За время действия проекта «Мир — здоровый поселок» удалось добиться 100% диспансеризации и снизить инвалидизацию с 10% до 5

У 2020 годзе ў г.п. Мір знізілася інвалідызацыя насельніцтва з 10% да 5. Удалося дабіцца 100% дыспансерызацыі насельніцтва. Пра гэта паведаміў галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Германюк на пасяджэнні ініцыятыўнага камітэта па рэалізацыі праекта «Мір — здаровы пасёлак».

Прафілактычны праект «Мір — здаровы пасёлак» рэалізуецца з ліпеня 2019 года. Ён закліканы прывесці да паляпшэння фізічнага, псіхалагічнага, сацыяльнага і экалагічнага дабрабыту людзей, якія жывуць у пасёлку.

Як адзначыў Аляксандр Германюк, з насельніцтвам праводзіцца актыўная растлумачальная работа аб вядзенні здаровага ладу жыцця, негатыўных наступствах шкодных звычак, няправільнага харчавання і малаактыўнага ладу жыцця. Асаблівая ўвага надаецца маладому пакаленню. Ва ўстановах адукацыі ўкаранёна камп’ютэрная праграма «Меню», якая дазваляе граматна арганізаваць харчаванне дзяцей. Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі праходзяць паэтапныя рамонт памяшканняў і абнаўленне мэблі, рэканструкцыя сістэм асвятлення. Таксама для навучэнцаў школы і дзіцячага садка ў Міры адбыўся і працягваецца шэраг спартыўных акцый. Для пажылых міран арганізаваны «санаторый на даму», калі спецыялісты прыходзяць да пенсіянераў прама дадому і аказваюць рознага роду дапамогу, ад аздараўленчых працэдур да псіхалагічнай дапамогі. Ёсць магчымасць заняцца і скандынаўскай хадой.

Аляксандр Германюк падкрэсліў, што намаганняў адных толькі спецыялістаў недастаткова, галоўнае, каб людзі самі клапаціліся пра сваё здароўе. Асабліва гэта тычыцца моцнай паловы грамадства, якая ў сярэднім жыве на 10 гадоў менш, чым жанчыны.

— У г.п. Мір пражывае 1207 жанчын і 1087 мужчын, — адзначыў галоўны санітарны ўрач раёна. — Ва ўзросце да 50 гадоў у агульнай колькасці насельніцтва пераважаюць мужчыны, а ўжо ва ўзросце ад 50 да 80 — жанчыны. Жанчын старэйшых за 80 гадоў у 4 разы больш, чым мужчын. Гэта звязана ў першую чаргу з ладам жыцця і стаўленнем да шкодных звычак.

Прычынай смерці жыхароў Міра ў працаздольным узросце з’яўляюцца хваробы сістэмы кровазвароту і новаўтварэнні. Людзям трэба штогод праходзіць мінімальны медыцынскі агляд і выконваць рэкамендацыі свайго ўрача. Адзначалася, што калі ў 2019 годзе медыцынскі агляд прайшло толькі 75% жыхароў пасёлка, то ў 2020 годзе — ужо 100. Палепшылася сітуацыя з інвалідызацыяй. У 2020 годзе першасную агульную інваліднасць атрымала 11 чалавек, тады як у 2019 годзе — 21.

Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан падкрэсліў, што з пачатку пандэміі ў Міры не зарэгістравана ніводнай успышкі каранавіруса, і гэта заслуга спецыялістаў на месцах, якія выконвалі неабходныя прадпісанні.

Абмеркавалі на пасяджэнні магчымасць вызначыць цэнтральную плошчу пасёлка зонай, свабоднай ад палення. Добры прыклад дэманструе замкавы комплекс «Мір», на тэрыторыі якога паліць можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах.

Айцец Фёдар Лукашэвіч, настаяцель Свята-Троіцкага храма, выступіў з ініцыятывай абсталяваць на тэрыторыі Мірскага сельсавета купель, дзе людзі змаглі б набіраць ваду для ўжывання ў ежу, а на Вадохрышча — акунацца. На тэрыторыі сельсавета ёсць чатыры крыніцы з прыдатнай для піцця вадой.

Прапрацоўваецца пытанне  абсталявання спартыўнай пляцоўкі ў Міры.

На першую дэкаду красавіка запланаваны Дні здароўя, якія пройдуць у Міры і Карэлічах. Усе ўдзельнікі акцыі змогуць памераць узровень цукру ў крыві, артэрыяльны ціск, зрабіць электракардыяграму. Будзе арганізавана дэгустацыя вітамінных комплексаў і фітагарбаты.

 

Іна ЛЕЙКА