Идеологи района обсудили сохранение исторической памяти о победе советского народа в Великой Отечественной войне

У актавай зале аддзела культуры і вольнага часу «Карэліцкі маладзёжны Цэнтр культуры» ідэолагі раёна сабраліся на чарговыя заняткі. Падчас семінара-вучобы яны разгледзелі шэраг пытанняў, якія з’яўляюцца важнымі на сучасным этапе.

Нарада прайшла пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іны Санчук.

«Захаванне гістарычнай памяці ў перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне» — асноўная тэма. Сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Беленава расказала аб канцлагерах на тэрыторыі Беларусі і аб падзеях ваеннага часу на тэрыторыі Карэліцкага раёна. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на важнасці патрыятычнага выхавання моладзі. У якасці прыкладу нагадала пра юнакоў і дзяўчат савецкага часу, якія ездзілі за рамантыкай на камсамольскія будоўлі, ахвяравалі асабістым дзеля дабрабыту Айчыны і шчасця іншых.

«Мы працуем з рознымі крыніцамі, і кожны трактуе падзеі ваеннага часу па-свойму. Самае галоўнае — не дапусціць вайны дзеля будучыні і дзяцей, і каб заўсёды быў мір на зямлі», — зазначыла Іна Санчук і заклікала ідэолагаў раёна да навядзення парадку на ваенных пахаваннях.

Актуальнымі аказаліся і дадатковыя тэмы. Тэму пажарнай бяспекі ўзняў у сваім выступленні намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Анатолій Шолк. Прамоўца гаварыў аб простых ісцінах, якіх трэба прытрымлівацца ў жыцці і быце, бо колькасць пажараў у раёне павялічваецца з кожным днём. Па-першае, не трэба курыць у ложку, па-другое, выконваць правілы пры спальванні смецця на прыдамавых тэрыторыях, па-трэцяе, утрымліваць печы ў належным стане, па-чацвёртае, набываць пажарныя апавяшчальнікі — і заўсёды быць пільнымі і прадбачлівымі. Падчас жа пажараў тэлефанаваць па 101 альбо 112.

Аб мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў паведаміў старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Іван Ганікевіч. Як адзначыў прамоўца, да ўжывання забароненых прэпаратаў схільныя людзі, якія нідзе не працуюць і шукаюць у наркотыках аддушыну. Калі з навучэнцамі ліцэя і каледжа пэўная гутарка ў гэтым накірунку праводзіцца, то працуючых было рэкамендавана інфармаваць праз матэрыялы на дадатковых стэндах. Што датычыць дзяцей, то трэба звяртаць увагу на тое, якімі чатамі яны карыстаюцца ў сацыяльных сетках. Нярэдка за прапановай папрацаваць паштальёнам можа паступіць іншая: быць распаўсюджвальнікам наркотыкаў.

Галоўная медыцынская сястра УАЗ «Карэліцкая ЦРБ», адказная за ідэалагічную работу ўстановы, Ганна Радзецкая заклікала прысутных да вакцынацыі супраць COVID-19, якая набірае большы размах і мае важнасць на сучасным этапе.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ