Сотрудники Мирского замка помогли жителю Польши найти данные о его матери, рожденной в замке

Некалькі гадоў таму ў музей “Замкавы комплекс “Мір” прыйшоў ліст з горада Шчэцін (Польшча). Яго аўтар Томаш Калатай (Tomasz Kollataj) распавёў нам цікавую гісторыю і звярнуўся да супрацоўнікаў музея за дапамогай: знайсці інфармацыю пра сваю маці, якая нарадзілася ў Мірскім замку.

Алавяная ваза для ахалоджвання шампанскага. 1900 г. Вытворчасць “Кайзерзін” (Германія). Упрыгожана сцэнамі палявання багіні Дыяны. Бакавыя ручкі аформлены ў выглядзе галоў сланоў.

У пачатку 1920-х гг. Міхаіл Святаполк-Мірскі пачаў аднаўленне Мірскага замка. Для выканання прац замовіў будаўнічую кампанію, якую ўзначальваў дзед Томаша Калатая – Люцыян Піятровіч (Lucjan Piotrowicz). Падчас аднаўлення Мірскага замка Люцыян Піятровіч разам са сваёй жонкай Браніславай жылі ў паўночна-заходняй вежы. У замку ў іх нарадзілася дачка Браніслава. Праз некалькі дзён князь Міхаіл Святаполк-Мірскі прыйшоў адведаць нованароджаную і прынёс падарункі. Гэта было шампанскае ў вазе, якая мела ручкі ў выглядзе сланоў, а таксама 200 злотых у канверце. Сума была дастаткова вялікая. На гэтыя грошы ў той час можна было набыць некалькі коней. На памяць аб наведванні князя ў сям’і Калатай захавалася ваза для ахалоджвання шампанскага.

Больш падрабязную інфармацыю пра сям’ю Піятроўскіх знайшла даследчык па генеалогіі Івона Суднік. З метрычных кніг Мікалаеўскага касцёла стала вядома, што Піятровіч Браніслава – дачка Люцыяна і Браніславы з Магільніцкіх, нарадзілася 23 жніўня 1925 г., была хрышчоная 6 верасня 1925 г. (хросныя Вацлаў Бокун і Стэфанія Піятровіч). Люцыян і Браніслава Піятровіч мелі таксама старэйшага сына Іосіфа і пражылі ў замку да 1928 г.

Гэтую ж інфармацыю пацвярджае і надпіс на фатаграфіі з сямейнага архіва Томаша: “Замак князёў Мірскіх у Міры. Піятровіч Браніслава, народжаная ў тым жа замку 23 жніўня 1925 г. у 10 раніцы, у нядзелю, у левай вежы на першым паверсе. Там жа выхоўвалася да пятага года жыцця”.

Фатаздымак з сямейнага архіва Томаша Калатая

 

Слановая гісторыя

Акрамя цікавага аповяду аб нараджэнні дзяўчынкі, нашу ўвагу прыцягнула ваза, аздобленая галовамі сланоў. Згадка пра сланоў у Мірскім замку ўжо сустракалася ў літаратуры. Аб гэтым піша ў кнізе “Мірскі замак” гісторык Калнін: “У 1924 г. варшаўскі архітэктар Тэадор Бурш выканаў праект аднаўлення Мірскага замка. З усіх залаў, запраектаваных архітэктарам, удалося завяршыць “Слановую” – у ёй меркавалася зрабіць камін з разбянымі сланамі”. Сланы на каміне не захаваліся, а вось Слановую залу і зараз можна наведаць у музеі, у ёй звычайна праводзяцца розныя выставы. Растлумачыць прыхільнасць князя да сланоў можна разглядзеўшы яго паслужны спісак. Паводле звестак гісторыкаў Навіцкай В.В. і Пракапенкі Л.Я. у 1904 г. Міхаіл Святаполк-Мірскі быў прызначаны другім сакратаром расійскага пасольства ў Лондане, дзе пражыў у амбасадзе Чэшам-хаўс больш за пяць гадоў.

Міхаіл Святаполк-Мірскі ў Мірскім замку

Захапленне Міхаіла арыстакратычным Лонданам паўплывала на яго задумкі па аднаўленні Мірскага замка і ўладкаванні парка. У пачатку XX ст. расійская амбасада Чэшам-хаўс уяўляла сабой вялікі асабняк, размешчаны ў паўднёвай частцы англійскай сталіцы. У ім было шмат вялікіх і малых прыгожых прыёмных залаў. За домам размяшчаўся дзіўны сад з аранжарэяй, агароджаны пасадкай з высокіх кустоў. Вакол амбасады і ў садзе цвілі ружы.

Здаецца, князь Міхаіл, прыехаўшы ў Мір, намагаўся стварыць вакол старых муроў такі ж утульны куток. У гэты час вакол Мірскага замка і на яго двары ён пачынае вырошчваць ружы. Магчыма, гэта захапленне з’явілася яшчэ ў Лондане.

Чэшам-хаўс – амбасада Расійскай імперыі ў Лондане. Фотаздымак пачатку XX ст.

У Лондане недалёка ад Чэшам-хаўса знаходзіцца раён “Слон і замак”. У гэтым раёне са спрадвечных часоў усё было звязана са сланамі. Тэатр, гандлёвы цэнтр, гатэль, станцыя метро, плошча – маюць назву “Слон і замак”.

Скульптура на станцыі метро “Слон і замак”. Метро пракладзена ў 1890 г.

Аб паходжанні назвы гэтага раёна ў Лондане ходзяць паданні. Крыніцы паведамляюць, што ў сярэднявеччы сланом і замкам называўся мясцовы пастаялы двор.

Гатэль “Слон і замак”, перабудаваны у 1898 г.

Не выключана, што Міхаіл часта бываў у гэтым раёне. І пасля жыццё ў Мірскім замку асацыявалася ў яго з успамінамі пра лонданскага “слана”. Нездарма ў замку была ўладкавана Слановая зала.

Наталля Кавалевіч,
навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”