Директор Кореличского сырцеха Лариса Раповец: «Чтобы достичь цели, нужно к ней просто идти и много чему учиться»

«Кіраўніком трэба нарадзіцца», — кажуць адны. «Кіраўніком становяцца ў працэсе работы», — сцвярджаюць іншыя. Начальнік Карэліцкага сырцэха Ларыса Міхайлаўна Рапавец лічыць інакш: «Яшчэ не нарадзіўся такі чалавек, які б ведаў усё. Чым больш пачынаеш унікаць у нейкую справу, капаць глыбей, тым больш разумееш, што шмат чаму трэба вучыцца, а пры зносінах з падначаленымі, калегамі па працы ўсведамляеш, што кіраўнік — перш за ўсё носьбіт дабрыні і чалавечнасці, прафесіяналізму, павагі да людзей, умення зразумець кожнага, прыняць правільнае рашэнне ў спрэчных сітуацыях.

«Я в жизни — ученица…», — так гаварыла руская паэтэса Ганна Ахматава. Магу паўтарыць гэтыя словы за ёю, таму што яны поўнасцю адпавядаюць сутнасці асобы Ларысы Міхайлаўны, якая вучыцца ўвесь час і не лічыць, што працэс закончаны і наогул ці закончыцца калі-небудзь. «Кожны дзень у любога чалавека можна запазычыць штосьці карыснае для сябе, можна чаму-небудзь навучыцца, і гэта ў многім фарміруе асобу, — прызнаецца малады кіраўнік і дадае: жыццёвыя ўрокі выпрацавалі ў маім характары жаданне тварыць дабро, любіць людзей, вызначылі правільныя накірункі для дасягнення пастаўленай мэты. Я ўдзячна Богу, што насуперак усяму мне ўдалося не страціць чалавечнасць, людкасць, быць карыснай грамадству.

Дзе ж чэрпаць сілы для дасягнення поспеху, шчасця? Якімі правіламі карыстацца, каб стаць паважаным сярод людзей кіраўніком, каб заваяваць іх давер, як не разгубіцца перад цяжкасцямі? Думаю, што пройдзены Ларысай Міхайлаўнай жыццёвы шлях (аб ім пойдзе аповед у артыкуле) дасць адказ на гэтыя пытанні і будзе ў нейкім родзе павучальным для пачынаючых (і не толькі) кіраўнікоў, дапаможа асэнсаваць сутнасць дэвізу, пад якім будуе яна гэты шлях: «Каб дасягнуць мэты, неабходна да яе проста ісці!»

У жанчыне, сустрэўшай мяне на прахадной, не адразу пазнала Ларысу Міхайлаўну. Заўсёды з густам, стыльна апранутая, зараз яна была ў вясёлай, бела-ружовага колеру працоўнай фірменнай вопратцы, твар закрывала маска, свяціліся толькі вочы, як заўсёды дапытлівыя, ласкавыя, напоўненыя ўнутранай дабрынёй, цеплынёй душы. З першых крокаў па тэрыторыі прадпрыемства міжволі звярнула ўвагу на яе дагледжанасць, чысціню і парадак, адчуваецца жаночая гаспадарлівасць кіраўніка і членаў калектыву.

Чысценька, утульна і ў памяшканні, у невялікай актавай зале, дзе павялі мы размову, што адразу настройвае на шчырую і даверлівую размову.

«Маё станаўленне бярэ пачатак у роднай Запольскай школе, — дзеліцца ўспамінамі Ларыса Міхайлаўна. — Ніколі не забудуцца тыя шчаслівыя дні, калі стала першакласніцай, калі зрабіла нясмелыя першыя крокі ў свет навукі з дапамогай цудоўнай настаўніцы Ірыны Мікалаеўны Уласевіч. У 3-4 класах мы былі сагрэты мацярынскай ласкай і клопатам настаўніцы ад Бога Алены Пятроўны Ракач. Мы часта хадзілі да яе дамоў, дзе адчувалі сябе як у роднай хаце. Ласкавая і ў той жа час патрабавальная, ніколі не злавалася, не крычала, разумела кожнага вучня, выхоўвала дабрынёй і, што немалаважна, любіла нас нібыта сваіх родных дзяцей. Я гэта адчувала і ў школу бегла з вялікім жаданнем і радасцю, бо там жыла дабрыня! Не зменшылася яна і ў Красненскай СШ, дзе вучылася з 5 па 11 класы, дзе быў закладзены моцны падмурак для будучага самастойнага жыцця, для самавызначэння, дзе працавалі лепшыя ў свеце настаўнікі, дзе былі створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы вучня. Захапляючыя ўрокі геаграфіі, якую выкладаў Навумовіч А.М., любімы класны кіраўнік Санько Т.І. Яна жыла нашымі праблемамі, нашымі радасцямі, была і псіхолагам, і дарадчыкам, і чулым, надзейным сябрам. Наогул, увесь калектыў — як адна сям’я. Удала спланаванае культурна-масавае жыццё спрыяла жаданню тварыць, актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, хоць у чым праявіць сябе.

Таму і старэйшай сваёй дачцы, і зараз малодшай пастаянна гаварыла і гавару: «Любіце настаўнікаў, школу, тады ўсё ў вас будзе добра. Менавіта школа заклала ў маім характары дабрыню, адказнасць, мэтанакіраванасць, імкненне да актыўнага вобразу жыцця і цвёрдае перакананне: каб стаць дастойным чалавекам, неабходна напаўняць свой лёс канкрэтнымі добрымі справамі, аздабляючы іх творчым натхненнем, карыснасцю для людзей. Менавіта ў школе праявіліся арганізатарскія і творчыя здольнасці, лідарскія якасці Ларысы. Як доказ таму — вытрымка з артыкула другога сакратара Карэліцкага раённага БПСМ Наталлі Мохань, апублікаванага ў далёкім 1998 годзе ў газеце «Полымя».

«Вылучыць сярод красненскіх актывістаў сапраўднага лідара — справа няцяжкая. Ён вызначаецца дзелавітасцю, сур’ёзнасцю, памяркоўнасцю. Ларыса Сачко — прызнаны лідар сярод старшакласнікаў, і як вынік — выбранне яе сакратаром школьнай пярвічкі БПСМ. Маючы выдатныя арганізатарскія здольнасці, яна ўмее згуртаваць вакол сябе моладзь, яе слухаюць, з ёю раяцца. Артыстычна здольная, Ларыса актыўна ўдзельнічае ва ўсіх школьных святах. Як толькі хапае ў дзяўчыны часу на ўсё! Бо яшчэ яна піша вершы, займаецца разьбой па дрэве…» Таіса Іванаўна Санько, былы класны кіраўнік Ларысы Міхайлаўны, з цеплынёй успамінае: «З 5 па 11 клас Ларыса была маёй правай рукой, ёй можна было даверыць любую справу, бо ведала — яна выдатна справіцца! Актыўная, адказная, дружалюбная, спагадлівая, добрасумленная, працавітая, яна заўсёды кранала сваёй дабрынёй і спачувальнасцю. Такія якасці перадала і сваім дачушкам. Успамінаю сваю вучаніцу з задавальненнем і ганаруся ёю, захапляюся яе настойлівасцю пры дасягенні пастаўленай мэты». А мэта была адна: выкарыстаць усе магчымасці, каб стаць карысным для людзей чалавекам. І гэта не пустыя словы. Мне давялося ў 1998 годзе быць сведкам таго, як старшакласніца Красненскай СШ Ларыса Сачко змагалася на раённым конкурсе за званне «Вучань года». Адстаючы ад моцнай суперніцы на некалькі балаў, у апошнім, дамашнім заданні «Мода-98», яна ўразіла сваёй фантазіяй, арыгінальнасцю, артыстызмам і членаў журы, і ўсіх прысутных, прадставіўшы калекцыю вопраткі «Мода-98» змайстраваную… з прыроднага матэрыялу! І перамагла. Прыгожа, дастойна, як і належыць пераможцы. Тады падумалася: гэтая дзяўчына пераадолее цяжкасці і даб’ецца многага ў жыцці. Так і атрымалася.

Шлях да мэты

Пасля паспяховага заканчэння сярэдняй школы — вучоба ў Ваўкавыскім тэхнікуме эканомікі і права па спецыяльнасці «Правазнаўства», які скончыла з дыпломам з адзнакай.

Пасля завочна атрымала адукацыю па гэтай жа спецыяльнасці ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

У 2000 годзе ўладкавалася на Карэліцкі маслазавод, дзе прайшла ўсе прыступкі ад рабочай да начальніка цэха, спазнаўшы тонкасці вытворчасці. У 2013 годзе прызначана начальнікам сырцэха (у 2019 г. Карэліцкі маслацэх перайменаваны ў сырцэх «Навагрудскія дары» філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат»).

У 2020 годзе прыняла ўдзел у 1-м Рэспубліканскім конкурсе прыгажосці «Miss Dairy Industry-2020» напярэдадні VI Экспартнага форуму «Беларусь малочная» і была прызнана яго пераможцай! На званне самай прыгожай прэтэндавалі 48 прадстаўніц малочнай галіны. У галасаванні прынялі ўдзел больш за 41 тысячу чалавек! Нашу прыгажуню прызналі самай дастойнай 3389 чалавек!

У 2020 г. яе партрэт змешчаны на раённую Дошку гонару.

Ларыса Міхайлаўна лічыць, што поспех у конкурсе, як і любы поспех прадпрыемства,— гэта, несумненна, агульная заслуга, і што калектыў, якім яна кіруе, — самы лепшы на свеце! Ён невялікі, 50 чалавек, і Ларыса Міхайлаўна глыбока паважае і любіць кожнага з іх. Ведае, хто чым жыве, ведае іх праблемы і заўсёды гатова дапамагчы. «Мы разам ладзім дзіцячыя святы (у работнікаў 32 дзіцяці), конкурсы, разам падарожнічаем, аб’ездзілі шмат цікавых месцаў у краінах былога СССР, роднай Беларусі; разам адзначаем значныя падзеі, адкрываем таленты. Гэта, на маю думку, згуртоўвае людзей, а мне, як кіраўніку, дае іх падтрымку і разуменне. Менавіта людская падтрымка дапамагла пераадольваць узнікаючыя цяжкасці. І мне вельмі пашанцавала працаваць з такімі цудоўнымі паплечнікамі — добрымі, спагадлівымі, адказнымі, з выключным пачуццём чалавечай годнасці, прафесіяналамі самай высокай пробы. Іх веды, вопыт, чалавечыя якасці — наш галоўны актыў. Многія адпрацавалі на прадпрыемстве ад 25 да 35 гадоў, многія былі маімі настаўнікамі ў прафесіі і, мабыць, вельмі харошымі настаўнікамі, калі дапамаглі мне вырасці да кіраўніка. Кожны з іх і з сённяшніх работнікаў дастойны быць прадстаўлены на Дошцы гонару. Я на ёй — часцінка згуртаванага калектыву».

У 31 год узначаліла Ларыса Міхайлаўна сённяшні сырцэх, і ёй ёсць чым ганарыцца.

Толькі факты

На прадпрыемстве праведзена мадэрнізацыя вытворчасці, пераабсталяваны памяшканні, што дало магчымасць за апошнія 5 гадоў у 2 разы павялічыць вытворчасць сыроў.
Вытворчыя магутнасці сырцэха дазваляюць прымаць і перапрацоўваць 100 тон сыравіны ў суткі, выпрацоўваць 1,5 тоны сыру, 2 тоны тэхнічнага казеіну, 5 тон замяняльнікаў цэльнага малака. Прадпрыемства выпускае больш за 10 відаў прадукцыі, многія з іх карыстаюцца попытам. А казеін адгружаецца ў Германію, Расію, Літву, Галандыю.

Гонар вытворчасці — гэта сыры. Асвойваючы рынкі Расіі і Украіны, карэліцкі сыр «Адыгейскі» неаднаразова адзначаны ўзнагародамі на шматлікіх конкурсах. Першымі ў Беларусі яго пачалі вэндзіць у Карэлічах, ён атрымаў высокую ацэнку рынка малочнай прадукцыі. Гэта пацвярджаюць шматлікія граматы і дыпломы.
На прадпрыемстве ўсё робіцца для таго, каб праца дастаўляла рабочым асалоду. Асобна можна адзначыць добры сацпакет і дастойную зарплату, таму кожны даражыць сваім рабочым месцам.

Што, акрамя сказанага, хочацца дабавіць да партрэта неверагоднай, абаяльнай Ларысы Міхайлаўны. Яна вельмі сціплы чалавек, не любіць выстаўляць сваё «я», таму мала хто ведае, што Ларыса Міхайлаўна займаецца дабрачыннасцю: пастаянна дапамагае чатыром сем’ям раёна; забрала да сябе 89-гадовую маці айчыма, даглядае, як родную, падарыўшы ёй умовы для шчаслівай старасці. Калегі характарызуюць яе як нефармальнага лідара, яна ж сама сцвярджае, што на гэтую ролю ніколі не прэтэндавала і не прэтэндуе, што актыўны ўдзел у грамадскім жыцці — адгалосак камсамольскага школьнага жыцця. «І я ўдзячна калектыву, які падтрымоўвае прапаноўваемыя ініцыятывы», — адзначае кіраўнік.

Ёсць яшчэ адна асаблівасць, каштоўнейшая з каштоўных, у асобе начальніка Карэліцкага сырцэха, старшыні Саюза жанчын прадпрыемства: апантаная любоў да малой радзімы, адданасць ёй. «Я ганаруся, што жыву, працую ў Карэлічах і ў меру сваіх магчымасцей рэкламую пасёлак, родны край, у якога багатая гісторыя, дзе жывуць цудоўныя людзі, дзе непаўторныя краявіды. А яшчэ гэтая зямля дае сілы, зараджае энергіяй, калі апрацоўваеш яе, вырошчваеш і збіраеш ураджай».

Вось такое ў жанчыны несучаснае хобі, адпавядаючае мудраму выказванню: дзе нарадзілася, там і спатрэбіліся… А гэта і ёсць яскравы прыклад сапраўднага патрыятызму без навуковых фармуліровак і мудрых слоў. Менавіта дзякуючы такім патрыётам заўсёды множылася і будзе множыцца моц і росквіт Карэліччыны, краіны наогул.

Бліц-апытанне

— Галоўныя якасці, якія павінны быць у асобе кіраўніка?

— Справядлівасць, цярпенне, глыбокае веданне сваёй справы, уменне выслухаць чалавека і зразумець яго, валоданне метадам пераканання, а не крыку, абавязкова — дабрыня, чэснасць.

— Чаго не прыемлеце ў людзях?

— Хлусні. Няхай горкая, але праўда. Па справядлівасці.

— Вашы верныя памочнікі ў працы?

— Увесь калектыў сырцэха.

— Вашы лепшыя сябры?

— На дадзены момант— мае дачушкі — Насця, студэнтка Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, і Ульяна, вучаніца 3 класа Карэліцкай СШ. Брат Сяргей. Ёсць сябры дзяцінства.

— Ваш галоўны недахоп у характары?

— Празмерная ўспрымальнасць, самакапанне, калі нешта адбываецца не так.

— Вашы любімыя кінафільм і кніга?

— Усе старыя савецкія фільмы, бо яны — сейбіты дабрыні. Кніга А. Грына «Алыя ветразі».

— Ваш любімы занятак у свабодны час?

— Люблю гатаваць, выпякаць смачныя ласункі. Летам — агарод, кансерваванне агародніны, садавіны. Прывучыла да гэтага Насцю, зараз вучу Ульяну.

— Галоўная мара на сённяшні час?

— Каб былі здаровымі людзі, жылі з дабрынёй у сэрцы, якой так не хапае! Каб усё ладзілася на рабоце, каб множыліся поспехі на любімым прадпрыемстве, каб існаваў толькі мір.

Галіна КАЛТУНОВА
Фота Іны ЛЕЙКІ