Механизатор СПК «Маяк-Заполье» Александр Жук: «Кланяюсь в пояс родной земле»

Ва ўсе часы праца — аснова жыцця, а працавіты чалавек — самы паважаны ў грамадстве. Стварае даброты і прымнажае дабрабыт. З кожным днём прыгажэе Айчына, на стале ёсць хлеб і да хлеба.

Нялёгкая праца ў вяскоўцаў, але патрэбная. Зараз на палі прыйшла сучасная энерганасычаная тэхніка, але шмат залежыць ад выканаўцы. Рупліваму і стараннаму па плячы любая работа.

Па працы і пашана. Сярод занесеных на раённую Дошку пашаны — трактарыст-машыніст СВК «Маяк-Заполле» Аляксандр Мікалаевіч ЖУК, з якім журналіст раённай газеты вядзе шчырую і адкрытую гутарку.

Гэта мая зямля, дзе нарадзіўся і вырас. Я шчырую на полі і кожны дзень нізка кланяюся яму ў пояс

— Аляксандр Мікалаевіч, існуе народная прымаўка: «Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся». Гэта таксама пра Вас?

— Вёска Заполле — мая маленькая радзіма. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Дзяцей у сям’і было трое: дзве сястры і я. Закончыў восем класаў Запольскай васьмігадовай школы і паступіў у Навагрудскае СПТВ № 193, дзе вучыўся тры гады. Затым прыйшоў на працу ў калгас «Новае жыццё». Гэта было ў 1991, і вось трыццаць гадоў працую тут.

— Бацькі таксама працавалі ў калгасе?

— Бацька быў будаўніком у калгасе «Новае жыццё», а вось мама працавала швачкай у Карэліцкім камбінаце бытавога абслугоўвання. Затое мелі самае непасрэднае дачыненне да сельскага жыцця. Як і ўсе вяскоўцы таго часу, трымалі асабістую гаспадарку — карову, свіней, курэй, і мы, дзеці, дапамагалі па гаспадарцы. Тады ў думках не было, каб адмовіцца ад даручэнняў бацькоў.

— Аказваецца, з дзяцінства прывучаліся да працы…

— Так. Таксама навучыўся касіць, араць канём. Клопаты па доме былі нормай жыцця. Падчас летніх канікул хадзіў на працу на збожжаток, дзе падкідалі і чысцілі зерне. Складвалі сена ў складскія сховішчы. Адным словам, куды адпраўляў брыгадзір вытворчага ўчастка, туды ішлі працаваць. Не баяліся работы, да яе былі прывучаны. Любую справу стараліся выконваць добра.

— Скажыце, гэта спатрэбілася ў жыцці?

— Заўсёды любіў шмат і шчыра працаваць. Усе заданні выконваю ахвотна. Вось зараз накіравалі ў камандзіроўку ў КСУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» на дапамогу, і я даў згоду. Там працаваў у мінулым годзе і выконваў заданні сумленна і шчыра.

— А ў СВК «Маяк-Заполле» чым займаецеся?

— Культывую, ару, дыскую глебу, а летам кашу травы. Найчасцей на рабоце — з ранку да вечара. Па-іншаму быць не можа, таму што ўсё трэба зрабіць у тэрмін. Такая ўжо ноша ў вяскоўца, калі вясной і восенню трэба працаваць шмат, а зімой адпачываць. Хаця з гэтым звыкаешся і ўспрымаеш жыццё ў яго фарбах.

— Шчырых працаўнікоў у гаспадарцы шмат?

— Вядома. Хацелася б добрым словам успомніць Вячаслава Леанідавіча Напорку, Сяргея Мікалаевіча Сцепанчука, Сяргея Іванавіча Шэўку — усіх не пералічыш. Старанныя і працавітыя, яны заслугоўваюць павагі і ўдзячнасці. На такіх трымаецца наша гаспадарка, і гэта радуе.

— А што яшчэ радуе?

— Тое, што пра простага сельскага працаўніка ў нашым раёне не забываюць. Я неаднойчы атрымліваў узнагароды, мой партрэт занесены на раённую Дошку пашаны, мяне часта запрашаюць на раённыя святы. Гэта акрыляе, і хочацца працаваць яшчэ лепш.

— За трыццаць гадоў немагчыма злічыць родных абшараў, да якіх прыкладзена Ваша праца. Якое адчуванне авалодвае напярэдадні веснавых работ?

— Кожнай вясной спяшаюся на родныя палеткі, і сэрца пачынае стукаць часцей і часцей. Гэта мая зямля, дзе нарадзіўся і вырас. Я шчырую на полі і кожны дзень нізка кланяюся яму ў пояс. Удзячны за дары, якія дае штогод мне і маім землякам. І няхай гэта прадаўжаецца…

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА