Працягваем вандраваць разам з “Полымя” і наведваем Горную Руту, вёску, дзе ажывае гісторыя

Вёсачка Горная Рута, што ў 12 кіламетрах ад Карэліч, —  надзвычай маляўнічая і багатая на гісторыю мясцінка. Тут нарадзіўся знакаміты беларускі рэлігійна-палітычны дзеяч Іосіф Руцкі, часта бываў паэт Адам Міцкевіч. Сёння Горная Рута вабіць прыгажосцю краявідаў, значную частку якіх займаюць Навагрудскія Яры — геалагічны помнік прыроды. Нездарма вёску аблюбавалі маладыя гараджане, якія вядуць натуральную гаспадарку і па-сапраўднаму адчуваюць сябе шчаслівымі.

Сцежкамі Адама Міцкевіча

Стараста Горнай Руты Ніна Суран пра сваю вёску можа распавяць гадзінамі і прафесійна вадзіць па ёй экскурсіі. І зразумела чаму: тут прайшло 50 гадоў яе жыцця, сюды ўкладзена шмат сіл і намаганняў, а вяскоўцы сталі амаль што роднымі.

З Нінай Іванаўнай сустракаемся каля помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. З франтоў Другой сусветнай у вёску не вярнулася 18 чалавек, у Паланаеўскі сельсавет, куды раней уваходзіла Горная Рута, — больш за 100.

— Помнік паставілі ў 1965 годзе, — расказвае Ніна Іванаўна, — з таго часу калгас пра яго клапоціцца. Я кожны год саджу кветкі: цюльпаны, рамонкі, удовін цвет і незабудкі.

Стараста ўзяла сапраўднае шэфства над памятным месцам, азеляняе, палівае, праполвае. Муж Мікалай нават часам жартуе, маўляў, бяры, Ніна, палатку ды разбівай каля помніка, каб бліжэй хадзіць было. Праз некалькі крокаў — помнік Чапаеву, ён таксама дагледжаны, тут растуць кветкі. Раней мясцовы калгас называўся імя Чапаева, потым яго аб’ядналі з “Маяком”, пазней з “Новым жыццём” і стаў “Маяк-Заполле”.

Рушым наперад па ціхай вясковай вулачцы. Ніна Іванаўна расказвае, што назва вёскі паходзіць ці то ад рачулкі Рута, што працякае праз паселішча, ці то ад лячэбнай руты-мяты, якая і сёння расце ўздоўж рэчкі. Вёска размешчана на гары, таму і Горная. Зусім побач — Дольная Рута, дзе дамы месцяцца ў нізіне. Калісьці абедзве вёскі былі адным маёнткам Рута, які ўпершыню ў летапісах узгадваецца ў 1516 годзе. Першым уладальнікам быў шляхціч Веньямін Руцкі. У 1573 годзе ў пратэстанцкай сям’і Фелікса Руцкага нарадзіўся сын Іосіф, які стаў знакамітым рэлігійна-палітычным дзеячам. У 1789 годзе ўніяцкі мітрапаліт Феадосій Растоцкі набыў маёнтак Рута, які пазней перайшоў яго брату Раману Растоцкаму, а пазней — пляменніку Метарду Растоцкаму. Метард Растоцкі быў суддзёй з Наваградка і лепшым сябрам бацькі Адама Міцкевіча. Пасля смерці Мікалая Міцкевіча Метард Растоцкі дапамагаў удаве расціць дзяцей, таму Адам Міцкевіч часта бываў у свайго апекуна ў Руце, дзе з мясцовымі жыхарамі святкаваў Купалле і Каляды, скакаў праз вогнішча і вадзіў казу. Сюды прыязджаў, калі яму было цяжка: пасля смерці маці, пасля таго, як расстаўся з каханай Марыляй Верашчакай. Нават жывучы ў эміграцыі ў Парыжы, паэт часта ўспамінаў Руту і пісаў у пісьмах, што яна прыгажэйшая за рэзідэнцыю французскіх каралёў Фантэбло. Пішучы баладу “Пан Тадэвуш”, сюды паэт прылятаў у думках, гэтыя краявіды і гэтыя людзі паўставалі перад ім.

Душой багатыя вяскоўцы

Сёння ў вёсцы 140 двароў. Жывуць не толькі мясцовыя, але і гараджане прыязджаюць на лецішчы. Таму летам Горная Рута звініць дзіцячымі галасамі і нібы вяртаецца на некалькі дзесяцігоддзяў назад, калі тут віравала жыццё.

— Наша вёска багатая не толькі гісторыяй, але і людзьмі, — распавядае Ніна Іванаўна. — Людзі ў нас харошыя, працавітыя. Пенсіянераў у нас толькі 35, астатнія маладыя. Моладзь застаецца жыць і працаваць. Сельгаскааператыў “Маяк-Заполле” дае работу, добры заробак. У аграгарадку Краснае ёсць школа і садок. У Руце працуе магазін і фельчарска-акушэрскі пункт, прыязджае паштовы аўтамабіль і бібліобус. Да Навагрудка ходзіць рэйсавы аўтобус, вяскоўцы ім добра карыстаюцца.

Ірына Фёдараўна Лапата больш за 40 гадоў адпрацавала ў фельчарска-акушэрскім пункце ў Горнай Руце. Прыехала па размеркаванні ў 1969 годзе з Дзятлаўскага раёна, так  і засталася.

— Раней вёска была буйная, цэнтр калгаса. Працавалі клуб, пошта, быткамбінат. Да ФАПа было прыпісана 1600 чалавек з 8 вёсак ды яшчэ 2 школы ў Руце і Паланой. Да хворых дабіралася пехатой, нават ровара не было. І ноччу выезды былі, скорая тады не хадзіла. Людзі прыязджалі па мяне і на возе, і на матацыкле. Памятаю, роды прымала на даму: жанчына працавала ў хляве, раптам пачаліся схваткі, я і павітуха прынялі роды. Тады хлопчык нарадзіўся. Яшчэ выпадак памятаю. Прыязджае брыгадзір, крычыць: “Дапамажыце! Шафёр памірае!” Аказалася, хлопец страціў прытомнасць. Мы яму прама на полі дапамаглі, завезлі дадому. Усё абышлося.

Цікавы факт: старых і пустуючых дамоў у Горнай Руце амаль няма, у асноўным іх купляюць як лецішча або афармляюць у спадчыну. Нікіфарава Любоў Віктараўна якраз з такіх. Нарадзілася ў Горнай Руце, потым як большасць такіх жа маладых, як і сама,  падалася ў горад, працавала медсястрой у Мінску. Цяпер на пенсіі, амаль увесь час праводзіць у бацькоўскай хаце. Сюды спяшаюцца яе дзеці і ўнукі.

— Бацькоўскі дом для нас — святое. Калісьці прамільгнула думка прадаць яго. Думалі, хто будзе за ім глядзець, увесь жа час трэба нешта рамантаваць, але мае дзеці па-даросламу сказалі: не, нават калі ад хаткі застанецца ганак, то хоць прыехаць на парозе пасядзець…

Насамрэч дом Новікаў (прозвішча Любові Віктараўны да замужжа) аж зіхаціць на ўсю вёску бялюткімі сценамі і вабіць вока кветнікамі і адмысловымі дэкаратыўнымі карзінамі і платамі. У гэты момант падумалася: вось бы ўсе гараджане так, узялі і вярнуліся ў родныя гнёзды, скасілі пустазелле, пасадзілі кветкі, пабялілі сцены, пафарбавалі вокны. Глядзіш — і зажывуць вёсачкі па-новаму, загамоняць на ўсе галасы, як раней.

— Я сюды прыязджаю з горада, выходжу з аўтобуса і такое паветра, што галава кружыцца, — летуценна гаворыць Любоў Віктараўна. — У горадзе такога не адчуеш. Тут я ўпершыню пачула, як спяваюць дразды. Разам з дзецьмі і ўнукамі нарабілі кармушак, развесілі па надворку, цяпер усё лета канцэрты слухаем.

Жанчына з гонарам расказвае пра сустрэчу з пісьменнікам Юрыем Татарынавым, заснавальнікам серыі кніг “Беларусь гістарычная”, “Пра каханне”, “Гарады Беларусі” і “Кніга для займальнага чытання на кожны дзень”. Ён прыехаў у Руту ў пошуках дзяцінца (у Сярэднявеччы — умацаваная частка гораду, дзе жыў князь або яго намеснік). Пісьменнік мяркуе, што ландшафт і геаграфічнае размяшчэнне вёскі падыходзіла для будаўніцтва княжацкага замка. Гара, абнесеная ровам, з’яўлялася выдатным натуральным абарончым збудаваннем, а сама вёска месціцца недалёка ад Навагрудка — старажытнай сталіцы Вялікага княства Літоўскага.

Устаць і легчы па сонцы

Горная Рута, як цудадзейны  магніт, прыцягвае да сябе сем’і экапасяленцаў — людзей, якія адмовіліся ад гарадскога жыцця, каб падарыць сваім дзецям вясковае дзяцінства. Сярод іх — шматдзетная сям’я Мікіты і Наталлі Цехановіч.

Дабрацца да хаткі Цехановічаў не так і проста: трэба спусціцца ў глыбокі яр, потым падняцца на круты ўзгорак. Невялікі дамок патанае ў зеляніне дрэў і кустоў, мацней, чым у вёсцы, прыгравае сонца. Здаецца, трапляеш у сапраўдны батанічны сад. Насустрач нам выбягае басаногі хлопчык, кліча матулю. Гэта старэйшы ў сям’і —  Дабрыня. За ім выбягае брат Радасвет, трымае на руках сястрычку Любачку. З прыветнай усмешкай з’яўляецца на парозе Наталля, якая гаворыць, што Мікіта з’ехаў у горад.

— Мы жывём тут амаль 10 гадоў, — расказвае жанчына. — Мікіта ў свой час меў бізнес у Маскве, я жыла ў Пецярбурзе. Пазнаёміліся мы ў Індыі, потым прыехалі сюды.

Наталля расказвае, што ў сям’і няма жорсткага графіку: ніхто не спяшаецца на работу ці ў школу. Між тым Мікіта — выдатны пячнік і сталяр, што дазваляе сям’і жыць у дастатку. Дабрыня дыстанцыйна вучыцца ў школе.

— Мы жывём у гармоніі з прыродай, любім і шануем яе, — гаворыць Наталля. — Кладзёмся і ўстаём па сонцы, кожную раніцу робім зарадку, абліваемся вадой. Не ўжываем мяса, птушку, рыбу. Дзеці нашы ўвогуле гэтага ніколі не каштавалі. Купляем малако і робім з яго сыр, тварог, смятану. Стараемся больш ужываць сырой садавіны і агародніны, якую самі і вырошчваем. Хлеб таксама самі пячом.

У сядзібе Цехановічаў вельмі шмат дрэў, у тым ліку экзатычных: кізіл, шаўкоўніца, персік, язмін, кедр, дрэвападобная півоня, лямцавая вішня. Многае з таго, што вырошчваюць, дораць. Некалькі туй пасадзілі каля помніка загінулым у Горнай Руце, каля Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Карэлічах.

У планах шматдзетнай сям’і — па суседстве пабудаваць новы дом без электрычнасці, дзе яны мараць жыць. Наталля расказвае, што ўся сучасная начынка застанецца ў старым будынку: без гэтага нікуды, сям’я час ад часу карыстаецца інтэрнэтам, бытавымі прыборамі.

На маё пытанне, як правільна адносіцца да прыроды, Наталля адказвае проста: “Яе трэба любіць і ўсё”.

Вельмі хочацца, каб Горная Рута працягвала жыць і красаваць, стала месцам прыцягнення турыстаў. Тут ёсць поле дзейнасці для пісьменнікаў, гісторыкаў, археолагаў і проста аматараў даўніны, якія адчуваюць сувязь з вёскай, каго клічуць карані.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара