Уроженцу Кореличчины поэту Роману Тармоле исполнилось 85 лет

Дзякуй, Мір, што з вуліцы Высокай

Адчыніўся мне вялікі свет…

Што вачамі і зор тваіх і вокан

Быў падсвечаны мой першы след.

Міршчына! Гэтая старонка шчодрая на здольных і таленавітых людзей, а для некаторых літаратурная дзейнасць стала сэнсам жыцця. І мы павінны ведаць і шанаваць іх імёны, якія ўвайшлі ў літаратурную спадчыну.

Успамінаючы імёны знакамітых людзей, якія прынеслі сваёй малой радзіме вядомасць у сусвеце, памножылі славу таго месца, дзе нарадзіліся і выраслі. Сёння мы звяртаемся да таленту нашага земляка, паэта Рамана Тармолы-Мірскага, майстра паэтычнага слова, якога, на жаль, ужо з намі няма.

Раман Якубавіч нарадзіўся 4 красавіка 1936 г. у г.п. Мір у сям’і рамесніка. Бацька Якуб Сымонавіч шыў адзенне, маці Дамініка Іванаўна выхоўвала дзевяць дзяцей, вяла хатнюю гаспадарку.

Дзяцінства хлопчыка прыйшлося на гады Вялікай Айчыннай вайны. Недзе ў 1944 г., уцякаючы, фашысты бамбілі іхняе мястэчка. Не памагла і памяркоўная назва — Мір. Вайна запомнілася хлопчыку, потым вылілася на старонках яго вершаў і паэм.

Пасля вайны хлопчык вучыўся ў Мірскай сярэдняй школе, якую скончыў у 1955 годзе. У гэтым жа годзе паступіў вучыцца на гісторыка-філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. З цеплынёй і павагай усё жыццё ўспамінаў студэнцкія гады і выкладчыкаў.

Яго літаратурны шлях пачаўся з 1957 г., калі ў “Настаўніцкай газеце” і “Чырвонай змене” былі змешчаны яго першыя вершы.

Але Раман Якубавіч усвядоміў сябе паэтам падчас студэнцкай паездкі ў 1958 г. на цаліну, у казахстанскія стэпы, адкрытыя, як сэрца сябра, бяскрайнія, як любоў да Радзімы. А ў сэрцы стукалі ямбы. Яны асвяжалі душу, як дождж. За ноч у стэпе вырасталі горы. Раніцай, стомленыя і мурзатыя, спалі хлопцы ўпокат ля падножжа гэтых гор. З іх вышыні яны бачылі родныя лясы і рэкі і шчасліва ўсміхаліся ў сне. Ён прывёз адтуль у хустачцы жменю пшаніцы, залацістай, буйнай, зерне ў зерне. От дзівіліся дома бацькі.

Шукаць шлях да людскіх сэрцаў Р. Тармола пачаў студэнтам, падчас вучобы ў педінстытуце.

На шчырасць і адкрытасць твораў маладога аўтара звярнулі ўвагу літаратурныя крытыкі, падкрэсліваючы іх жыццесцвярджальнасць. Прынамсі, Алег Лойка адзначыў, што ў вершах, якія ўвайшлі ў першыя кнігі Рамана Тармолы “Асколкі і росы”(1964) і “Поўня” (1966), ёсць стыхія захаплення жыццём, дзеяннем.  Паэт выступае песняром прыроднай стыхіі — вясновага капяжу, цёплых ліпеньскіх ліўняў, сонечных вераснёўскіх дажджоў.

Верасы…

Верасы…

Шчасця голас разносіць бор двойчы, тройчы.

Б’юць зялёнымі кроплямі буйнай расы

Верасы

Па каленях тугіх дзявочых.

А дзяўчынка хутчэй і хутчэй бяжыць.

У вачах расінка іскрыцца.

Напрасткі ляцяць па касым дажджы

Дзве нагі, як дзве бліскавіцы.

(“Дождж верасовы”)

Лірыка паэта — гэта ўсхваляваная, глыбокая, засяроджаная споведзь пра сябе і сваё пакаленне, чыё дзяцінства прыйшлося на гады суровых ваенных выпрабаванняў. Сумленне, працоўная годнасць, маладосць, каханне, сяброўства, адносіны да прыроды — усе гэтыя духоўныя каштоўнасці прысутнічаюць у творчасці паэта.

Пазней у сваіх творах ён не раз прызнаваўся ў любові да родных мясцін, і ў знак гэтага ўзяў літаратурны псеўданім — Мірскі. Малая радзіма, г.п. Мір, паклала пачатак вялікаму шляху ў жыццё і паэзію. Любоўю да радзімы прасякнуты яго шматлікія вершы. Свайму запаветнаму куточку паэт прысвяціў не адзін верш.

Люблю зямлю, дзе нарадзіцца выпала,

Дзе след майго маленства на вачах,

Дзе першыя расінкі сонца выпіла

На травах, на калоссі, на вачах…

Люблю сваю зямлю — калыску вечную,

Я — сын яе да скону, я — дзіця…

Як самая матуля чалавечная,

Ахоўніца яна майго жыцця…

(“Люблю зямлю…”)

Любоўю да Радзімы прасякнуты вершы: “Бацькаўшчына”, “Гродна”, “Пасля сустрэчы з Янкам Брылём”, “Родны дом” і інш.

Высокім узорам дабрыні, цяпла і чалавекалюбства паўстае жанчына – Маці і Каханая. Самаахвярнай ахоўніцы і абаронцы сваіх дзяцей — матулі — Раман Тармола прысвяціў самыя прачулыя лірычныя радкі. Маці Дамініка Іванаўна не толькі падаравала будучаму паэту жыццё, але і не аднойчы ў час ваеннага ліхалецця захіляла яго ад смерці. Ёй ён прысвяціў самыя пранікнёныя вершы: “Да маці”, “Партрэт”, “Маміны крокі не забываюцца”. Страта самага блізкага чалавека прыносіць адчуванне непатрэбнасці і непрыкаенасці — родны дом маленства робіцца чужым.

Маміны крокі не забываюцца:

Маміны крокі побач заўжды.

Днём, калі вочы не ўсміхаюцца,

Ноччу, калі не засынаецца,

І, асабліва, калі разрываецца

Сэрца – у прадчуванні бяды.

Колькі разоў мяне выратоўвала

Мама, памерці сама гатовая.

(“Маміны крокі…”)

Другая постаць жанчыны — Каханая, вобраз якой ці не самы значны ў творчасці Р. Тармолы-Мірскага. Гэты аўтар — адзін з нямногіх шасцідзясятнікаў, хто стала працаваў у жанры інтымнай лірыкі. Яшчэ зборнікам “Міранка” (1971) ён засведчыў сябе як паэт кахання — шчаслівага і трывожнага, узаемнага і безадказнага, чыстага і ўкрадзенага. Каханне, паводле Рамана Тармолы, — гэта вайна дваіх, таму ён заўсёды не толькі імкнуўся раскрыць пачуццё з пункту гледжання мужчыны, але і спрабаваў зразумець жаночае сэрца.

Жанчына ў яго лірыцы — чароўная, загадкавая і заўжды неабходная, патрэбная: “Ад пяшчоты ўсе звады”, “Роспач”, “Жанчыну разглядаем у тэлескоп…” і інш.

Творчасць нашага земляка рознабаковая. Ён удала заявіў сябе як паэт і дзіцячы пісьменнік. Напісаў для іх два зборніка казак. З-пад яго пяра выйшла 9 зборнікаў паэзіі. Таксама ён з’яўляецца аўтарам сцэнарыяў дакументальных фільмаў: “Людзям сябе пакажы” (1973), “Я не самотны… Максім Багдановіч” (1983), “Мае міране добрыя людзі”, тэлеспектакля “Зачараваны Валерка” (1976).

За сваю добрасумленную працу быў неаднаразова ўзнагароджаны медалямі, ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

На яго творчыя сустрэчы прыходзілі прыхільнікі самага рознага ўзросту. І адбываліся яны на самым цёплым і ўзнёслым узроўні. Цікавы ён быў як суразмоўца, шмат меў сяброў. Хочацца, каб яго вершы гучалі жывымі, а не застывалі на паперы. На жаль, гэтага цудоўнага мастака паэтычнага слова мы згубілі ўжо амаль 10 год таму. Памёр ён 25 чэрвеня 2011 года. Рамана Якубавіча няма сярод нас, але ён заўсёды будзе жыць у сэрцах блізкіх і дарагіх яму людзей, яго сяброў, моладзі і прыхільнікаў яго творчасці. Ён пахаваны на сваёй маленькай радзіме, у г. п. Мір.

Валянціна КОШУР,

бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі