Жители деревни Новое Село вспоминают события Великой Отечественной войны

Ірына Іванаўна Седачова (Кеда): 

— Калі пачалася вайна, мне было 7 гадоў. Нас у сям’і было 5 дзяцей. Раніцай таго дня (14 ліпеня 1943 г. — заўв. Рэд.) усе жыхары вёскі, у асноўным жанчыны і дзеці, былі на хутары Карніцкага, потым сюды прыйшлі немцы, і нас усіх выгналі на вуліцу, а я спалохалася і схавалася ў двары за бярвенне. Немцы пагналі народ назад у вёску. Я выйшла са схованкі, і гаспадыня мне сказала, што ўсіх пагналі ў вёску і каб я ішла за імі. Я ўсю дарогу ішла за імі, іх гналі па дарозе, а я ішла следам. Зайшла ў вёску. Убачыла натоўп жанчын і дзяцей, яны плакалі і крычалі. Я зноў спалохалася і схавалася ў салому. Іх пагналі на край вёскі. Я чула стральбу з аўтаматаў і дзікія крыкі. Людзей сагналі ў хату і падпалілі. Стаяў дым і з’едлівы пах, было вельмі цяжка дыхаць. Так я праляжала каля трох дзён. Неяк раніцай  я пачула плач жанчыны, выйшла да яе. Яна мяне спытала, адкуль я ўзялася, і я ёй усё расказала. Яна мне і сказала, што ўсіх спалілі, і маю маму таксама. Потым у вёску прыйшлі мужчыны, у тым ліку і мой бацька. Бацька ўзяў мяне, і мы пабеглі хавацца, бо ў вёску зноў ехалі немцы. Бацьку забралі ў войска, а я засталася жыць у цёткі, мамінай сястры. Бацька загінуў. У цёткі было 6 сваіх дзяцей, ды я са старэйшым братам, жыць было цяжка. Цётка аддала мяне ў дзіцячы дом, потым была школа фабрычна-заводскага навучання, а ў 1952 г. я прыехала ў Карэлію…

Ганна Іосіфаўна Штыцько:

— 96 дзяцей спалілі і расстралялі азвярэлыя фашысты, у якіх не было жалю нават да немаўлят. Дванаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак, маіх аднагодкаў, загінулі ў страшных пакутах у агні. Дванаццаць чалавек — гэта цэлы клас. Яны ўсе марылі вучыцца, па-дзіцячаму марылі быць урачамі і настаўнікамі, татамі і мамамі…

Кеда Іван, якому ў той час было толькі сем гадоў, таксама хацеў жыць, і калі карнікі загналі 75 чалавек у гумно Карніцкага для расправы, Ваня сваімі маленькімі ручкамі адсунуў камяні фундамента і вылез на вуліцу. Але ён думаў не толькі пра сябе, а і пра астатніх. Таму паклікаў маму і папрасіў вылазіць і ўсіх астатніх, а сам пабег да жыта, якое расло за гумном. Але эсэсавец пачуў гэта, дагнаў яго на кані і застрэліў. Яго знайшлі пазней мёртвым з гумовым мячыкам у руцэ.

Вольга Дзмітрыеўна Кеда:

— Наша вёска, як і ўсе, жыла спакойна. Клапаціліся пра сем’і, гаспадарку. І вось каварны вораг парушыў мірнае жыццё. З намі па-суседску жыла сям’я Івана Марцінавіча Сініцы. Гэта была яшчэ маладая сям’я. Недзе гадоў каля васьмі ў іх не было дзяцей, і вось у страшным 1943 годзе, за адзін месяц да трагедыі, у іх нарадзілася дзяўчынка. Колькі было радасці, не расказаць.

Неяк тата носіць яе на руках, а я ў сваім двары назіраю. Заўважыўшы гэта, ён пытае: «Чаму вы так глядзіце?», а я адказваю: «Вельмі радасна на вас глядзець». Гэта было за некалькі дзён да расправы над мірнымі жыхарамі.

Калі Іван Марцінавіч вярнуўся з лесу, то знайшоў маленькую шапачку свайго немаўляці, якую выкінула яе мама, каб людзі ведалі, што яны згарэлі ў агні. У спісах спаленых гэтая дзяўчынка значыцца без імені, бо не была яшчэ ахрышчанай.

Таіса Уладзіміраўна Гінак:

— Да вайны ў нашай сям’і было 10 дзяцей. Старэйшыя павыходзілі замуж яшчэ да вайны, а мне ў 1943 годзе было 17 гадоў. У той страшны дзень у агні загінулі тры мае сястры. У старэйшай Ганны было чацвёра дзяцей, у Вольгі двое. Самым меншым з іх дзетак было чатыры і два гады. Уцячы з маленькімі дзецьмі яны не маглі і загінулі, магчыма, для таго, каб такі страшны лёс не напаткаў іншых”.

Марыя Фамінічна Сініца, якая адна засталася з тых, хто быў спалены ў хаце Лаўрэнція Непагоды:

— У той страшны дзень фашысты гналі людзей  з хутара Карніцкага ў Новае Сяло для зверскай расправы. З імі была і дзесяцігадовая  Іра Кеда. Яна ішла крыху далей ад натоўпу, па абочыне. На дзіця ніхто не звяртаў увагі. І ўжо падыходзячы да вёскі, яна схавалася ў баразне бульбы і дапаўзла да дома сваёй цёткі, якая жыла насупраць таго страшнага дома Лаўрэнція Непагоды. Дзяўчына схавалася ў саломе і чула крыкі і плач людзей. Там яна праляжала да наступнага дня, дзе і знайшоў яе бацька, калі прыйшоў у вёску паглядзець, ці не застаўся хто жывы.

Іван Міронавіч Стасянюк, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны:

— Да вайны я быў жыхаром Новага Сяла. Была ў мяне жонка Валянціна і двое дзяцей, сын Віктар і дачка Анечка, 1942 і 1943 года нараджэння. Жылі мы дружна, радаваліся нашым дзеткам, і вось у ліпені 1943 года адбылася страшная трагедыя. У агні згарэла ўся мая сям’я. Калі я вярнуўся з фронту, то не было куды прытуліцца. Так я апынуўся ў Вялікай Слабадзе.

 

Па матэрыялах кнігі «Памяць. Карэліцкі раён» (Мінск «Ураджай» 2000) і раённай газеты «Полымя»