16 мая — Дзень жон-міраносіц. Знаёмімся з прыхаджанкай Райцаўскай царквы святой Варвары Аленай Каралько

Дзень жон-міраносіц адзначаецца ў трэцюю нядзелю пасля Вялікадня. Ён служыць напамінам аб такой важнай, але, на жаль, рэдкай чалавечай якасці – вернасці. Вернасці не паказной, не «выгаднай», a шчырай, якая ідзе ад сэрца, зменьваючы ўсю існасць. Цёплай. Сардэчнай. Безумоўнай!

Як складана нам часам знаходзіць агульную мову адзін з адным! У кожнага свае прыхільнасці і захапленні, погляды і меркаванні. Здараецца так, што сказанае слова аднаго натхніць, а другіх пакідае абыякавымі. Але ёсць рэчы і справы, якія нясуць словы не для раз’яднання, а для збліжэння. Яны аднолькава зразумелыя і патрэбныя любому з нас. Гэта вера ў Бога і служэнне на карысць Царквы. Перыяд Вялікага посту так ці інакш схіляе да размоў на духоўныя тэмы.

— А ты памятаеш свой першы прыход у царкву? — пытаюся ў Алены, якая хоць і маладзейшая за ўсіх прысутных, але з’яўляецца старэйшынай у царкоўным жыцці.

— Вядома, памятаю, — з усмешкай узгадвае наша стараста, — бо гэта было свята Праабражэння Гасподняга! Прастольнае свята ў Райцы адзначалася з размахам: было шмат святароў з суседніх прыходаў, людзі бліжэйшых вёсак прыязджалі на падводах, запаўнялі двары і вуліцу працягласцю больш за кіламетр. Сённяшні храм быў у разбураным стане, таму службы праходзілі ў прыстасаваным доме святара. Трапіць на фэст у такі дзень было гонарам. Мы жылі тады ў суседняй вёсцы, але разам з мамай, якая рэгулярна хадзіла ў царкву, я пешшу прыйшла на свята. Запомнілася тое, што на ўзвышшы прадаваліся грушы, яблыкі розных гатункаў, слівы, а самае галоўнае – пеўнікі, лепшы ласунак для дзяцей.

— А як жа сумяшчалася маміна праца ў калгасе і царкоўныя службы? Бо на вёсцы працаўнікам не заўсёды можна было мець выхадны дзень.

— Мама расказвала, што ў час сенакосу было так: з раніцы – на царкоўную службу, а па заканчэнні – белыя хустачкі завязвалі на граблі і так усе гуртам ішлі на луг. Не маглі падвесці мясцовага брыгадзіра, які вельмі прасіў іх аб дапамозе. Вельмі ясна памятаю гэтую прыгожую карціну: белыя хустачкі высока над галовамі і жанчыны з песнямі…
Алена летуценна ўсміхнулася, аддаючыся ўспамінам, а я падумала: гэта ж на працягу больш двух тысячагоддзяў існавання Царквы Хрыстовай жанчыны, яе верныя дзеці, пастаянна пацвярджалі, што яны з’яўляюцца прадаўжальніцамі справы святых жон-міраносіц. У недалёкім мінулым іх подзвіг вернасці, любові і міласэрнасці паўтарылі нашы прабабулі і бабулі, тыя, што засталіся з Хрыстом і Яго Святой царквой у дні жорсткіх ганенняў, калі ўся злосць гэтага свету настроілася на Святую царкву, спрабуючы знішчыць Праваслаўе і нават памяць пра яго. Жанчыны здзейснілі непрыкметны подзвіг. Яны навучылі ісцінам веры Хрыстовай сваіх дзяцей і ўнукаў, нягледзячы ні на якія пагрозы, наведвалі храм Божы, удзельнічалі ў Таінствах Царквы, захавалі і свята перадалі царкоўныя традыцыі.

— Ужо будучы дарослай, — працягвае Алена, — калі ў Райцы зусім закрылі храм, разам з мамай хадзілі на набажэнствы ў Валеўку, за 10 км. Памятаю, мама прыхварэла, дык я на ўсяночную адна пайшла і не баялася, ведала, што са мной Анёл-ахоўнік, што там сустрэну знаёмых і абавязкова назад прыеду. А калі ў 1994 годзе пачаліся набажэнствы ў адрамантаваным ніжнім храме (сёння там ідуць службы ў зімні перыяд), я з першага дня стала казначэем і пачала больш глыбока вывучаць асновы праваслаўя. Дапамагаць асабліва не было каму, таму ўборку ў храме даводзілася рабіць у некалькі дзён, але цяжару я не адчувала, мабыць, сам Гасподзь дапамагаў мне. Шмат вады сплыло з таго часу, шмат пераўтварэнняў. Сёння я ўжо спяваю на клірасе і чытаю Апостал. (Пра гэта можна і не распавядаць, бо менавіта да Алены звяртаемся па любых пытаннях і менавіта да яе меркавання прыслухоўваемся). Ды і вы, усе мае памочніцы, вельмі мне дапамагаеце. Цяпер усё значна лягчэй.

Я магу слухаць Лену бясконца. Яе энергія, добразычлівасць, апантанасць уражваюць! І потым… гэта такая рэдкасць, скажу я вам.

Колькі вакол мяне маладых жанчын, стомленых, раздражнёных, незадаволеных усім. Мужам, дзецьмі, працай, начальствам… І поўная адсутнасць жадання нешта змяніць у сваім жыцці, змяніцца ў першую чаргу самой.

Калі хто бываў у нашым храме святой впц. Варвары (калі ж не было такой магчымасці, то знайдзіце ў Аднакласніках групу » Храм св. впц. Варвары»), то мог бачыць, з якой любоўю і клопатам аформлены кветкавыя кампазіцыі не толькі ў самой царкве, але і на храмавай тэрыторыі. Гэта ўсё пад кіраўніцтвам нашай Алены.

Пагадзіцеся, што сучаснае прыхадское жыццё ў нас сёння трымаецца амаль выключна на жанчынах. Калі б не іх самаадданая праца, паслухмянасць, любоў, дабрыня, немагчымымі былі б ніякія царкоўныя справы. Не будзь іх, праваслаўных жанчын, у нашых храмах, хто б клапаціўся пра ўсё: ад палівання кветак да арганізацыі святочных трапез, ад спеваў на клірасе да добраўпарадкавання храмавай тэрыторыі? Хто прыходзіць раней і сыходзіць пазней за ўсіх? Менавіта яны, нашы прыхаджанкі.

Вяртаючыся ў дзень сённяшні, мы бачым, што жанчыны-хрысціянкі, нягледзячы на высокую інтэнсіўнасць іх жыцця, нясуць нялёгкі крыж сваіх хатніх, сямейных, бацькоўскіх, вытворчых і грамадскіх абавязкаў. Яны знаходзяць час, не трацячы пераемнасць, перададзеную святымі жонамі-міраносіцамі, служыць яўна нябачнаму Госпаду.

Падзяка вам і пажаданне духоўнага ўзыходжання, любові, Божага благаслаўлення, выратавання душы. Хай кожная кропелька вашай працы ператворыцца ў пахучую лілію ў нябесных палацах. Няхай Гасподзь ніколі не пакідае вас і выконвае ўсе вашы прашэнні. Многая і благая лета!

Таіса МУХІНА,
агр. Райца