11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей. Родные сестры Ольга Чичкан и Антонина Бондарь вспоминают немецкий плен

Дзяцінства родных сясцёр Вольгі Чычкан і Антаніны Бондар чорным крылом закранула вайна. Восем месяцаў дзяўчынкі разам з роднымі былі ў нямецкім палоне.

Вольга Іванаўна і Антаніна Іванаўна сустрэліся на ганку хаты ў Новых Руткавічах, расцалаваліся. Бачацца цяпер нячаста: Антаніна Іванаўна жыве ў Палужжы, не находзішся, але тэлефануюць адна другой амаль кожны дзень. Жанчыны садзяцца побач на канапе і пачынаюць успамінаць. Дакладней расказвае Вольга Іванаўна, якой у 1944-м было 6. Тоні споўнілася тры, пра нямецкі палон яна ведае толькі з расказаў старэйшых. А вось у памяці Вольгі Іванаўны вайна сядзіць аскепкам і часта вярэдзіць душу.

— Мы жылі ў Сэрвачы, мама, тата і нас чацвёра. Зямлі было з 12 гектараў, гаспадарку трымалі. Мама была партніха ад Бога. Яшчэ падлеткам навучылася шыць, дык ёй з усёй акругі насілі шыць. Тата быў добры сталяр, шмат што ўмеў. Тады людзі шмат што ўмелі рабіць, бо з гэтага жылі. Калі ў вёску прыходзілі немцы, мы хаваліся ў зямлянку, якую выкапаў тата. Памятаю, як мы туды беглі. У ліпені 44-га немцы і паліцаі прыйшлі ў вёску і загадалі збірацца. Навошта і куды, мы не ведалі. Памятаю, у той дзень мама якраз жала хлеб, але прыйшлося ўсё кінуць. Усіх вяскоўцаў, акрамя сем’яў паліцаяў, пагналі па дарозе. Памятаю, была вельмі доўгая чарада людзей. З Навагрудка нас везлі ў вагонах, як тую скаціну, без вокнаў, амаль без паветра. У Германіі адразу пагналі ў лазню. Потым мама расказвала, што фашысты адбіралі ў мацярок груднічкоў і кідалі ў печы. Маўляў, немаўляты будуць замінаць жанчынам працаваць на вялікую Германію. Спачатку нас пасялілі ў вялікім бараку. Мама, тата, сястра Варачка і брат Валодзя хадзілі капаць супрацьтанкавыя акопы, а мы з Тоняй ляжалі на саломе, чакалі сваіх. Усяго нацярпеліся: і голаду, і холаду. Так пражылі 4 месяцы. Потым у лагер прыехалі фермеры, якія пачалі выбіраць рабочую сілу для сваіх хутароў. Нас забрала пані Вохман, у якой была вялікая гаспадарка на хутары Зудрэст. Мама даіла кароў, а тата чысціў хлявы, карміў і паіў скаціну. Там нам жылося крыху лягчэй: немка дазваляла ўзяць крыху малака.

У лютым 1945 года пасля вызвалення сям’я Гомза, як і тысячы другіх, вярнулася ў Беларусь. Па дарозе Марыя Рыгораўна нарадзіла дачушку Леначку. Прыехалі — і сэрцы зайшліся: хата была разрабавана, без вокнаў   і дзвярэй. Спачатку туліліся ў родных, потым, крыху абжыўшыся, перайшлі на роднае селішча. Цяжка было жанчыне з пяццю дзецьмі на руках: мужа Івана Іванавіча забралі на фронт. Ён дайшоў да Берліна, потым трапіў у Маньчжурыю, вярнуўся толькі ў студзені 1946 года.

Вольга Іванаўна ўспамінала, што хадзіла пасвіць суседскіх кароў. З сабой ёй давалі хлеба і малака. Але дзяўчынка з’ядала трошкі, астатняе несла дадому, бо трэба было карміць маленькую Леначку.

— Як мы выжылі, не знаю, — уздыхае Вольга Іванаўна. — Але неяк агоралі. Усе вывучыліся, пайшлі працаваць, з’явіліся сем’і. Я ўсё жыццё працавала даяркай і звеннявой у калгасе імя Калініна, маю шмат узнагарод. Медалі “За працоўную адзнаку”, “Пераможца спаборніцтва”, “Ударнік пяцігодкі”. Галоўнае ж багацце — гэта мае чацвёра дзяцей, 8 унукаў і 7 праўнукаў, якім заўсёды гавару, што найдаражэйшае ў свеце — мірнае неба над галавой.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і з сямейнага архіва гераінь