В Кореличах состоялся круглый стол на тему сохранения, использования, популяризации и охраны историко-культурных объектов Кореличского района, занесённых в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь

Праведзены круглы стол на тэму захавання, выкарыстання, папулярызацыі і аховы гісторыка-культурных аб’ектаў Карэліцкага раёна, занесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Яго арганізатары — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама і ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці».

 

«Побач з цяперашнім — мінулае»

Напачатку ўдзельнікі круглага стала сабраліся ў фае Карэліцкай раённай бібліятэкі, дзе арганізавана фотавыстава помнікаў архітэктуры Карэліцкага раёна «Побач з цяперашнім — мінулае», якая прымеркавана да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін. Слова ўзяла загадчык аддзела метадычнай работы ДУ «Карэліцкі РЦКіНТ» Наталля Шпакоўская, якая адзначыла, што ў Карэліцкім раёне  — 37 гісторыка-культурных каштоўнасцей (41 у іх складзе). Большасць з іх вядомыя турыстам і мясцовым жыхарам.

Ганаровае права адкрыць фотавыставу прадастаўляецца намесніку старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыні РА РГА «Белая Русь» Яўгену Чычкану і начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыні РА РГА «Беларускі саюз жанчын» Іне Санчук.

— Помнікі — гэта гісторыя, і трэба імкнуцца іх захаваць, бо іх ведаюць і за межамі раёна, — адзначыў Яўген Чычкан.

У сваю чаргу Іна Санчук сказала: «Кожны год у красавіку адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін.  Мэта гэтага дня — звярнуць увагу грамадскасці на пытанняі аховы помнікаў гісторыі. Гістарычныя помнікі і мясціны захоўваюць гісторыю і традыцыі грамадства. Беларусь мае багацейшую гісторыю. Гэта палацы і замкі, адзін з іх знаходзіцца на тэрыторыі Карэліцкага раёна — Мірскі замак. Гэта і рэлігіёзныя святыні, і помнікі Першай і Другой сусветных войнаў. Гэта нематэрыяльныя каштоўнасці. Мы павінны захаваць тое, што маем, для нашых нашчадкаў.»

 

Наша спадчына — наш гонарВядучы метадыст Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Комар адзначыла, што ў Карэліцкім раёне — 37 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іх — 4 помнікі гісторыі: воінскія могілкі ў Карэлічах, брацкія магілы ў Міры, Малых Жухавічах, Сіняўскай Слабадзе, 14 помнікаў архітэктуры, 4 культавыя будынкі. Гэта тры праваслаўныя царквы: Троіцкая царква ў Міры, Святой Варвары ў  Райцы, Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Турцы. Да культавых аб’ектаў каталіцкай канфесіі адносіцца комплекс Мікалаеўскага касцёла ў г.п. Мір (у склад комплексу ўваходзяць тры асобныя гісторыка-культурныя каштоўнасці: касцёл, брама з агароджай і званіцай, будынак былых школы і шпіталя). Да помнікаў архітэктуры таксама адносіцца: замкавы комплекс «Мір», будынак былога паліцэйскага ўчастка ў г.п. Мір, будынак былога бровара ў г.п. Карэлічы; 6 помнікаў археалогіі: гарадзішча перыяду жалезнага стагоддзя ў Беразаўцы, курганныя магільнікі ў Плужынах, Скрышаве, гарадзішча перыяду Сярэднявечча ў Сёгдзе, стаянкі перыяду каменнага і бронзавага стагоддзяў у Ярэмічах, гарадзішча ў Варончы, 12 помнікаў мастацтва, якія знаходзяцца ў Мірскім замку. У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны нядаўна ўнесены мастацкія практыкі саломапляцення майстроў Веры Салдатавай і Святланы Гусаковай.

З мэтай аказання метадычнай дапамогі ўласнікам каштоўнасцей, павышэння эфектыўнасці работы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны створана і дзейнічае камісія па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Узначальвае яе намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан.

Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама распрацаваны план мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Карэліцкага раёна на 2021-2025  гады. План мерапрыемстваў прадугледжвае рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей раёна праз правядзенне мерапрыемстваў па іх уліку, захаванні, кансервацыі, рэстаўрацыі, кантролі за выкананнем заканадаўства, папулярызацыі, выяўленні новых аб’ектаў для ўключэння іх у Дзяржаўны спіс.

Спецыялістамі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці сістэматычна праводзяцца праверкі стану і выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцей. Троіцкая царква і Мікалаеўскі касцёл у Міры, царква Святой Варвары ў Райцы, царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Турцы, замкавы комплекс «Мір» выкарыстоўваюцца па назначэнні. Будынкі былых школы і шпіталя выкарыстоўваюцца як аб’ект турыстычнага сэрвісу. Кожны год каля помнікаў гісторыі праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя памятным датам календара. На ўсе аб’екты складзены ахоўныя абавязацельствы, напісаны навуковыя пашпарты, устаноўлены ахоўныя дошкі.

Разам з тым існуюць і праблемныя пытанні, якія датычаць захавання помнікаў. Рамонтныя работы патрабуюцца ў царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Турцы. У нездавальняючым стане знаходзіцца будынак былога паліцэйскага ўчастка ў г.п. Мір. Дадзены аб’ект не выкарыстоўваецца з 20 лютага 2007 года і не падтрымліваецца ў належным стане, што садзейнічае разбурэнню гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Яшчэ адзін праблемны аб’ект —  «Будынак былога бровара» ў Карэлічах.   Ён знаходзіцца ў аварыйным стане і працягвае разбурацца.

Святлана Комар выказала спадзяванне, што агульнымі намаганнямі зможам захаваць гісторыка-культурную спадчыну нашага раёна, а каштоўнасці павінны знаходзіцца ў належным стане.

 

Каб гучала малітва і жыла вера

Аб захаванні царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Турэц расказаў іерэй Андрэй Абрамовіч, а царквы святой Варвары ў аграгарадку Райца — іерэй Аляксей Шышкір. Святароў хвалюе лёс святынь, і яны імкнуцца знайсці выхад, каб захаваць іх надалей, каб тут гучала малітва, а ў сэрцах людзей жыла вера.

— Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы — жамчужына Карэліцкага раёна, — сказаў Андрэй Абрамовіч. — Калі едзеш па цэнтральнай шашы,  не можаш адвесці позірку ад велічы і хараства храма, а калі пераступіш парог, то бачыш недахопы. Неабходны будаўнікі і значныя сродкі на рамонтныя работы. Пры кожнай магчымасці пры зносінах з людзьмі гавару аб гэтым.  Спадзяюся, што хтосьці з прыхаджан праявіць грамадзянскую пазіцыю і акажа  спонсарскую дапамогу.

Іерэй з аграгарадка Турэц стараецца дастукацца да сэрцаў людзей. У прыходзе зрабілі буклеты па гісторыі царквы, каб падзяліцца з прыхаджанамі. Тут заўсёды рады бачыць іх, зносіны з  людзьмі — вялікая радасць. Святар марыць аб тым, каб запрашаць групы турыстаў на экскурсіі ў царкву.

У пошуку пастаянна знаходзіцца і Аляксей Шышкір з Райцы. Царква святой Варвары ўнікальная па сваёй архітэктуры таго часу ды знешне вельмі прыгожая. Святар удзячны за падтрымку яе актыву: прыхаджане садзяць кветкі каля святога месца, наводзяць парадак у царкве, збіраюць ахвяраванні на будаўнічыя работы. Вялікую дапамогу аказвае і сельгаскааператыў «Свіцязянка-2003».

У пацвярджэнне ўнікальнасці царквы іерэй паведаміў цікавы факт: пад ёй знаходзіцца ўсыпальніца. Каб яе адкрыць, трэба правесці пэўныя работы па расчыстцы, што спрабавалі рабіць. Патрэбны памочнікі, валанцёры, але справа вельмі сур’ёзная і адказная, таму найперш трэба ўсё добра абдумаць, затым прыступаць да яе вырашэння.

Ёсць у Аляксея Шышкіра яшчэ адна задумка: у летні перыяд у выхадныя дні арганізоўваць дзяжурствы з ліку прыхаджан, сам таксама не застанецца ў баку, каб дзверы царквы былі адчынены для тых, хто накіроўваецца на адпачынак на возера Свіцязь. Магчыма, хтосьці загляне ў святыню, бо тут прыхаджанам заўсёды рады.

 

Разам здольныя на многае

У правядзенні круглага стала прыняла ўдзел і падзялілася сваімі меркаваннямі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Санчук.

«Трэба працаваць у звязцы з ідэолагамі раёна,» — заклікала Іна Міхайлаўна і прапанавала звяртацца ў турыстычныя агенцтвы, якія могуць уключыць у свае спісы экскурсіі ў цэрквах. Унесла прапанову і аб стварэнні банераў на праваслаўных сайтах, з дапамогай якіх можна агучваць  просьбы аб рэстаўрацыі і рамонце цэркваў, а таксама  аб зваротах да вядомых ураджэнцаў Карэліччыны, аб распрацоўцы розных праектаў — адным словам, шукаць шляхі наладжвання зносін з людзьмі і вырашэння хвалюючых пытанняў.

Слушным на гэты конт стала меркаванне дырэктара Карэліцкага РЦКіНТ Наталлі Гароднік: «Хто стукаецца, таму адчыняюць». Хочацца спадзявацца, што выказаныя словы падчас сустрэчы не разыдуцца са справай, а дыялогавая пляцоўка будзе добрым стартам для пачынання карысных спраў.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ