Библиотеки, детсады, школы. Кореличская молодежь на каникулах работает и зарабатывает

Сёння другасная занятасць для 50 навучэнцаў раёна арганізавана ў ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы», «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай», «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы», «Лукская сярэдняя школа», «Райцаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа», «Цырынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа», «Ярэміцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа», «Яслі-сад № 1 г.п. Карэлічы», «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы», ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка», УА «Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж». Навучэнцы выконваюць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, рамонце памяшканняў навучальнага корпуса, вырабе дыдактычных дапаможнікаў, афармленні гульнявых пляцовак, рамонту кніг і часопісаў.

Першачарговае права на працаўладкаванне маюць непаўналетнія, якія стаяць на індывідуальна-прафілактычным уліку, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, дзеці-сіроты. Так, толькі ў чэрвені працаўладкаваны тры чалавекі з ліку тых, хто стаіць на індывідуальна-прафілактычным уліку, адзін знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, трое дзяцей-сірот.

У 2021 годзе ў работах, якія фінансуюцца са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, запланавана працаўладкаванне 100 маладых карэліччан, якія вучацца ва ўстановах адукацыі, у рамках часова працоўнай занятасці ў вольны ад вучобы час і ў час летніх канікул з накіраваннем на гэтыя мэты 19300 рублёў са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Канстанцін ПЕТРЫМАН, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце УА «Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж»:

— Другасная занятасць — дзейсны інструмент у сацыялізацыі навучэнцаў. Звычайна самымі неабароненымі з’яўляюцца дзеці-сіроты ці дзеці, якія стаяць на розных відах уліку. Уключаючы іх у ажыццяўленне карыснай дзейнасці, даём ім магчымасць убачыць грамадска-значны вынік працы, што дапамагае ў далейшым жыць для карысці грамадства.

Сёлета 10 навучэнцаў заняты на работах па добраўпарадкаванні. Гэта расчыстка тратуарнай пліткі, касметычны рамонт памяшканняў каледжа. Яны прыняты на работу афіцыйна і атрымаюць за сваю працу заработную плату. Заробак будзе залежыць не толькі ад колькасці адпрацаваных дзён, але і ад якасці работы. Дадзеная дзейнасць — гэта першы вопыт дарослых адносін да работы, якія дысцыплінуюць, і ў далейшай працоўнай дзейнасці павінны спатрэбіцца.

Дар’я ВОЛАДАВА, навучэнка 1 курса, якая вучыцца па спецыяльнасцях рэстаўратар, роспіс па дрэве, тынкоўшчык:

— Я вырашыла папрацаваць у вольны ад вучобы час, і пра гэта не шкадую. Акрамя заробленых грошай, якія атрымаю за сваю працу і зрасходую карысна, атрымліваю шмат станоўчых эмоцый. Па-першае, мы маем добрую падтрымку Ігара Аляксандравіча Кадлубая, які каардынуе нашы дзеянні. Па-другое, падчас працы мы больш даведваемся адзін пра аднаго, мацнее наша сяброўства. Вось і атрымліваецца: сяброўства і праца ідуць побач. Мы робім звыклую работу — чысцім тратуарную плітку, але ж любая работа ў пашане. Спадзяюся, што першыя працоўныя ўрокі пойдуць нам на карысць: мы навучымся працаваць і самі зарабляць.

Лілія АРЦЮХ, дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»:

— На працягу лета падлеткі могуць не толькі адпачыць, але і папрацаваць. Кожнае лета ў Карэліцкую раённую бібліятэку па накіраванні прыходзіць вучнёўская моладзь па праграме часовага працаўладкавання непаўналетніх. Дзеці за час працы ў бібліятэцы асвойваюць асновы рамонту і аднаўлення кніг: падклейванне адарваных старонак, кніжнага пераплёту, наклейванне лісткоў вяртання, ксеракапіраванне старонак, якія адсутнічаюць, і іх уклейванне, рамонт мяккіх пераплётаў. Вучнёўская моладзь аказвае дапамогу бібліятэкарам у расстаноўцы кніг па алфавіце, расстаўляюць каталожныя карткі ў каталог, адбіраюць зношаныя кнігі з бібліятэчнага фонду для спісання.

Дзякуючы свайму першаму працоўнаму вопыту дзеці атрымліваюць неабходныя жыццёвыя ўрокі, развіваюць пачуццё адказнасці, самадысцыпліны і магчымасць знайсці новых сяброў. Для рабят другасная занятасць — гэта выдатная магчымасць правесці летнія канікулы з карысцю, паспрабаваць сябе ў розных відах працоўнай дзейнасці і атрымаць сваю першую заработную плату. А некаторыя юнакі і дзяўчаты атрымаюць на рукі яшчэ і свае першыя працоўныя кніжкі.

Ульяна МОНІЧ, вучаніца 9 «Б» класа СШ № 2 г.п. Карэлічы:

— Я прынята на работу падсобным рабочым з 14 па 25 чэрвеня ў раённую бібліятэку. Нас пяцёра. Мы правялі рэдакцыю фонду (расстаўлялі кнігі па алфавіце і аўтарах). Дапамагаем супрацоўнікам бібліятэкі рабіць праверку фонду кніг.

Мне хацелася паспрабаваць папрацаваць самастойна і самой зарабіць. Зарплату буду траціць на свае патрэбы. Магчыма, на адзенне ці ўзнос на новы тэлефон.
Я не шкадую, што прыйшла ў бібліятэку на працу. Я тут знайшла шмат цікавых кніжак і хачу іх прачытаць. Люблю чытаць прыгоды і дэтэктывы. Вельмі цікава, яны мяне захапляюць. Супрацоўнікам бібліятэкі ўдзячна за падтрымку і веды ў бібліятэчнай справе.

Вольга СТАРЖЫНСКАЯ, выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА «Яслі-сад № 1 г.п. Карэлічы»:

— Кожны год у летні перыяд па накіраванні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама ў нашу ўстанову накіроўваюць моладзь ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў на работу падсобнымі рабочымі. Гэта вельмі добрая практыка для нас і для маладых.

Сёлета на работу прыйшла Валерыя Кучынская. Мэтанакіраваная і ініцыятыўная, яна выконвае даручанае якасна і ў тэрмін. Моцна любіць дзяцей, таму і дзяўчынкі, і хлопчыкі цягнуцца да яе. Калі б Валерыя спыніла выбар на прафесіі выхавальніка, то, спадзяюся, не памылілася б. Пра такіх гавораць: чалавек на сваім месцы.

Валерыя КУЧЫНСКАЯ, вучаніца 11 класа СШ № 2 г.п. Карэлічы:

— У мінулым годзе падчас летніх канікул працавала ў раённай бібліятэцы. Сёлета мне споўнілася шаснаццаць, і мне прапанавалі працу ў дзіцячым садку. Я была рада: люблю малышоў, іх шчырыя вочы і добрыя ўсмешкі. Яны цягнуцца да мяне, і я аддаю ім любоў і ласку.

У сям’і расла адна, часам няньчыла суседскіх дзяцей. Пакуль не ведаю, якую прафесію выберу ў жыцці, але праца ў дзіцячым садку пойдзе мне на карысць. Акрамя заробленых грошай, ужо зараз атрымліваю вялікае задавальненне.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ і Канстанціна ПЕТРЫМАНА