По страницам истории: вспоминаем ужасающие события 43-го в кореличской Хатыни

Відаць, аднаго чалавечага жыцця недастаткова, каб такія старонкі хутка сцерліся з памяці. Тым больш, з памяці родных.

Жыхарцы вёскі Лядкі Таісе Іванаўне Бусько цудам удалося застацца жывой у тую студзеньскую крывавую ноч 1943 года, якую ўчынілі фашысцкія забойцы сумесна з паліцаямі над партызанскімі сем ‘ямі.

Я чытаю яе запісы і ў думках пераношуся ў тыя далёкія гады.

Вось што апавядае Таіса Іванаўна:

— Сям’я наша на той час была невялікая: тата з мамай і нас чацвёра дзяцей: Вера, Жэня, Толя і я. Усе жылі дружна і ў згодзе. Тата лічыўся ў вёсцы адукаваным чалавекам: ён закончыў гарадское вучылішча. Вось чаму ў пасляваенныя гады ён быў абраны сакратаром Скорыцкага сельсавета Мірскага раёна.

Усе ў сям’і былі прывучаны да працы. Старэйшая сястра Вера ва ўсім дапамагала маме. Летам ад усходу да заходу сонца працавалі ў полі: аралі, сеялі, убіралі збожжа, пасвілі кароў. Так і жылі да 17 верасня 1939 года.

3 якой радасцю, песнямі, кветкамі сустракалі байцоў Чырвонай Арміі, якія прынеслі нам вызваленне ад буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Людзі зажылі вольна і радасна. Вечарам моладзь арганізоўвала танцы, спявала песні, ставіла спектаклі. Аднак жыць радасна давялося нядоўга.

Бамбёжкай, дымам пажарышчаў ахуталася наша зямля 22 чэрвеня 1941 года. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Са слязамі, сумнымі вачыма глядзелі вяскоўцы на адыход нашых салдат на Усход. Дапамагалі адыходзячым усім, чым маглі. Параненых пакідалі ў сябе: лячылі іх і выходжвалі.

Вясковыя хлопцы збіралі вінтоўкі, гранаты, патроны. Старанна ўсё гэта хавалі ў патаемных месцах. Хутка немцы загадалі ўсім «акружэнцам» (так называлі байцоў Чырвонай Арміі, якія засталіся жыць у вёсках) з’явіцца ў нямецкія камендатуры нібыта для рэгістрацыі. Аднак, хто з’яўляўся туды, больш у вёску не вяртаўся. З’явіўшыхся «для рэгістрацыі» немцы аб’ядноўвалі ў групы і накіроўвалі ў лагеры смерці. Многія салдаты ўцякалі з дарогі і вярталіся назад да сваіх людзей, якія іх выратавалі і далі жыллё. Байцы вечарам пачалі збірацца ў групы, дамаўляцца аб чымсьці. Праз некаторы час яны арганізавана пайшлі з вёскі за Нёман, у лес. Пачынаюць стварацца партызанскія атрады. Іх папаўнялі хлопцы-камсамольцы з нашай вёскі, Пагарэлкі, Новага Сяла, Вялікай і Сіняўскай Слабады, Антанёва, Беражна, Быковіч і іншых. Пайшоў партызаніць і наш Толік. Барацьба партызан супраць праклятых захопнікаў разгарнулася, шырылася. Першы бой партызаны правялі ля вёскі Антанёва, у якую прыехалі карнікі для рабаўніцтва. Партызаны забілі тады памочніка ваеннага каменданта з Мірскага гарнізона. Некалькі разоў партызаны ўрываліся ў гарнізон, які размяшчаўся ў Турцы. Выбілі жухавіцкую паліцыю з вёскі Даўгінава, разграмілі так званую «самаахову» ў вёсцы Лыкавічы.

Не давалі спакою фашыстам і паліцаям партызаны. І сваю злосць захопнікі вырашалі сагнаць на мірных жыхарах, на партызанскіх сем’ях. Але ці толькі злосць была гэта? Гэта была палітыка фашызму. Палітыка вынішчэння цэлых народаў і нацый, якіх гітлераўцы лічылі непаўнацэннымі.

1943 год. Студзень. Вечар перад старым Новым годам. Куцця. Хто ўжо адкуццяваў і спаў, а хто яшчэ і куцяваў. I раптам у хаты ўрываюцца забойцы. Яны мацюкаюцца, загадваюць усім лажыцца на падлогу. Я ляжала на печы. Мама, тата, сястра Вера з маленькім шасцімесячным Сашкам, Жэня ляглі і тут жа пачуліся стрэлы. Мама і Вера былі забіты адразу. Маленькі Сашка вельмі моцна плакаў. Кат стрэліў яму ў галаву. Яго мазгі і кроў так заляпілі бацькаў твар, што ён паказаўся забойцам мёртвым. Сястра Жэня была паранена ў правы бок, але яна прытварылася забітай, не варушылася, не стагнала. Парахавы дым так запоўніў хату, што нічога не было відаць. Фашыст, думаецца, быў старшым, загадаў паліцаям пакінуць хату. Адыходзячы, адзін з паліцаяў моцна вылаяўся, сказаў: «Мы яшчэ вернемся». Як толькі яны выйшлі з хаты, я хуценька злезла з печы і, глянуўшы на бацьку, вельмі спалохалася, таму што ўвесь ён быў у крыві, а твар залеплены нечым. Гэта былі мазгі, мазгі маленькага Сашкі. Я пачала плакаць, і тут пачула загад бацькі: «Перастань плакаць! Лезь пад ложак!» Я, плачучы, не пад ложак, а зноў на печ залезла. Укрылася лахманамі.

Карнікі і сапраўды выканалі сваю пагрозу: яны хутка вярнуліся, каб праверыць, ці ўсе забіты. Пераканаўшыся, што ўсе ляжаць акрываўленыя і не варушацца, пайшлі з хаты.

Першым падняўся бацька. Ен абцёр твар ад крыві ўнука і загадаў мне злазіць з печы і хавацца ў іншым месцы. А ў гэты час заварушылася на падлозе Жэня і падала голас, што яна жывая і толькі паранена ў бок. Тут жа бацька з маёй дапамогай падняў Жэню. Мы адвялі яе ў каморку і схавалі ў ячменнай мякіне, а самі палезлі на гарышча і схаваліся за комінам. Paптам распачалася страляніна. Гэта партызаны вярталіся з баявога задання і вырашылі наведаць нашу вёску. Яны выслалі ў яе разведку, якую абстралялі карнікі. Завязаўся няроўны бой. Якім жа цудам удалося вырвацца з вёскі хлапчуку Федзі Бусько? Ён дабег да партызан і паведаміў ім, што ў вёсцы немцы расстрэльваюць партызанскія сем’і. Партызаны вырашаюць: выбіць забойцаў з вёскі, ратаваць мірных жыхароў.

Як толькі пачалася страляніна, да нас у сені прыбегла суседка Марыя Грышкава і крыкнула: «Хто жывы?» Я адклікнулася з гарышча, а яна загадала: «Хутчэй злазь і бяжы да дзядзькі Рамана!»

Я хуценька спусцілася і ёй паведаміла, што ў кладоўцы схавана сястра Жэня і што яна паранена. Цётка загадала забіраць і сястру. Мы падхапілі Жэню пад рукі і бягом накіраваліся да дзядзькі Рамана. Як толькі ўбеглі ў хату, жонка Рамана Ніна хутка распранула Жэню. Акрываўленую яе вопратку схавала. Рану ў Жэні абмыла, ачысціла ад ячменных асцюкоў, перавязала ручніком. Дала Жэні вопратку сваёй дачкі Нюшы, а мне загадала хавацца ў дровы, у якіх была зроблена схованка.

У гэтым сховішчы я так змерзла, што не стала адчуваць пальцаў на руках і нагах. Калі бой заціх, Нюша прыйшла і запрасіла мяне ў хату. Тут яны пачалі ратаваць мае рук і ногі: расціралі на іх пальцы. Затым мяне пакармілі. Далі кіслай капусты з куском свінога мяса. Праўда, я ела мала, не да яды тады было, аднак той водар капусты памятаю і сёння.

Раніцай я вырашыла наведаць родную хату, у якой думала апрануцца і абуцца цяплей. Аднак мая задумка не здзейснілася. Я глянула ў шыбку акна, якая была незамерзшай, і ўбачыла людзей на вёсцы. Яны чагосьці бегалі, крычалі адзін аднаму, і я вырашыла даведацца, што здарылася. Выйшаўшы з хаты, так і не апрануўшыся цёпла, я даведалася, што з Браносава рухаецца вялікая колькасць немцаў з паліцыяй. Я зноў пабегла да дзядзькі Рамана, каб папярэдзіць, што зноўку ідуць фашысты.

Памятаецца: я прапанавала ўсім уцякаць, аднак дзядзька катэгарычна адмовіўся. Ён спаслаўся на тое, што ў іх малыя дзеці, ды і сястра мая паранена. Куды з імі, ды ў такі мароз? А я рашылася ўцякаць з вёскі. Ужо чуваць былі кулямётныя і аўтаматныя чэргі, калі я выбегла з хаты і накіравалася на Быковічы. Мароз быў вялікі, пачалася снежная завіруха. У такой мітусні я і не адчувала, што ў мяне на нагах толькі адны галёшы. У час бегу яны пачалі звальвацца ў мяне з ног. Я ўзяла іх у рукі, і так, без галёшаў дабегла да вёскі. Толькі тут я крыху супакоілася, уступілася нагамі ў галёшы і прыйшла ў хату да сваякоў. Убачыўшы мяне і ў якім адзенні я да іх завітала ў такую раннюю пару, яны аж ахнулі. Хутка пачалі ратаваць мае ногі: расціралі снегам. Знайшлі цёплую вопратку, у якую апранулі мяне. Ногі абматалі кудзеляй, якую завярнулі анучамі, надзелі галошы, падвязалі іх вяровачкамі, каб не звальваліся.

У такой вопратцы, праўда, абагрэўшыся ў сваякоў, я вярнулася ў родную вёску. Зайшла на свой падворак і здзівілася: усё паадкрывата, раскідана па двары. Лепшае ўсё забрана. Апусцела наша хата.

Бацька ў час рабавання хаваўся ў братавым хляве. Даведаўшыся, што я вярнулася жывая, ён прыйшоў дамоў. Тут мы вырашылі ісці ў Новае Сяло да сваякоў. Зайшлі ў хату да родных. Бацька ўсё ім расказаў, што ўтварылі гады ў нашай вёсцы. Паведаміў ім і аб тым, якім чынам мы засталіся жывымі. Відаць, мы ў «кашулях» нарадзіліся.

Бацька дамовіўся з роднымі аб тым, каб на некаторы час я засталася ў іх пажыць. На гэта яны пагадзіліся, і я засталася ў іх. Бацька вярнуўся дамоў: патрэбна было пахаваць маму, сястру з яе сыночкам. На пахаванні родных не прысутнічала. Нічым не магла дапамагчы тату ў пахаванні, таму што ў мяне моцна пачалі балець ногі. Утварыліся на іх ацёкі, відаць, ад абмарожвання. Ацёкі на нагах доўга не зажывалі. Затым тата расказаў, як адбываліся пахаванні расстраляных аднавяскоўцаў. Хавалі забітых не ў адзін дзень: хто калі змог. У пахаванні прымалі ўдзел сваякі, суседзі. Збівалі з дошак скрынкі, нават клалі ў іх па некалькі нябожчыкаў і адвозілі ў санях на могілкі.

Параненую сястру Жэню тата ўладкаваў жыць у сваякоў у вёсцы Вялетава, якая знаходзілася непадалёку ад Вялікай Слабады. У гэтай вёсцы жыў фельчар Аляксандр Карп. Ён пагадзіўся лячыць сястру, каб ніхто не ведаў.

Хутка маіх аднавяскоўцаў напаткала новая бяда: 16 лютага фашысты спалілі нашу вёску. Тут ужо фашысты не дзялілі хаты на партызанскія і непартызанскія, а палілі ўсе запар. Пасля пажару людзям давялося пераабсталёўваць тое, што не згарэла, пад жыллё. Людзі капалі зямлянкі, прыстасоўвалі скляпы для жылля. У нас таксама быў невялікі склеп. У ім бацька змайстраваў невялікую грубку, якую абагравалі тымі асмалкамі, што засталіся на пажарышчы. У такім «жылым памяшканні» мы з бацькам і перазімавалі, і дачакаліся цёплай вясны…

 

Па матэрыялах газеты «Полымя».