Настоятель храма Воскресенья Христова Анатолий Шелест рассказывает, как праздновали Пасху в его семье, корректно ли поздравлять друг друга через соцсети и правильно ли красить яйца в цвета радуги

Легкакрылай птушкай лунае над лукскімі могілкамі храм Уваскрэсення Хрыстова, які за сваю 250-гадовую гісторыю перажыў многае: заняпад, адраджэнне, забыццё і зноўку новае жыццё.

Настаяцель храма Анатолій Шэлест расказвае, што царква ў Луках была пабудавана ў 1770 годзе з дрэва. У 1840 годзе яна была адрамантавана на сродкі, выдзеленыя царскім урадам. Потым у гады ліхалецця храм быў у заняпадзе, адрадзілі ж яго толькі ў пачатку ХХ стагоддзя. Кажуць, што для таго, каб узвесці будынак, людзі разабралі адзін з амбараў.

У богаборніцкія часы, у 1963 годзе, царква была зачынена, і толькі ў 1990 годзе тут пачаліся богаслужэнні.

Айцец Анатолій тлумачыць, што прыхаджане вырашылі пабудаваць храм у выглядзе карабля, бо ён сімвалізуе сабой выратавальны каўчэг, што зберагае людзей у жыцейскім моры і вядзе да выратавання. Ды і назву ў гонар Уваскрэсення Хрыстова таксама абралі мясцовыя вернікі. Дарэчы, гэта адзіны ў раёне храм з такой назваю. Царкву сціпла вянчае адзін купал. Сапраўды, храм вельмі аскетычны, зусім як той, у гонар каго ён і названы.

Падчас гутаркі айцец Анатолій успамінае, як святкавалі Вялікдзень у яго сям’і:

— У канун Вялікадня хату асабліва старанна прыбіралі, куплялі што-небудзь новае: абрус ці фіранкі. Дарослыя абавязкова пасціліся. Пяклі кулічы, звычайныя, без дабаўлення, як сёння, цукатаў, фарбавалі цыбульным шалупіннем яйкі, запякалі мяса. Асвячаць велікодную трапезу ў царкву заўсёды хадзіў тата, і мы, дзеці, з нецярпеннем яго чакалі. Раней такі пачастунак быў для нас сапраўдным святам. Мы віталі адзін аднаго словамі: ”Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!” і дарылі яйкі. Мы, дзеці, гулялі ў мацака, спрабавалі, у каго мацнейшае яйка. Гэта адно з самых цёплых сямейных святаў і да сённяшняга дня.

Пытанні святару

— Яйкі абавязкова павінны быць пафарбаваны?

— Вядома, бо Вялікдзень — чырвоны. Гэта вядомая гісторыя пра святую Марыю Магдаліну. Яна прыйшла да рымскага імператара Тыберыя і ўсклікнула, што Ісус Хрыстос уваскрос. Ён не паверыў у гэтае і сказаў, што хутчэй яйка стане чырвоным, чым чалавек уваскрэсне. І пасля гэтых слоў яйка ў руках імператара стала чырвоным. Адсюль пайшла гэтая велікодная традыцыя. Некаторыя людзі не фарбуюць яйкі, пакуль не споўніцца 40 дзён або 1 год па памерлым родным, але гэта не адпавядае царкоўным традыцыям.

— Ці правільна, што сёння яйкі фарбуюць у любыя колеры вясёлкі?

— Звычайна фарбуюць цыбульным шалупіннем, а астатняе — фантазія чалавека. Бывае, людзі робяць роспісы, і атрымліваюцца пісанкі. Гэта прыгожа, і нічога дрэннага ў гэтым няма.

Яшчэ любяць наклейкі на шкарлупіну клеіць…

— Калі на наклейках ёсць выява Ісуса Хрыста, такія ўпрыгожванні лепш не купляць. Бо пасля таго, як яйка будзе з’едзена, наклейка разам з выяваю адправіцца ў сметніцу.

— Часта ў магазінах сустракаюцца кулічы, якія ўжо асвечаны. Як Вы да гэтага адносіцеся?

— Лепш чалавеку прыйсці да храма, каб самому асвяціць кулічы. Нават калі хтосьці не можа гэтага зрабіць, ёсць родныя ці суседзі, якія дапамогуць. Да таго ж, калі ўсё не прадаецца, то, думаю, утылізуецца, а гэта няправільна.

— Ці карэктна віншаваць адзін аднаго з Вялікаднем праз сацыяльныя сеткі і мэсэнджэры?

— Зараз вельмі дынамічнае жыццё. Раней прысылалі паштоўкі з віншаваннямі, потым тэлефанавалі, зараз робяць гэта праз інтэрнэт. Не бачу ў гэтым нічога дрэннага, калі пішуць добрыя словы. Я і сам карыстаюся такім відам сувязі. А вось выява іконы на віншаванні выглядае не надта карэктна. Як і вясёлыя вершыкі.

— Што рабіць, калі ў нядзелю чалавек знаходзіцца на дзяржаўнай працы і не можа пайсці на службу?

— Дзяржаўная праца не грэх, на службу можна прыйсці і ў любы другі дзень.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара