Ликвидатор аварии на ЧАЭС из Кореличей Валерий Адерейко: «В Чернобыле работали на совесть, ведь мы рисковали ради будущего наших детей и внуков»

Трыццаць пяць гадоў таму адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Сярод яе ліквідатараў былі і жыхары Карэліччыны.

Журналіст раённай газеты «Полымя» сустрэлася  з вадзіцелем ААТ «Карэлічы-Лён», жыхаром райцэнтра Валерыем Васільевічам АДЗЯРЭЙКАМ, які ў 1986 годзе працаваў у Чарнобыльскай зоне.

— Валерый Васільевіч, чорнае крыло Чарнобыля закранула і Вас. Нагадайце, калі ласка, як гэта было.

—У чэрвені 1986 года ад Карэліцкай сельгасхіміі на машынах ЗІЛ-130 АРУП-8 мы былі накіраваны праводзіць дэзактывацыю глебы ў Брагінскі раён. Наша работа заключалася ў наступным: ездзілі ў Калінкавічы і Рэчыцу па даламітавую муку і апрацоўвалі ёй глебу.

Наша змена з 6 чалавек была ў Чарнобылі тройчы па 15 дзён. Гэта нялёгкія старонкі мінулага, якія час ад часу ўсплываюць у памяці і якія, вядома, не выкрасліш.

— Што ўрэзалася ў памяць?

— У першыя дні ў Чарнобыльскай зоне зусім не хацелася есці, мы толькі пілі ваду. Калі нам вымяралі дозу радыяцыі, то яна была вышэй за дапушчальную ў два разы.

У Камарыне (гэта бліжэй да Чарнобыля) ваенныя клалі новае асфальтавае пакрыццё і ўстанаўлівалі новыя агароджы. Тут жыццё ішло сваёй чарадой. Мы ж апрацоўвалі даламітавай мукой сельгасугоддзі і стараліся рабіць гэта адказна — для гэтага нас сюды накіравалі.

— Ці адбілася знаходжанне ў Чарнобыльскай зоне на Вашым здароўі?

—  Перад пенсіяй пачалі вылазіць балячкі: сталі балець ногі, са спіною мучаюся… Можна спасылацца на пражытыя гады, але мяркую, што тут ёсць і адбітак Чарнобыля. Адным словам, праца ў забруджанай зоне не прайшла бясследна.

— А якая  праца была на Карэліччыне?

— Сямнаццаць гадоў працаваў у Карэліцкай сельгасхіміі, восем — у калгасе імя Чарняхоўскага і сямнаццаць — на Карэліцкім ільнозаводзе. Сваю шафёрскую справу люблю, хоць увесь час у дарозе і за рулём. Можа, гэта камусьці падасца вельмі складаным, але калі любіш круціць баранку, то на часовыя цяжкасці не звяртаеш увагі.

— Рэха Чарнобыля праз трыццаць пяць гадоў адгукаецца ў  сэрцы? Вы часта ўспамінаеце той час?

—  Часта ўспамінаю хлопцаў, якіх ужо няма. З нашай змены, з шасці чалавек, няма нікога, апошняга не стала  год таму. Яны яшчэ маглі жыць і радавацца жыццю.

— Што Вы лічыце галоўным у жыцці?

— Здароўе. Калі яно ёсць, будзе ўсё. У мяне ёсць шмат для шчасця: дом, сям’я, дзеці, унукі…

— Сярод знаёмых ёсць ліквідатары наступстваў Чарнобыльскай АЭС? Вы падтрымліваеце з імі зносіны?

— Вядома, ёсць. Пры сустрэчах успамінаем тыя гады. З іх ніхто, акрамя Аляксандра Шэўкі, не працуе. У кожнага па-свойму склаўся лёс. Здароўе  таксама па-рознаму: хтосьці адчувае сябе лепш, хтосьці горш. Чарнобыль у свой час, відаць, паўплываў на гэта. Як не круці, жыццё прадаўжаецца, трэба верыць у лепшае.

— Дата ў календары — Дзень Чарнобыльскай трагедыі — прыпадае на вясну. Які настрой у гэтыя дні?

— Люблю вясну, бо ўсё навокал ажывае ў прыродзе. Хоць у сельскіх жыхароў дабаўляецца работы, але яны робяць карысныя справы. Адно толькі тое, што вырошчваюць хлеб, заслугоўвае прызнання і пахвалы.  Дата ў календары — гэта напамінак пра той ужо далёкі час, калі мы былі ліквідатарамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Гэта засталося ў нашай памяці і вярэдзіць нашы душы. Мы рызыкавалі дзеля заўтрашняга дня — будучага дзяцей і ўнукаў. Такія трагедыі не павінны паўтарыцца.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКА і з архіва героя публікацыі