У Мирского замка проходит открытый районный конкурс-пленэр художников «Путь к мастерству»

На тэрыторыі музея «Замкавы комплекс «Мір» праведзены адкрыты раённы конкурс-пленэр мастакоў «Шлях да майстэрства», прымеркаваны да Года народнага адзінства.

Урачыстае адкрыццё адбылося ў Мірскім гарадскім Доме культуры. Да ўдзельнікаў пленэра звярнулася дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік і адзначыла, што ідэя аб правядзенні ўзнікла ў супрацоўнікаў аддзела рамесніцкай дзейнасці і заслугоўвае ўвагі. Праводзіцца з мэтай падтрымкі і папулярызацыі прафесійнага выяўленчага мастацтва, стварэння неабходных умоў для рэалізацыі творчых магчымасцей мастакоў, садзейнічання абмену творчымі дасягненнямі і магчымасцямі ўстанаўлення цесных кантактаў паміж мастакамі, развіцця і захавання цікавасці ўдзельнікаў да роднай зямлі, гонару за яе духоўную і культурную спадчыну, знаёмства з культурна-гістарычнымі аб’ектамі Карэліцкага раёна.

Загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага раённага Дома рамёстваў Юлія Баярэнка адначыла, што ў пленэры выказалі жаданне прыняць удзел 33 чалавекі ва ўзросце ад 13 гадоў і старэйшыя. Удзельнікамі з’яўляюцца навучэнцы Мірскага прафесійнага тэхнічнага мастацкага каледжа, Мірскай і Карэліцкай дзіцячых школ мастацтваў, Карэліцкага раённага Дома рамёстваў і жадаючыя са старэйшай узроставай катэгорыі. У іх ёсць магчымасць паказаць усю адметнасць аб’екта Сусветнай спадчыны і прыгажосць навакольнага свету.

Удзельнікі раённага конкурсу-пленэру накіроўваюцца у музей «Замкавы комплекс «Мір», дзе напачатку загадчык аддзела па навуковай рабоце гэтай установы Таццяна Кожух правяла экскурс — цікава і змястоўна расказала аб гісторыі ўзнікнення і асноўных этапах развіцця замка. Затым мастакі прыступілі да свайго асноўнага занятку.

Мне выпала магчымасць пагутарыць з удзельнікамі конкурсу-пленэру.

Вольга ЛОГІШ,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, мастак Карэліцкай раённай бібліятэкі:

— У пленэры ўдзельнічаю ўпершыню. Запрасілі арганізатары, і я згадзілася. Хачу праверыць сваё прафесійнае майстэрства.

Маляваць пачала з дзяцінства. Малявала ўсё, што бачыла: жывёлу, пейзажы. У школе любіла ўрокі малявання. Цяпер у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі вяду гурток творчасці, малявання, пескаграфіі. Вучу дзяцей маляванню з дапамогай пяску, і ім гэта падабаецца.

Анастасія ЧЫЧКАН,
настаўнік мастацкага аддзялення Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў:

— Ужо каторы год запар удзельнічаю са сваімі вучнямі ў пленэры. У гэтым годзе буду ў саставе журы, а прымаюць удзел мае вучні Манкевіч Марыя, Арабей Мілана, Чычкан Арына, Есьман Ангеліна. Усе творчыя, таленавітыя, актыўныя. Пленэр дае магчымасць вывучэння пейзажа з натуры, спазнаць светатонавыя адносіны ў прыродзе, маляўнічасць навакольнага свету, вывучыць перспектывы з натуры і атрымаць масу добрых эмоцый. У гэты раз мы прыехалі ў г.п. Мір. Гэта і гісторыя, і вывучэнне легенд, можна выкарыстаць свае ідэі ў творчую працу. Удзельнікі пленэра ўжо былі пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, хочацца пажадаць ім новых перамог і поспехаў у творчай дзейнасці.

Кацярына ДАВІДЗЕНКА,
вучаніца 9 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»:

— Штогод удзельнічаю ў пленэры. Гэта дае новыя эмоцыі і новыя знаёмствы. Набываю новыя навыкі ў маляванні. Планую гэты занятак выкарыстоўваць у жыцці як хобі. Гэта ў мяне ў нейкай ступені сямейнае: мой дзядуля Уладзімір пісаў карціны і дарыў іх людзям.
Лічу, што маляванне — вельмі карысны занятак для душы. Ён садзейнічае развіццю навыкаў, і не менш важна — гэта сустрэча з цудоўным. Трэба толькі заўважыць яго ў будзённым жыцці і паспець занатаваць на палатне ці на паперы.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Дзмітрыя НЕНАРТОВІЧА