Встретили весну. Масленица с размахом прошла в Кореличах (фоторепортаж)

6 сакавіка, у суботу, галоўная плошча райцэнтра ператварылася для карэліччан у сапраўднае свята. Тут праводзілі зіму і сустрэлі вясну. Менавіта гэтая пара года дорыць добры настрой і ўзлёт думак, з’яўляюцца новыя мары.

З імправізаванай сцэны даносіцца музыка. Уладараць Зіма і Вясна, казачныя персанажы — у іх выканаўцаў гэта цудоўна атрымліваецца.  Навокал кіпіць свята, светлае і сонечнае, як веснавы дзень. Гарэзлівы вецярок не псуе святочнага настрою, навокал адчуваецца гасціннасць.

Вочы разбягаюцца ад сюрпрызаў  —іх падрыхтавалі работнікі культуры раёна. Аддзел рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага Дома рамёстваў

радуе сувенірамі, падарункамі да 8 Сакавіка, новымі глінянымі падсвечнікамі і падстаўкамі пад смартфоны, ільнянымі сумкамі, упрыгожваннямі для дзяўчынак. Супрацоўнікі Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў зрабілі фотазону «Вароты шчасця» і масленічную, на якой ёсць  бліны, варэнне, гарбата, абаранкі. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей прапаноўвае лялек-зернявушак, у сярэдзіне якіх зерне, а Карэліцкі маладзёжны цэнтр — вясёлыя конкурсы.

Сімвал свята — бліны. Іх прапаноўваюць работнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі з мёдам, тварагом, варэннем, грыбамі, смятанай.

Прадстаўляюць сваю прадукцыю і работнікі Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Тут жа, на свяце, выпякаюцца і бліны, якія маюць добры попыт у гасцей. Загадчыца буфета аўтастанцыі Станіслава Вадап’ян дзеліцца рэцэптам: «Малако, яйка, соль, цукар размешваю і ўзбіваю, затым дабаўляю муку, даводжу да аднароднай».

Завіталі на свята і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. «Кожны ўдзельнік свята можа пасядзець у пажарнай машыне, каб адчуць сябе сапраўдным выратавальнікам. З дзецьмі пагуляе і Воўк з мультфільма «Волшебная книга». Прапаноўваем наглядную выяўленчую прадукцыю, праводзім віктарыны і конкурсы», — дзеляцца выратавальнікі.

Свята радуе сваімі сюрпрызамі. Калі на сцэне па-ранейшаму прадаўжае кіпець казачнае жыццё, дзе погляд радуе прыход Вясны-Красны з вяснянкамі, Масленіцы, тэатральныя замалёўкі, то і на самой плошчы цікава і захапляюча. Тут праводзяцца традыцыйныя беларускія гульні, конкурсы, забавы, і дзеці ў іх ахвотна ўдзельнічаюць. Да прыкладу, «Збі збан» ці «Кіданне валёнка», на першы погляд, здаецца  простым, але аказваецца, каб перамагчы, трэба вельмі пастарацца.

Чаго чакаем ад свята? Цудоўнай музыкі і добрых слоў — іх удосталь прагучала ў гэты дзень. І, вядома, цуда: можна было паспрабаваць удачу ў бяспройгрышнай латарэі. І дабрыні людскіх сэрцаў: тут частавалі апетытнай грачанай кашай…

Для мяне свята — гэта зносіны з людзьмі, новыя знаёмствы, цікавыя звесткі, водгукі ўдзельнікаў на падзею, таму папрасіла іх падзяліцца сваімі меркаваннямі.

Лідзія ШЭЎКА,

старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў:

— Масленіца, як і вясна, прыносяць добры настрой, а сёння і сонечнае надвор’е. Святы патрэбны, каб аб’ядноўваць людзей, каб пагутарыць паміж сабою па душах, і, безумоўна, добра павесяліцца. Усім жадаю моцнага здароўя, веснавага настрою, актыўнага ладу жыцця, мірнага неба. Няхай сёлетняя вясна прынясе кожнаму дому шмат шчасця і з’явяцца новыя мары.

Ганна КОЗЕЛ,

жыхарка г.п. Карэлічы:

— Кожны раз прыходжу на раённыя святы. Вельмі рада, што іх ізноў пачалі ладзіць, і пачалі з Масленіцы, калі Зіма сустракаецца з Вясною. Значыць, у прыродзе адбываюцца змены, а ў душу чалавека ўсяляецца цудоўны настрой. І гэта дзякуючы мастацкім калектывам раёна. Жадаю ўсім арганізатарам свята натхнення, і няхай яны прымаюць удзячнасць ад нас, аматараў святочных мерапрыемстваў.

Валянціна СТРУК,

ветэран працы работнікаў культуры:

— Вельмі добра, што дачакаліся вясны, перажылі пандэмію, і надышлі святы. Культура заўсёды дапамагае людзям з упэўненасцю глядзець у будучыню і верыць у лепшае, а таксама выйсці са складанай сітуацыі. Акрамя таго, для мяне радасць, што добрыя традыцыі, якія мы з калегамі пачыналі ў 90-х гадах ХХ стагоддзя, працягваюцца і прыносяць людзям радасць. Жадаю, каб наша краіна квітнела, каб на зямлі былі мір і спакой, каб людзі жылі ў любові і згодзе, а дабрабыт мацавалі працай.

Вераніка НОСАВА,

жыхарка райцэнтра:

— Усёй сям’ёй, разам з мужам Юрыем і сынам Акімам, прыйшлі на свята. Арганізавалі добрае мерапрыемства, шмат конкурсаў для дзяцей. Латарэя, у якой можна выйграць вырабы з саломкі і іншыя нацыянальныя сімвалы. На свяце пякуць смачныя бліны, і што немалаважна: пануе сапраўды святочная атмасфера. Адным словам, вельмі добры адпачынак для сям’і ў выхадны дзень. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці яго арганізатарам.

Галина СМОЛЯНКО

Фото Инны ЛЕЙКО