Какие тайны хранит Ворончанский некрополь?

Добрага дня, мае сябры! Сёння прапаную працягнуць падарожжа па вёсцы Варонча Карэліцкага раёна, якое пачалі ў мінулай публікацыі (№ 9 ад 3 лютага 2021 года, стар. 8). Запрашаю пазнаёміцца з адным з самых таямнічых і буйных некропаляў не толькі Карэліччыны і Навагрудчыны. Каб можна было скласці рэйтынг падобных месцаў, то Варанчанскія могілкі абавязкова ўвайшлі б у першую рэспубліканскую дзясятку.

Адразу звярну ўвагу, што могілкі знаходзяцца не ў лепшым тэхнічным стане. Ніхто, натуральна, не займаўся іх аднаўленнем. Здзіўляе іншае: якім чынам яны ўвогуле захаваліся да нашага часу, перажылі часы ваеннага ліхалецця, савецкага вандалізму. Магчыма, выратавала Варончу аддаленасць ад буйных дарог і размяшчэнне ўласна пахаванняў на ўскрайку вёскі сярод высачэзных старых дрэў.

Спачатку трапляеш у сучасныя пахаванні. Мястэчка працягвае жыць звычайным жыццём: людзі нараджаюцца і паміраюць. Пасля бачыш драўляную каталіцкую капліцу, якую пабудавалі ў час, калі быў разбураны мясцовы храм-касцёл Святой Ганны. Адразу за ім на вочы трапляе магілка 1943 года, дзе пахаваны астанкі трагічна загінулых апошніх гаспадароў Варончы. Кажуць, выратаваўся толькі адзін хлопчык, сын гаспадароў Антоній Чарноцкі. Сляпы ад нараджэння, пасля пажару ён на каленцах поўзаў па папялішчы і навобмацак збіраў спаленыя косці родных. Што адшукаў, тое і пахавалі жыхары вёскі. Дарэчы, Антоній пражыў доўгае жыццё, стаў вядомым на ўсё наваколле музыкам.
Нарэшце трапляем у сам некропаль. Адно з першых велічных надмагілляў датуецца 1860 годам і належыць Юзэфе Туганоўскай. Гэта траюрадная пляменніца той самай Марылі Верашчакі, якую так кахаў Адам Міцкевіч, і апошняя прадстаўніца славутага роду. На помніку — выява ордэна, які размешчаны ў гонар служэння навуцы (у галіне неўралогіі і псіхіятрыі).

Прыгожыя і велічныя помнікі Яну Цывінскаму, таксама з Верашчакаў, і яшчэ адной Марыі Верашчака-Цывінскай. І вось трапляем да самага велічнага і грандыёзнага тут надмагілля Францішка Верашчакі (на фота). Гэта скульптура Хрыста з’ўляецца зменшанай копіяй скульптуры, якая знаходзіцца на ўваходзе ў фарны касцёл у Гродне (праўда, помнік страціў руку, узнятую да нябёсаў). Побач магіла брата Казіміра, які ўладарыў маёнткамі ў Смольчычах і Сёгдзе Карэліцкага раёна. Самае таямнічае надмагілле — “анёл Варончы”. Гэта ім так захапляўся і маляўніча апісваў Уладзімір Караткевіч. Помнік устаноўлены адзінаму сыну Мержэеўскіх, дзесяцігадоваму Яну, і захаваўся цудоўна. А вось далей пойдзем у наступны раз. Да сустрэчы!

Нэлі МАІСЕЕНКА,
галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама