Взрослые дети живут за счет родителей. В Мирском сельсовете состоялась комплексная административная отработка

Рэйдавая брыгада ў складзе супрацоўнікаў праваахоўных органаў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сацыяльнай абароны, журналіста раённай газеты «Полымя» прыняла ўдзел у комплекснай прафілактычнай адпрацоўцы адміністратыўнага ўчастка Мірскага сельсавета.  Былі наведаны грамадзяне працаздольнага ўзросту, якія жывуць за кошт пажылых бацькоў, а таксама адзінокія, якія выбралі месцам жыхарства сельскую мясцовасць.

Любімая работа

На самой справе любімая работа існуе. Яна прыносіць задавальненне, і за яе выканаўца атрымлівае грошы. А як быць, калі чалавек сцвярджае, што хоча працаваць, а зрухаў няма? Хаця з другога боку можна зразумець будаўніка, які адмаўляецца ісці на працу ў жывёлагадоўлю. Не можа ўявіць сябе на новым месцы: па яго меркаванні, можа прынесці больш шкоды, чым карысці — патрэбны пэўныя навыкі ды жывёлу патрэбна любіць.

У гэтым жа імкнуўся пераканаць і другі субяседнік, які раней працаваў механізатарам. «Калі возьмуць на мехмайстэрні, то пайду», — абяцае ён. «А што ўвогуле можаце рабіць?» — цікавімся ў 41-гадовага вяскоўца. «Магу выразаць па дрэве», — адказвае мужчына.

Падчас рэйду давялося сустрэцца з цікавым чалавекам, які займаецца рамесніцкай дзейнасцю. Робіць сувеніры з гліны, дрэва, гіпсу. «Заробак ёсць?» — пытаемся ў майстра. «Другім на сем’і хапае, а для адзінокага тым больш, — гаворыць ён. — Праўда, пандэмія падкасіла продаж сувеніраў каля Мірскага замка. Зменшылася колькасць турыстаў, але справа ўсё роўна выйгрышная…».

Вось і падумалася: чаму б на паспрабаваць тым, хто валодае талентам, сваю справу? І мець пры гэтым свае грошы? Магчыма, у будучым яна стане сэнсам усяго жыцця альбо знойдзецца тая, да якой ляжыць душа і цягнуцца рукі. Гэта будзе больш правільна, чым жыць на сродкі пажылых бацькоў.

Маці — заўсёды маці

Маці любіць усім сэрцам дзіця ў любым узросце:  шэсць, шаснаццаць, трыццаць шэсць… І  годна нясе свой крыж, які выпаў на яе долю. Не скардзіцца на свой лёс і любіць дзяцей такімі, якія яны ёсць. Гэтую «апеку» з гадамі над імі прымае з пакорай — з дарослымі дзецьмі раздзяляе свой дах над галавой.

У дзень рэйду асабліва ўразіла сустрэча з 62-гадовай шматдзетнай маці.  Яе прага да жыцця — вось што выклікае павагу. Жанчына прадаўжае скарыстоўваць любую магчымасць, каб падтрымаць ужо дарослых дзяцей. Прызнаецца ў тым, што можа трымацца на плыву жыцця, хаця яно  складанае і супярэчлівае, і трэба ў ім вызначыць правільныя арыенціры.

Не менш усхвалявалі сустрэчы з іншымі маці. Можна толькі дзіву давацца, адкуль бяруцца  ў немаладых жанчын сілы, каб пераносіць няпростыя «сюрпрызы» штодзённага жыцця, быць добрымі дарадцамі для дзяцей і ўнукаў. І галоўнае: не азлобіцца на родных. Трэба было чуць, з якой любоўю яны апавядалі пра сваіх сыноў, якія і ў пакоях прыбіраюць, і ежу рыхтуюць, і ў перыяды хваробы маці даглядаюць роднага чалавека…

А сыны? Яны ў цвярозым стане ( у дзень рэйду былі менавіта такімі) таксама з пяшчотай расказвалі пра сваіх маці. Па-іншаму быць не можа: родны чалавек узяў пад сваё крыло,  акружыў клопатам і любоўю. Кожнай маці хочацца, каб у яе дзяцей было, як ва ўсіх людзей, каб усё ладзілася, а сын уладкаваўся на працу. Што ж можа быць для мужчыны ў саракагадовым узросце важней? Хіба сям’я і дзеці, для якіх  яму трэба быць апорай і падтрымкай?

Калі ты не адзін

Да адзіноты ў кожнага свае адносіны: адны яе любяць, другія на яе скардзяцца. Двое адзінока пражываючых вяскоўцаў, да якіх завіталі падчас рэйду, выказвалі задаволенасць тым, што іх не забываюць родныя, па магчымасці наведваюцца, разам вырашаюць пытанні. Толькі як высветлілася, не ўсе і не да канца. Першаму з іх прадстаўнік пажарнай службы раёна парэкамендаваў навесці парадак на гарышчы дома, патынкаваць і пабяліць дымаход.  На заўвагі гаспадар дома паабяцаў, што з надыходам цёплых дзён гэтыя работы выканае.

У другім доме, які вызначаўся парадкам у пакоях і на падворку, было холадна. Супрацоўнік мясцовага выканкама параіла звярнуцца ў сельсавет, каб выпісаць паліва. Жыхар дома аднёсся да прапановы з разуменнем.

Як паказалі сустрэчы, яны патрэбныя і людзям, да якіх завіталі,  і прадстаўнікам адпаведных службаў. Кожны бярэ карыснае для сябе. І няхай нічога  дрэннага не давялося ўбачыць на гэты раз, але  гутарка можа пайсці чалавеку на карысць. Ён задумаецца, як змяніць сваё жыццё да лепшага.

Галіна СМАЛЯНКА