз на тыдзень і адразу бяруць па некалькі кніг. Надзея любіць вершы, а Улада — прыгодніцкія творы.

— Калі падрыхтоўка ўрокаў закончана, я чытаю гадзіну-дзве, а потым магу паглядзець што-небудзь у смартфоне, — кажа Улада. — Бібліятэку вельмі люблю, летам прыходжу сюды штодзень. Тут правозяцца конкурсы, шмат дзяцей, весела. Так і час хутчэй бяжыць.

Надзея таксама верны сябар раённага храма кніг. Асабліва шмат чытае летам, а калі надвор’е змрочнае, прыходзіць сюды, каб паглядзець на рознакаляровыя кнігі ды стэлажы. Так і на строй адразу паляпшаецца.

Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх расказвае, што ў дзіцячай бібліятэцы ажно 1600 сяброў. І гэта не толькі дзеці, але і бацькі, бабулі і дзядулі, настаўнікі.

— З 29 сакавіка ў бібліятэках раёна стартаваў тыдзень дзіцячай кнігі, — гаворыць кіраўнік бібліятэчнай сістэмы. — Мы падрыхтавалі для дзяцей шмат сюрпрызаў. Кожны дзень мерапрыемствы будуць пачынацца ў 11 гадзін. Адбудуцца Гадзіна патрыятызму да Года народнага яднання, знаёмства з дзіцячымі часопісамі айчынных выдаўцоў. Асабліва эмацыйным будзе Дзень тэатра. Пры нашай бібліятэцы працуе тэатральнае аматарскае аб’яднанне “Васілёк”, дзе разам з бібліятэкарамі ў акцёраў ператвараюцца і нашы маленькія сябры. Кожны дзень будзем узнагароджваць нашых самых актыўных чытачоў.

Нядаўна фонды дзіцячай бібліятэкі папоўніліся навінкамі з серый “Маленькі прафесар” і “Я пазнаю свет”. Вельмі цікавай падаецца кніга “Сімвалы Беларусі”, дзе пра нашы родныя герб, сцяг, бульбу, лён і бусла можна знайсці цікавыя і нечаканыя факты.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара