Тэафіля Радзівіл удзельнічала ў рыцарскіх турнірах і ўздымалася на Везувій

 

Яркіх жанчын у гісторыі Беларусі было не менш, чым яркіх мужчын. Проста звычайна летапісцы пакідалі іх у цені. Але варта прыгледзецца — і маем неверагодную колькасць захапляльных сюжэтаў.

Напрыклад, за каларытнай постаццю Караля Радзівіла па мянушцы Пане Каханку мы пабачым постаць яго сястры Тэафілі, нясвіжскай князёўны-амазонкі.


Паляванні, каруселі, набажэнствы

Уршуля Радзівіл.

Уршуля Радзівіл.

У дзённіку вялікага гетмана Міхала Казіміра Рыбанькі, мужа Уршулі Радзівіл, заснавальніцы беларускага тэатра, чытаем запісы за 1738 год:

«2 верасня. Жонка мая саслабела, і а гадзіне 5-й зранку воды адышліся, і гэтак у радзінных болях, нябога, цэлы дзень і ноч ляжала.

3 верасня. Ужо пэўна смяротнаю была жонка мая, усё ж праз старанне жанчыны адной, Пашкоўскай, войтавай Нясвіжскай, і пана Маклера, доктара medіcіnae, а найбольш за ўсё з ласкі Божае а гадзіне 12-й і мінуце 11-й з палудня павіла жонка мая дачку, каторай я паводле хросту толькі, без цырымоніі, якую на далейшы час адклаў, даў імя Тэафіля Канстанцыя Тэкля Эўфімія і Тэрэза».

Так прыйшла ў свет Тэафіля Радзівіл, якая «да хросту пяцёх Радзівілаў трымала», сярод якіх яе старэйшыя браты, блізняты Януш і Караль. А бацька тады піша: «Увесь дзень былі мы вясёлыя і падпіў сабе ad hіlarіtatem (на радасцях)».

Час ад часу сустракаем у дзённіку Рыбанькі згадкі пра Тэафілю, сярод іх такая, за 14 сакавіка 1751-га: «Дачка мая старэйшая Тэафіля, каторая хай П. Бог бароніць, сёння паннай стала, у пыск даў ёй айцоўскай рукою».

Што, па ўсёй верагоднасці, азначае, што ў дванаццацігадовай Тэафілі пачаўся месячны цыкл, і бацька па нейкай традыцыі ўдарыў яе па твары на шчасце. Для параўнання… Пра звычай, як юных шляхцюкоў выпраўлялі ў свет, мы ведаем з мемуараў таго ж Фадзея Булгарына: бацька мусіў раскласці нашчадка на дыванку і даць сімвалічных (але балючых) бізуноў. Відаць, тут нешта аналагічнае.

А праз год, 13 сакавіка, чытаем: «Сталі мы на Волі на абед, каторы з’еўшы, пайшлі да Адрынішча, там засталі ласёў 10-х, двох уцякло, абодва здаровыя, а з двох застрэленых аднаго сын забіў, дачка Тэафіля другога, а я трэцяга».

Як бачым, юная князёўна ездзіла з бацькам і братамі на паляванне, брала ўдзел і ў рыцарскіх турнірах, якія тады называліся каруселямі. Вядома, што трапна страляла, часта назірала за муштрой кадэтаў нясвіжскай кадэцкай школы.

Злая шарэнга адпрэчаных жаніхоў

У 1753 годзе памерла маці Тэафілі, Уршуля Радзівіл. Міхал Рыбанька цяжка перажывае, але праз паўгода жэніцца зноў, з Ганнай Мыцельскай, ад якой займеў сына Дамініка і трох дачок.

Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька.

Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька.

У 1754-м пышна адзначалася 17-годдзе Тэафілі: «У касцёле Те Deum laudamus спявана пры гучным з гарматаў стралянні, і праз рэгімент з ручной стрэльбы агню давана; па абедзе была карусель, чатыры банды, дзве кавалераў, а дзве дам, на калясках карусельных, потым аперэтка, потым баль і каляцыя; ранкам прыбыў сын мой з жонкаю сваёй, прыбылі Іхмці п.п. Пётр, кашталян Брацлаўскі, айцец, і Ксаверы, сын, — Браніцкія, і сіла суседства сабралася, і вясёла той дзень стравілі».

Так «вясёла», што праз пару дзён князь-бацька запісвае, што «цяжка на страўнік захварэў».

Хоць на час гэтых запісаў Уршулі Радзівіл ужо не было ў жывых, звярніце ўвагу на згадку пра «аперэтку». Так Рыбанька часта пісаў пра «п’ескі» сваёй жонкі. Уршуля зладзіла ў Нясвіжы тэатр, у процівагу заезджым французскім ці італійскім трупам, якія бязбожна халтурылі і мелі прымітыўны рэпертуар. І ў гэтых спектаклях брала ўдзел Тэафіля. Ёсць гіпотэза, што першы раз яна сыграла ў 1746 годзе ў п’есе маці «Дасціпнае каханне» — у восем гадоў. Так што Тэафілю мы таксама можам згадваць як актрысу першага беларускага тэатра.

Калі памёр Рыбанька, Тэафілі было 24 гады. Нямала па тым часе… Але яна па-ранейшаму была незамужняя — хоць сваталіся да яе многія. Князёўна рашуча адмаўляла. Трэба, каб як у матчынай п’есе — рамантыка, жарсць! Бацька сватаў ёй Станіслава Ржавускага, сына кароннага гетмана Вацлава Ржавускага, — з дачкой Вацлава Тэрэзай ажаніўся брат Тэафілі Караль, шлюб аказаўся надзвычай няўдалы і скончыўся разводам. Быў сярод жаніхоў Ян Сапега, яшчэ спадзяваліся, што Тэафіля выйдзе за Міхала Юзафа Масальскага, гетмана літоўскага, які быў старэйшы за яе амаль на сорак гадоў. У рэшце рэшт, у 1760 годзе бацька меў намер ажаніць яе з Ігнацыем Пацам, сябруком Пане Каханку.

«Даведалася, што ў шафе ёсць дзве бутэлькі віна, прыйшоўшы з сякерай, сама шафу разбіла і з трыумфам віно панесла»

І вось Тэафіля — сірата… На чале роду — яе брат Караль. Гэтая роля дасталася яму, калі падлеткам памёр ягоны брат-блізнюк Януш, старэйшы на паўгадзіны.

Тэафіля трапляе ва ўладу чалавека, якога мемуарыст Марцін Матушэвіч характарызуе наступным чынам: «Князь ваявода віленскі меў звычай, што ніколі малой шклянкай і паволі не піў, але меў вялікую шклянку, большую, чым кварта: яе заўсёды поўную віна адным продыхам выпіваў».

Кожны дзень у нясвіжскім палацы балявалі, збіралася шумлівая шляхта. Што заставалася рабіць дзяўчыне сярод п’янай кампаніі? Прыстасоўвацца. Тым больш характар мела, згодна з тым жа Матушэвічам, энергічны і рашучы.

«У князёўны (Тэафілі) Радзівіл, гетманаўны вялікай літоўскай, сястры князя ваяводы віленскага, таксама былі асаблівыя выдаткі на віно. Афіцэры князя і іншыя пілі, а калі аднойчы князь ваявода віленскі паехаў на паляванне, а князёўне не хацелі даць віна, кажучы, што яго няма, князёўна ж даведалася, што ў шафе ёсць дзве бутэлькі віна, тады, прыйшоўшы з сякерай, сама шафу разбіла і з трыумфам віно панесла».

Не абыходзілася і без непрыемных інцыдэнтаў.

«Падстолі Пац таксама напіваўся і аднойчы, бегаючы п’яны на кані, дабраўся да князёўны і халерычна прасіў яе, каб абяцала за яго пайсці (замуж), такога ж абяцання не атрымаўшы, яе брыдка аблаяў і зноў паехаў, лётаў на кані і страляў, тады князёўна спалохалася, пачала вельмі плакаць і млець».

Відаць, гэта той самы Пац, за якога хацеў аддаць Тэафілю яе бацька, ды яна адмовіла.

Праўда, мяркуючы па перапісцы, з братам у Тэафілі былі адносіны даволі блізкія, вось узор з яе ліста:

«Паведамляю з Вільні, што на рэдуце быў адмысловы паядынак. Дзве маладыя паненкі, Гарадзенская і Краеўская, абедзве ладныя, пабіліся ў пыскі за першае месца ў танцы і яшчэ ў сварцы засталіся — не ведаю, можа да паядынку дойдзе. В. к. мосць пэўна патрафіў бы іх сваёй зброяй, што пад пасам носіш, пагадзіць».

Злачынства Тэафілі Канстанцыі

Нядзіўна, што падчас бітвы пад Слонімам, дзе войскі Пане Каханку біліся з войскамі караля Станіслава Панятоўскага і яго расійскімі саюзнікамі, у першых шэрагах з шабляй у руках завіхалася Тэафіля Радзівіл, апранутая ў мундзір.

Паводле легенды, менавіта там яна і звярнула ўвагу на дваццацігадовага Ігнацыя Фелікса Мараўскага, які вылучыўся незвычайнай адвагай.

Адны крыніцы кажуць, што ён быў «бедны карнет», другія — «падхарунжы гусараў радзівілаўскай міліцыі». У любым выпадку не роўня сястры магната.

Аднак Тэафіля Радзівіл не дарэмна іграла ў п’есах сваёй маці, ідэя якіх — сапраўднае каханне важнейшае за багацце. Пачуцці з Мараўскім былі ўзаемнымі, і калі Пане Каханку адмовіў у дазволе на шлюб, закаханыя збеглі ў Львоў. Адам Мальдзіс у сваёй кнізе «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVІІІ стагоддзя» прыводзіць перапіску брата і сястры: «Гэты нешчаслівы момант заблытаў неабдумана пачуцці в. м. пані, апаганіў каштоўныя скарбы майго дома, — абураецца Караль Радзівіл, — прынёс такім подлым спалучэннем вечную ганьбу і пляму, якую ніколі не сцерці; кожны ўспамін пра яе выціскае мне з вачэй слёзы і суровай крыўдай сэрца з грудзей вырывае».

Князёўна адказала дзёрзка, намякаючы, што сам Пане Каханку ледзь не ажаніўся з дачкой беднага ўніяцкага святара: «Можна ж было в. к. мосці і мужчыне ісці за пачуццём і страсцю, загадваць даць сабе шлюб у Нясвіжы з адной маёй прыдворнай паненкай, a калі я, па натуры слабейшая дама, так горача і неабдумана паступіла, в. к. мосць у гэтым вялікае злачынства бачыш».

Каб паставіць на сваім, Тэафіля абвясціла арцыбіскупу Серакоўскаму, што яна «знаходзіцца ў такім стане, што павінна ісці за Мараўскім». Маўляў, цяжарная.

Закаханых абвянчалі, Пане Каханку падарыў ім маёнтак Завушша…

«Я наўмысна і свядома апусцілася ў гэтыя ямы»

Тэафіля Канстанцыя Радзівіл.

Тэафіля Канстанцыя Радзівіл.

Нягледзячы на дрэнныя прагнозы абуранай магнацкай радні, шлюб аказаўся доўгім і шчаслівым. Ігнацый з Тэафіляй жылі дружна, мелі траіх дзяцей, разам шмат ездзілі конна, ладзілі тэатр. У іх сядзібе Завушша каля Нясвіжа была выдатная карцінная галерэя. А аднойчы выправіліся ў доўгае падарожжа па Еўропе, пра што Тэафіля пакінула цікавы дыярыуш. Гэта здарылася, калі Пане Каханку пасля няўдалага выступлення супраць караля аказаўся ў эміграцыі. У пачатку 1773 г. у Страсбург на сустрэчу з Каралем Радзівілам адправіўся Ігнацый Мараўскі, а ў маі 1775 г. туды ж прыехала Тэафіля Канстанцыя. Пачалася вандроўка. Гданьск, Берлін, Патсдам, Парыж, Страсбург, Рым, Неапаль… Успаміны пра гэта Тэафіля адрасавала дзецям, каб «бралі прыклад з прыроднай пчолкі, якая з прыкрых зёлак збірае салодкі мёд». Яна наведвае бібліятэкі і музеі, бывае ў тэатрах, медычных навучальных установах, на археалагічных раскопках. Паўсюль збірае папаўненне для нясвіжскай бібліятэкі і шматлікіх калекцый: ад мінералаў да археалагічных знаходак. У Парыжы запісвае: «У батанічным садзе мы разглядалі розныя забавы, дрэвы, кветкі і зёлкі, такія як пальмы, кіпарысы, міндаль, кава… Там, у адным садовым пакоі яны трымаюць сківіцы кіта, што роўныя вялікаму чоўну». У Рыме занатоўвае: «Мы выязджалі да брамы св. Паўла, побач з якой знаходзіцца старая і вельмі вядомая піраміда. Гэта магіла, дзе было знойдзена цела консула Каджуса Цэстыя… Вакол гэтага месца рыюць зямлю і знаходзяць розныя старажытнасці. Я наўмысна і свядома апусцілася ў гэтыя ямы. Я знайшла некалькі кавалкаў старых камянёў і больш дробныя рэчы, якія нашу з сабой».

Мараўская пабывала на аўдыенцыі ў Папы Рымскага, на вячэры з французскім каралём Людовікам XV, у палацы Фрыдрыха Вялікага Сан-Сусі ў Патсдаме. Пазнаёмілася нават з авантурысткай княжной Тараканавай — тая ўцёрлася ў давер да Пане Каханку і спрабавала ўцягнуць у свае інтрыгі. Тэафіля падымаецца на Везувій, пераходзіць Альпы. Яе ўвагу прыцягваюць такія ж энергічныя, самадастатковыя жанчыны — Ганна Марандзі Манцаліні, стваральніца біялагічных і анатамічных мадэляў з воску, і Лаура Басі, якая выкладала ў Балонскім універсітэце фізіку.

Вядома, што пасля вяртання княгіня стварыла ў Вільні прыродазнаўчы кабінет, і ўвесь горад збягаўся паглядзець на прывезеныя ёю цікавінкі. Але лёс яе калекцый дасюль не вядомы.

Тэафіля аказалася выдатнай дыпламаткай і гаспадыняй, яна ўмела выбудавала кар’еру любага мужа. Той стаў генералам, кароль Станіслаў Панятоўскі двойчы гасцяваў у іх уладаннях. Ігнацый Мараўскі памёр у пачатку 1790 г., а праз некалькі месяцаў — Караль Станіслаў Пане Каханку.

Праз некалькі гадоў удаўства Тэафіля выйшла замуж за Яна Тадэвуша Развадоўскага, капітана нацыянальнай кавалерыі літоўскай арміі. Памерла ў 1807 годзе і была пахавана ў родным Нясвіжы.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ