Председатель Райцевского сельсовета Валерий Бобко: «У деревенских людей жив дух сплоченности»

Праца кіраўнікоў сельскіх Саветаў звязана з урэгуляваннем праблем насельніцтва. Сельсаветы разам з органамі выканаўчай улады аказваюць уплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, а галоўнае — вырашаюць канкрэтныя пытанні грамадзян. Пра гэта і многае іншае распавядае старшыня Райцаўскага сельскага Савета Валерый Бабко.

— Валерый Фёдаравіч, каб пазначыць маштабы дзейнасці, раскажыце, на колькіх гектарах размешчаны сельсавет і якія населеныя пункты ўваходзяць у яго склад. 

— Райцаўскі сельскі Савет размешчаны на 13 тысячах гектараў. Працягласць паміж крайнімі населенымі пунктамі складае 30 кіламетраў. Налічваецца 30 населеных пунктаў. На жаль, 2 населеныя пункты ўвогуле не маюць жыхароў. Гэта хутар Галінова і вёска Трасейкі. На карце сельсавета існуе 15 вёсак, у кожнай з якіх жыве менш за 20 чалавек. Напрыклад, у Цінявічах засталося толькі 2 жыхары. Асноўная частка насельніцтва жыве ў трох вёсках: Райца, Варонча, Міратычы.

— Колькі чалавек пражывае на тэрыторыі сельскага савета? 

— Налічваецца 1471 чалавек, з іх 167 дзяцей, 780 працаздольных, 524 пенсіянера. Насельніцтва Райцы патроху, але павялічваецца. У бягучым годзе насельніцтва гэтага аграгарадка вырасла на 13 чалавек. Так адбываецца дзякуючы таму, што СВК «Свіцязянка-2003» будуе жыллё, і гэта прыцягвае маладыя сем’і з дзецьмі.

— З якімі пытаннямі людзі часцей за ўсё звяртаюцца ў сельскі Савет?

— Часцей за ўсё прыходзіцца сутыкацца з такімі пытаннямі, як выдзяленне зямельных участкаў, уступленне ў спадчыну. На кантролі сельскага Савета знаходзіцца вулічнае асвятленне. У 2020 годзе на функцыянаванне вулічнага асвятлення выдаткавана 26 тысяч рублёў, у тым ліку 4,5 тысячы рублёў на замену лямпаў. Замена адбываецца штомесяц, таму што населеных пунктаў досыць шмат. Часцей за ўсё людзей хвалюе стан дарог. Так, неабходна асфальтаванне ўчастка дарогі Рамейкі — Варонча, па якім актыўна рухаецца сельскагаспадарчая тэхніка. Набалелае пытанне — гэта вуліцы аграгарадкоў, якія не маюць балансавай прыналежнасці. Гэта праблема не толькі нашага сельсавета і раёна, але і вобласці ў цэлым. У прыватнасці, паступалі неаднаразовыя звароты па стане дарогі, якая вядзе да Райцаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. У Варончы неабходна прывесці ў парадак вуліцы Зарэчную, Завадскую, але праблема ў тым, што гэтыя вуліцы пакуль што «нічые». Клопат аб такіх дарожных артэрыях бярэ на сябе сельгаскааператыў.

— Стан могілак часта выклікае заклапочанасць у вяскоўцаў: то аварыйныя дрэвы неабходна спілаваць, то своечасова абкасіць. Як спраўляецеся з гэтым? 

— На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 12 могілак, 2 з якіх стаяць на балансе РУП ЖКГ. У апошні час сутыкнуліся з такой праблемай, што пагосты не маюць праваўстанаўліваючых дакументаў. Выходзіць, каб заняцца спілоўкай аварыйных дрэў і фінансаваннем гэтых работ, неабходна вырабіць дакументы на зямлю. У мінулым годзе вырабілі пакет дакументаў на двое могілак. У выніку на могілках у Плужынах спілавалі 25 дрэў і 7 у Міратычах.

У 2019 годзе ў Равінах з дапамогай Карэліцкага раёна электрасетак выдалілі каля 50 дрэў.

 — Якія прадпрыемствы і арганізацыі ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі сельскага савета? 

— Гэта СВК «Свіцязянка-2003», Міратыцкае лясніцтва, ТАА «Райца», якое вырабляе солад, Варанчанскі спіртзавод, дзе выпускаюць жытні солад, шклоамывальныя і дэзінфікуючыя вадкасці, у Раманах функцыянуе піларама. Дзейнічаюць Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, у Райцы і ў Варончы — клубы і бібліятэкі, паштовыя аддзяленні і адно банкаўскае. Маецца тры стацыянарных крамы ў Райцы, Варончы і Міратычах. Астатнія вёскі тройчы на тыдзень аб’язджаюць аўталаўкі. Варанчанскі ФАП абслугоўвае Варончу і прылеглыя вёскі. У Райцы дзейнічаюць амбулаторыя і аптэка.

— Якая работа праводзіцца з пустуючымі дамамі? 

— Безумоўна, пустуючае і трухлявае жыллё псуе знешні выгляд населеных пунктаў. Такія дамы даводзіцца зносіць. За апошнія 10 гадоў мы пазбавіліся ад 40 такіх будынкаў. У мінулым годзе ў вёсцы Дуброва мы вызвалілі тры ўчасткі ад нежылых дамоў. У выніку сельгаспрадпрыемства ўзяло ў севазварот каля гектара зямлі. На гэтыя работы сельскі Савет выдаткаваў тры тысячы рублёў. У вёсках Міратычы і Ятвезь, якія знаходзяцца недалёка ад возера Свіцязь, пакінутых дамоў няма. Іх альбо афармляюць у спадчыну і выкарыстоўваюць пад дачы, альбо прадаюць. Нядаўна ў Ятвезі пабудавалі 2 новых дыхтоўных дома. У Міратычах зараз афармляецца пустуючы ўчастак. У вёсках Раманы і Мінакі купляюць дачы жыхары горада Баранавічы. Прыемна, што ў апошні час з’яўляецца больш маладых пакупнікоў.

— Якая работа праводзіцца па добраўпарадкаванні помнікаў і абеліскаў у памяць пра ахвяр Вялікай Айчыннай вайны? 

— Такія памятныя месцы ёсць у Ятвезі, Варончы, Райцы, Забердаве. Гэтыя аб’екты знаходзяцца на балансе СВК, які і выдзяляе фінансаванне. Сельскі Савет праводзіць арганізацыйныя мерапрыемствы. Кожны год напярэдадні Дня Перамогі праводзіцца неабходны рамонт, прыбіраецца тэрыторыя, высаджваюцца кветкі.

— Ці дапамагаюць старасты вёсак вырашаць надзённыя праблемы жыхароў?

— Безумоўна. Хацелася б адзначыць працу Марыі Міхайлаўны Барысевіч з вёскі Саленікі, Феафаніі Аляксандраўны Калеснік са Шчонава, Браніслава Генадзьевіча Бузука з Ятвезі. У свой час гэтыя людзі працавалі брыгадзірамі ў калгасе, і арганізатарскія здольнасці дапамагаюць ім вырашаць праблемы аднавяскоўцаў да гэтага часу.

— Ці жыве ў вяскоўцаў дух згуртаванасці? 

— Вядома, напярэдадні вялікіх царкоўных святаў людзі збіраюцца і праводзяць суботнікі. Часцей за ўсё гэта робяць жыхары невялікіх вёсак. Лічу, што ў вёсцы людзі больш згуртаваныя, чым у горадзе. Яны ў цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады падтрымлівалі адзін аднаго і цяпер жывуць дружна. Узяць да прыкладу Варанчанскія могілкі, дзе на ўязной браме размешчаны каталіцкі і праваслаўны крыжы, а каталікі і праваслаўныя спачываюць побач. Лічу, нам няма чаго дзяліць.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара