Памяти Екатерины Тихоновны Ушкевич

Ушкевіч Кацярына Ціханаўна

24 красавіка пасля непрацяглай хваробы на 80-м годзе жыцця спынілася сэрца былога загадчыка дзіцячага аддзялення ўстановы аховы здароўя “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” Кацярыны Ціханаўны Ушкевіч.

Усё яе жыццё, думкі і справы былі прысвечаны людзям.

Кацярына Ціханаўна нарадзілася 1 студзеня 1942 года ў вёсцы Шчорсы Навагрудскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут, які закончыла ў 1968 годзе.

З 1968 па 1976 гады працавала ўрачом-педыятрам Карэліцкай цэнтральный раённай бальніцы. Са жніўня 1976 года ўзначаліла дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. Узраслі аб’ёмы работы К. Ц. Ушкевіч, маштабы адказнасці. Дзіцячае аддзяленне прымала складаных пацыентаў з усяго раёна, ад ведаў медперсанала і ў першую чаргу загадчыка аддзялення напрамую залежала жыццё маленькіх карэліччан.

Кацярына Ціханаўна вяла ў раёне актыўную работу па ахове мацярынства і дзяцінства, павышэнні ролі жанчыны ва ўмацаванні сям’і. Пад яе кіраўніцтвам педыятрычная служба ў раёне з’яўлялася адной з лепшых у вобласці.

Кацярына Ціханаўна Ушкевіч адпрацавала ў галіне медыцыны 45 гадоў, узнагароджана граматай ЦК КПСС, Савета Міністраў, УЦСПС і ЦК УЛКСМ у 1987 годзе, Падзячным пісьмом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2003 годзе. З 1990 па 1994 гады выбіралася дэпутатам абласнога Савета.

За шматгадовую, добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і актыўную жыццёвую пазіцыю імя К. Ц. Ушкевіч занесена ў Кнігу Славы Карэліцкага раёна.

Святлая памяць пра цудоўнага чалавека — Кацярыну Ціханаўну Ушкевіч — назаўсёды застанецца ў сэрцах усіх, хто яе ведаў, хто побач працаваў і каму яна ад чыстага сэрца і шчырай душы аказвала дапамогу.

Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт

Карэліцкі раённы Савет дэпутатаў