На заседании рабочей группы в Турце рассмотрели вопрос о безопасности жизнедеятельности жителей района

На пасяджэнні раённай рабочай групы па арганізацыі і каардынацыі дзейнасці назіральных камісій Турэцкага выканаўчага камітэта прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, старшыні сельсаветаў, кіраўнікі раённых службаў, якія ў адказе за жыццядзейнасць людзей. Быў узняты шэраг хвалюючых пытанняў.

Гарэлка ці сям’я?

Бадай, шмат каго ў жыцці хвалюе гэтае пытанне. У адной сям’і п’е бацька, у другой — муж, у трэцяй — сын… Куды горш, калі п’юць разам, а яшчэ горш, калі гэта хаваецца ад іншых. А да бяды, як высвятляецца пазней, адзін крок. Працягнуць бы руку дапамогі своечасова ці паведаміць у адпаведныя службы — і не было б злачынства ў сям’і.

Вось толькі некаторыя імкнуцца не толькі не папярэдзіць бяду, але, наадварот, узбагаціцца на тых, хто жадае неадкладна «паправіць» сваё самаадчуванне. У продаж ідуць спіртаўтрымліваючая вадкасць невядомых вытворцаў альбо самагонка. Толькі пакутуюць ад гэтага ў першую чаргу члены сям’і гора-гаспадара.

Менавіта таму на нарадзе і была выказана прапанова начальніка Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксея Гаўроша аб тым, што трэба працаваць разам і дзяліцца гэтай інфармацыяй з праваахоўнымі органамі.

Што выбраць: гарэлку ці сям’ю? Кожны вырашае сам. У жыцці можна знайсці сабе захапленне, справу для рук, і жыццё будзе не такім азмрочаным.

Агонь горшы за злодзея

У народзе кажуць, што калі злодзей пасля сябе пакідае сцены, то пажар — нічога. Пажар — гэта вялікая бяда для гаспадара, занепакоенасць выклікае і ў работнікаў пажарнай службы.

У 2021 годзе адбыліся пажары па прычыне парушэння правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых устройстваў і агрэгатаў, неасцярожнага абыходжання з агнём. На сходзе першы намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Шуляк гаварыў аб тым, што дзеці прывозяць свае старыя рэчы да бацькоў і захламляюць гарышчы дамоў. Задача для домаўладальнікаў ставіцца сур’ёзная: падтрымліваць дом у належным стане. Пры наведванні члены назіральнай камісіі ўсё дэталёва правяраюць, а ў склад яе абавязкова ўваходзіць прадстаўнік пажарнай службы, які кантралюе стан дымаходаў, печак і г.д.

Чаму ж тады гараць жылыя дамы, кватэры, летнія кухні, гаспадарчыя пабудовы, гаражы?.. Гэта ж маёмасць, якая магла б яшчэ доўга служыць яе гаспадарам. Прычынай пажараў становіцца чалавечая бестурботнасць. Хтосьці курыць у ложку, іншы сушыць рэчы каля печкі або распальвае яе да чырвані.

У полі зроку — чалавек

На нараду былі запрошаны сацыяльна небяспечныя сем’і. Не абыйшлі ўвагай і шматдзетную сям’ю, якой летась удзялялася шмат увагі і аказвалася падтрымка. І гэта не выпадкова: у сям’і падрастаюць трое дзяцей. Сама ж маці на шчырую размову з прадстаўнікамі рабочай групы не ішла. Ад яе патрабавалася няшмат: упусціць у кватэру правяраючых, якія б пракантралявалі ўмовы пражывання дзяцей.

У другой сям’і проста не працуюць… На пасяджэнні было вырашана працаўладкаваць бацькоў у мясцовую гаспадарку — КУСП «Чарняхоўскі-Агра».

Літаральна кожны чалавек знаходзіцца ў полі зроку мясцовай улады. Дзеці не пакінуты, не абдзелены ўвагай састарэлыя — усе, хто мае патрэбу ва ўвазе і падтрымцы, адчуваюць клопат. Для гэтага і праводзяцца пасяджэнні раённай рабочай групы па арганізацыі і каардынацыі дзейнасці назіральных камісій, каб разам вырашыць хвалюючыя пытанні, каб у кругавароце жыцця дапамагчы чалавеку не збіцца з жыццёвай дарогі. Разам гэта магчыма зрабіць — дапамагчы людзям.

Галіна СМАЛЯНКА