Мастак з Турца Павел Абадзінскі дзеліцца сакрэтамі майстэрства

Пад такой назвай у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі адкрыта выстава карцін мастака з аграгарадка Турэц Паўла Аляксеевіча Абадзінскага. Сустрэча ладзілася з нагоды 90-годдзя з дня нараджэння мастака.

Шлях да мары

Павел Аляксеевіч Абадзінскі нарадзіўся 19 мая 1931 года ў Турцы. Пасля заканчэння школы паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Вучоба была цікавай, але прага да мастацтва жыла ў душы. Папрацаваўшы ў сельскай гаспадарцы, ён вырашыў ажыццявіць сваю мару і прадоўжыў вучобу ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава.
Пасля заканчэння вучобы пачынае сваю працоўную дзейнасць настаўнікам працы, чарчэння, малявання, а затым — загадчыкам тэхнічных сродкаў у Карэліцкім РАНА.
Стварае сям’ю, з жонкай Нінай гадуюць дачку Алену і сына Аляксандра. Будуе дом з майстэрняй.

«Заросший пруд», «Домик над озером», «Турец новый и старый», «Мирский базар», «Кореличи» — уважліва ўглядаюся ў карціны на выставе і чытаю подпісы. Палотны неяк па-асабліваму ўскалыхваюць сэрца, бо на іх — маленькая радзіма. Невыпадкова галоўнае жыццёвае крэда мастака: «Заўсёды шануй сваю Бацькаўшчыну, бо няма лепшай зямлі, дзе ты нарадзіўся і вырас».

Сёлета ўбачыла свет і кніга Паўла Аляксеевіча Абадзінскага «Не страчаны час. Турэц — радзімы мястэчка ў сэрцы». У ёй прадстаўлены мастацкія работы творчага перыяду 1993-2018 гадоў.

Сакрэты творчасці

Падчас сустрэчы старшы навуковы супрацоўнік музея Аліна Бутэнка гутарыць з госцем, які ў сваю чаргу шчодра дзеліцца сакрэтамі сваёй творчасці. Па меркаванні мастака, «карціну трэба пісаць не адну, а адразу некалькі». Тады мастак не засумуе, а будзе працаваць з радасцю. Ён любіў ствараць пейзажы і партрэты, і рабіў гэта ў любы час.

Вялікі ўплыў на разуменне жывапісу Паўлам Аляксеевічам аказаў мастак Алег Луцэвіч, на светапогляд — сябар Міхаіл Брыль. Зносіны з імі давалі пачынаючаму мастаку добрыя вынікі — пільней углядаўся ў навакольны свет і адлюстроўваў краявіды на палатне.

На пытанне «Якія якасці павінны быць у мастака?» Павел Абадзінскі адказаў: «Па-першае, чалавеку даецца талент (у дзяцінстве ў любой краме ён заўсёды працягваў руку за алоўкам, а не за цукеркамі); па-другое, упартасць (калі іншыя дзеці гулялі, я маляваў); па-трэцяе, працавітасць (прафесіяналізм дасягаецца ўпартай працай); асяроддзе чалавека («уплыў сям’і на фарміраванне асобы»).

«Не пэндзлем, дык словам»

На сустрэчу з мастаком Паўлам Аляксеевічам Абадзінскім прыйшлі жыхары і школьнікі гарпасёлка. Тут прысутнічаў сын Аляксандр, які працуе інжынерам у РУП «Белдарцэнтр» г. Навагрудак. Справай жыцця лічыць заняткі адзінаборствамі, займаецца творчай дзейнасцю. Шмат выступае са сваімі творамі на розных культурных пляцоўках краіны.

Летась выдаў зборнік вершаў «Шляхамі жыцця».

«Хочацца сказаць людзям штосьці важнае, — адзначае Аляксандр Абадзінскі. — Калі не валодаеш пэндзлем, то можна данесці свае думкі праз паэтычнае слова». На сустрэчы прагучалі цудоўныя мелодыі.

Шанцуе з маленства — жыву ў Беларусі!
Ў старонцы цудоўнай, у краіне дабра!
За Маці, Радзіму я шчыра малюся,
Бо лепшых за іх ва ўсім свеце няма!

На выставу завітаў былы загадчык аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама, жыхар г.п. Карэлічы Віталій Шэўка, які падзяліўся ўспамінамі пра калегу па працы: «Працаваў у аддзеле адукацыі загадчыкам раённай фільматэкі і па сумяшчальніцтве настаўнікам малявання ў Трашчыцкай сярэдняй школе. Выключна безадказны працаўнік, з усімі знаходзіў агульную мову, кожнаму дапамагаў пры першай магчымасці. Прыйшоў на выставу, каб падзяліць радасць з нагоды падзеі».

Дырэктар музея Дзмітрый Арцюх выказаў словы ўдзячнасці мастаку за прадастаўленыя для выставы работы і спадзяванне на далейшыя сустрэчы. Выстава прадоўжыцца да 10 чэрвеня 2021 года.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ