В Кореличах состоялись районные соревнования среди добровольных пожарных формирований и санитарных дружин

21 мая, у пятніцу, на стадыёне «Юнацтва» ў г.п. Карэлічы каманды сельгаскааператываў і арганізацый раёна сабраліся для ўдзелу ў спаборніцтвах сярод пажарных фарміраванняў і санітарных дружын.
Арганізатарамі з’яўляюцца Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях установы «Гродзенскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь», установа аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца».
Спаборніцтвы праводзяцца з мэтай папулярызацыі дзейнасці санітарных дружын і пажарных фарміраванняў раёна, удасканалення ўменняў і навыкаў карыстання сродкамі пажаратушэння ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый, удасканалення тэарэтычных і практычных ведаў і навыкаў членаў санітарных дружын.

Для ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь запрашаецца камандзір добраахвотнай санітарнай дружыны, намеснік старшыні па жывёлагадоўлі СВК «Жухавічы» Аляксей Рафаловіч, для ўзняцця сцяга г.п. Карэлічы — камандзір добраахвотнай пажарнай дружыны, інжынер па ахове працы СВК «Жухавічы» Аляксандр Рамановіч.

Для прывітальнага слова ўдзельнікаў спаборніцтваў слова прадастаўляецца начальніку Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзянісу Стадольніку, які пажадаў ім надзейнага пляча членаў каманды, каб замацавалі тэарэтычныя веды на практыцы, а перамагчы змаглі мацнейшыя.

Мы гутарым з удзельнікамі спаборніцтваў і адказнымі за іх правядзенне ад працоўных калектываў раёна.

Наталля ДАСЬКО,
камандзір санітарнай дружыны ААТ «Карэлічы-Лён»:
— Удзел у спаборніцтвах — свайго роду школа, дзе можна пэўныя тэарэтычныя веды замацаваць на практыцы, даведацца шмат карыснага ў дадзеным накірунку. Гэтая навука аб аказанні першай урачэбнай дапамогі пацярпелым можа спатрэбіцца ў жыцці, і трэба не разгубіцца, а прыняць правільнае рашэнне ў нечаканай экстрэмальнай сітуацыі. Вось і дапамагаюць такія мерапрыемствы праверыць веды і сябе, яшчэ больш згуртавацца членам калектыву.
Алена КЛАЎСУЦЬ,
намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце
СВК «Свіцязянка-2003»:
— Безумоўна, мы павінны ведаць і ўмець аказваць першую даўрачэбную дапамогу. Веды аднаўляюцца, набываюцца новыя, лішнімі не бываюць, бо розныя сітуацыі ў жыцці і сям’і. Таму ніхто з працаўнікоў калектыву не адмаўляюцца ад удзелу ў спаборніцтвах. У камандзе сандружыны — ветурачы, інжынер, дыспетчар, сакратар, бухгалтар, памочнік загадчыка фермы. Хацелася б выйсці ў прызёры, але галоўнае — сам удзел, адчуванне духу спаборніцтваў, замацаванне і атрыманне новых ведаў у дадзеным накірунку.
Віктар МАЛЫШКА,
намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце
СВК «Жухавічы»:
— На працягу шматлікіх гадоў наша каманда прымае актыўны ўдзел у спаборніцтвах. Яе члены адказна адносяцца да іх падрыхтоўкі. Напярэдадні збіраюцца для атрымання пэўных навыкаў, ім аказвае дапамогу фельчар Жухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Ірына Маковік. Па выніках мінулагодніх раённых спаборніцтваў мы былі лідарамі сярод санітарных і пажарных дружын. Прымалі ўдзел у абласных спаборніцтвах. Хочацца, каб поспех заўсёды спадарожнічаў дасведчаным, смелым, нераўнадушным.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ