78-летняя Анна Васильевна Сиротина из Забердова вышивает, чтобы быть счастливой

Сустрэчы з Ганнай Васільеўнай Сіроцінай з вёскі Забердава чакала з нецярпеннем некалькі дзён. Мясцовыя мяне зразумеюць, чаму: такой ладнай рукадзельніцы і адмысловай каравайніцы ў свой час было яшчэ пашукаць!

У шчодра напаленай хатцы Ганны Васільеўны і Івана Іванавіча Сіроціных утульна і светла, пахне блінцамі і зёлкавай гарбатай. Ікона святой Багародзіцы ў чырвоным куце атулена вышытым ручніком. Рукатворныя карціны на сценах акунаюць у духмянае разнатраўе лугоў і садоў, дзе пад промнямі летняга сонейка шчабеча птаства. Ложкі, засцеленыя бялюткімі посцілкамі, на якіх зіхацяць палявыя кветкі і сціпла месцяцца васількі, вяртаюць у вясковае дзяцінства.

— Вышываць я пачала яшчэ ў маленстве, — нетаропка вядзе гутарку майстрыха. — Як не дзіўна, але рукадзеллю навучылася сама: дзе да суседкі збегаю пагляджу, дзе да сяброўкі. А бывае, што ў лес па грыбы ці ягады схаджу, упадабаю што, глядзіш — і новая навалачка на падушку атрымалася. Колькі за ўсё жыццё вышыла посцілак, абрусоў, ручнікоў ды сурвэтак, і не падлічыць.

За размоваю ўспамінае Ганна Васільеўна і сваё дзяцінства. Нялёгкім яно было, пасляваенным. Нарадзілася ў 1943-м на хутары Сёгда. У 1944 годзе тату забралі на фронт, дзе ён і згінуў. Неўзабаве прыйшла пахавальная, што забіты і пахаваны ў Вільнюсе. Маладая ўдава з двума дзецьмі на руках засталася гаспадарыць адна. Жылі ўпрогаладзь, калі пала карова, ратавалі суседзі, па чарзе насілі дзецям малако. Таму пасля васьмігодкі Ганна не паехала вучыцца, а пайшла ў калгас. З 17 гадоў гнула спіну на льняных і жытнёвых палетках. ветлівую і працавітую дзяўчыну ўпадабаў Іван з Міратыч, хутка і вяселле справілі.

— Усё наша жыццё — праца ад світанку да ночы, — кажа гаспадар. — У калгас хадзілі, гаспадарку вялікую трымалі, дзяцей гадавалі, а Ганечка яшчэ і вышываць паспявала. Бывае, цёмна ўжо, а яна ўсё сядзіць, іголка так і мільгае… І не толькі сабе вышывала, але яшчэ і людзям. Прыйдуць, просяць: “Гануля, зрабі…” Як тут не зробіш?

Любіць Ганна Васільеўна ўспамінаць тыя часы, калі да яе кожныя выхадныя ішлі і ехалі бацькі будучых маладажонаў, каб замовіць вясельны каравай. Ішлі не толькі з усёй акругі, нават з Баранавіч і Гродна ехалі! Караваі ў майстрыхі атрымліваліся смачныя, салодкія ды пышныя. Бо чым больш удалыя яны выходзілі, тым больш дружнай, моцнай павінна была стаць новая сям’я.

Відаць, шмат добрага зрабіла людзям Ганна Васільеўна за сваё доўгае і нялёгкае жыццё, бо столькі год жыве душа ў душу са сваім Іванкам ды цешыцца ўнукамі і праўнукамі.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара