У Карэлічах Беларускі саюз жанчын ініцыяваў акцыю “Слаўся, зямлі нашай светлае імя!”

Раніца 6 мая пачалася ў Карэлічах з патрыятычнай акцыі “Слаўся, зямлі нашай светлае імя!”, ініцыяванай аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыяй ГА “Беларусі саюз жанчын” і Карэліцкай дзіцячай школай мастацтваў.

З самай раніцы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларусі саюз жанчын”  Іна Санчук і выхаванцы Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Іван Кулак і Надзея Кошур павіншавалі членаў Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта з надыходзячым святам Перамогі і ўручылі ім бутаньеркі з яблыневай квеценню і чырвона-зялёнай стужкай, а таксама віншавальныя паштоўкі. У якасці падарункаў былі адрасаваны нацыянальныя сцяжкі.

 

— Гэтая акцыя павінна стаць чарговым напамінам пра тую дарагую цану, якой дасталася нам Перамога, — адзначыла Іна Санчук. — Сімвалічна, што ў гэтым годзе Дзень Перамогі ў календары супаў з Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Нашы дзяды і прадзеды ішлі ў бой, які мог стаць для кожнага з іх апошнім, трымаючы сцяг сваёй Радзімы. Пад гэтым сцягам Савецкі Саюз перамог фашызм. Наша сям’я з гонарам захоўвае памяць пра майго дзядулю-франтавіка, удзельніка Сталінградскай бітвы Захарчука Людвіга Іосіфавіча.

Кіраўніцтва райвыканкама, прымаючы падарункі, выказала маладому пакаленню словы ўдзячнасці і пажадала берагчы нацыянальныя сімвалы, ганарыцца сваёй Радзімай, памятаць пра подзвіг прадзедаў.

— Для мяне Дзень Перамогі — асаблівае свята, — адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валерый Літвін. — Абодва маіх дзеда ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Адзін дайшоў да Варшавы, другі — да Берліна. У нашай сям’і ганарацца продкамі, шануюць іх фотаздымкі. Я, пачынаючы са школьнай парты, не прапускаю святкаванне Дня Перамогі. Штогод прымаю ўдзел у святочным парадзе, ускладаю кветкі да памятных месцаў.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара