У маленькой Ворончи большое наследие

Дарагія сябры, вітаю вас! Сёння запрашаю працягнуць вандроўку ў маленькую, але з багатым мінулым вёску Варонча.

У мінулы раз мы спыніліся на Варанчанскіх могілках, дзе захаваліся старажытныя помнікі-надмагіллі, частка якіх выраблена майстрамі Віленскай архітэктурнай школы XIX стагоддзя.

Зараз прапаную звярнуць увагу на незвычайны для таго перыяду помнік, выкананы ў гатычным стылі. Гэта пахаванне дачкі хроснага бацькі Адама Міцкевіча мазырскага суддзі Адама Абуховіча, Ганны Каменскай з роду Абуховічаў, у гонар якога Вялікі пясняр атрымаў сваё імя.

На мясцовых могілках пахаваны прадстаўнікі слаўнага літоўскага роду герба “Трубы” (ён, дарэчы, уключаў у сябе ажно 186 радоў!) Гартэнзія і Канстанцін Войны, уладары маёнтка Міратычы, што на беразе Свіцязі.

Побач знайшла сабе вечны прытулак іх дачка Ядзвіга. Яна была замужам за Янам Абламовічам, што з Малых Жухавіч. Па сведчанні сучаснікаў, гэта быў той яшчэ гуляка і прапойца, таму Ядзвіга пасля разводу жыла ў бацькоўскім маёнтку. Былы муж выкарыстаў правы на частку маёмасці жонкі і прадаў Свіцязянскі бераг. А пані Ядзвіга ад гора і перажыванняў страціла розум.

Зусім недалёка знаходзяцца пахаванні прадстаўнікоў роду Чачотаў, якія ўладарылі вялікай колькасцю маёнткаў і фальваркаў на Карэліччыне і Наваградчыне. Вядомы паэт-філамат Ян Чачот якраз выхадзец з іх.

Самае старэйшае пахаванне тут датуецца 1845 годам і належыць пяцігадоваму хлопчыку Эразму Булгаку. Недалёка пахаваны іншыя прадстаўнікі вядомага роду Булгакаў.
Шмат яшчэ незвычайных помнікаў, цікавых жыццёвых гісторый і вядомых прозвішчаў захоўвае гісторыя Варончы. Але з цягам часу прыгажосць разбураецца. Ці пакінем мы хоць кроплю на ўспамін наступнаму пакаленню?

Нэлі МАІСЕЕНКА,
галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц