Николай Владимирович и Елизавета Ивановна Кохан из деревни Стрельники 54 года живут душа в душу

Пяцьдзясят чатыры гады крочаць разам па жыцці Мікалай Уладзіміравіч і Лізавета Іванаўна Кохан з вёскі Стрэльнікі Красненскага сельсавета.

9 ліпеня яны адзначаць ізумруднае вяселле.

Аснова асноў жыцця

Мікалай Уладзіміравіч нарадзіўся ў вёсцы Стрэльнікі ў 1943 годзе. Бацька пайшоў на фронт і загінуў, калі хлопчыку быў адзін год. Застаўшыся з малымі дзецьмі на руках, маці не разгубілася і рабіла ўсё дзеля дзяцей.

З васьмі гадоў Мікалай ужо хадзіў у калгас «Великий Октябрь» на работу. Даводзілася абрабляць бульбу, збіраць каменне, зносіць з поля зелле пасля праполкі — так непрыкметна прывучаўся да працы. Як паказала далей жыццё, гэтыя навыкі спатрэбіліся.

Абраная прафесія прыйшлася па душы. у арміі закончыў курсы шафёраў. Два гады адпрацаваў у Карэліцкім райспажыўтаварыстве. Затым пятнаццаць аддаў шафёрскай справе — працаваў на аўтамабілях ГАЗ-51 і ГАЗ-53 у калгасе «Маяк». Зараз з удзячнасцю ўспамінае той час, калі праца была ў радасць і складала аснову асноў жыцця.

Больш за 50 гадоў разам

— З Лізаветай пазнаёміліся ў клубе ў Горнай Руце, — успамінае субяседнік. — Я ўжо з арміі прыйшоў. Сустракаліся паўгода. Потым паехаў да яе маці і пасватаўся…

Абранніца жыцця аказалася з вёскі Бабнева (цяпер гэта Садовая). Да Стрэльнікаў — чатыры кіламетры. Яе бацька таксама загінуў на вайне.

— Мы пажаніліся і пачалі жыць, — прадаўжае Мікалай Уладзіміравіч. — Дом пабудавалі са шлакабетону. Спадарожніца жыцця працавала даяркай на ферме «Тударава», а затым на ферме «Стрэльнікі» свінаркай.

Пад дахам свайго дома сям’я Кохан жыла ўжо праз два гады. Да таго ж са старой хаты зрабілі хлеў, выкапалі калодзеж — і не заўважылі, як жыццё набірала ўсё новыя і новыя абароты. Трымалі асабістую гаспадарку: карову, свіней, авечак, садзілі 30 сотак бульбы.

— Мы пражылі нялёгкае, але цікавае жыццё, — сцвярджае галава сям’і. — Пражылі ў ласцы і згодзе, паважалі адзін аднаго, шмат працавалі, гадавалі дзяцей.

Прадаўжальнікі роду

Мікалай Уладзіміравіч і Лізавета Іванаўна з любоўю і ўдзячнасцю расказваюць пра сваіх дзяцей і ўнукаў. Ім на прадаўжальнікаў роду пашанцавала. Галоўнай рысай іх характару з’яўляецца працавітасць. Сын Мікалай абраў шафёрскую справу, працуе ў адной з дзяржаўных устаноў райцэнтра. Ён з’яўляецца добрай падтрымкай і апорай для блізкіх людзей. Часта наведваецца ў бацькоўскую хату і любіць папрацаваць на роднай зямлі.

Дачка Алена звязала сваё жыццё з мясцовай гаспадаркай. Яна працуе ў сталовай СВК «Маяк-Заполле», возіць абеды хлебаробам у поле. Яе муж Мікалай — вадзіцель сельгаскааператыва. Пра яго і нявестку Ірыну, кансультанта «Беларусбанка» ў Карэлічах, мае субяседнікі адгукаюцца з павагай — яны сталі ў сям’і Кохан сваімі і падарылі нямала шчаслівых хвілін сустрэч, падтрымкі, узаемапаразумення.

Найвялікшай радасцю для ўжо немаладых людзей з’яўляюцца і меншыя прадаўжальнікі роду: чацвёра ўнукаў і праўнучка. Кожны з іх абраў сабе справу па душы: Насця звязала жыццё з медыцынай, Максім служыць у праваахоўных органах, Іна працуе выхавальнікам дзіцячага сада, а Паліна — школьніца-шасцікласніца. Чатырохгадовая праўнучка Сафія расце на радасць усім: не толькі бабулі і дзядулі, але і сваякам.

Райскі куточак

Стрэльнікі знаходзяцца недалёка ад Карэліч. Не паспееш агледзецца — праз некалькі хвілін на аўтамашыне ў цудоўных мясцінах. Вёска ў майскія дні зачароўвае па-асабліваму: сады ў квецені, шаўковая трава з сонечнымі дзьмухаўцамі, пунсовыя цюльпаны ў агародчыках. Прыгажосць авалодвае ўсёй істотай таго, хто завітае на гадзіну-другую сюды, а вось для яго жыхароў населены пункт з’яўляецца сапраўдным райскім куточкам.

Хаця вёска зараз не звініць дзіцячымі звонкімі галасамі, як шмат гадоў таму, але мае сваё зачараванне. Тут стаіць такая цішыня, што можна нават пачуць, калі добра прыслухацца, сваё дыханне. Тут ва ўспамінах і думках адпачывае душа яе жыхароў. У ліку гэтых шчасліўчыкаў і сям’я Мікалая Уладзіміравіча і Лізаветы Іванаўны Кохан. Жыццю яны прадаўжаюць радавацца: разам больш за 50 гадоў крочаць па жыцці ў павазе і згодзе! У родную хату наведваюцца дзеці і ўнукі, часта тэлефануюць. Да паслуг вяскоўцаў — аўтамагазін і паштовая сувязь. Жыццё прадаўжаецца…
* * *
Калі вярталіся з вёскі Стрэльнікі, у памяці ўсплылі вершаваныя радкі беларускага паэта Максіма Танка:
Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, з дарожнага пылу,
З роднага небасхілу…

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ