История человека и медали. Алексей Лазарчик с хутора Еловка Райцевского сельсовета штурмовал Кёнигсберг

Калі кажуць пра Вялікую Айчынную вайну, я заўсёды ўспамінаю свайго дзеда Лазарчыка Аляксея Іосіфавіча, які для мяне і па сённяшні час — узор мужнасці, сумленнасці, прыстойнасці і высокага абавязку перад Радзімай, Айчынай і роднай Беларуссю.

Мой аповед пра подзвіг простага радавога, простага салдата той страшнай вайны, чыімі рукамі, жыццём і подзвігам наша краіна ішла да Вялікай Перамогі.

Ішоў 1944 год. Беларусь вызвалена. Мой дзед добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію. З ліпеня 1944 года Лазарчык Аляксей Іосіфавіч — радавы гарматнага разліку штурмавога атрада ў складзе 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем маршала Савецкага Саюза А. М. Васілеўскага. Лазарчык Аляксей прайшоў баявы шлях ад Беларусі да горада-крэпасці Кёнігсберг (Усходняя Прусія). Прымаў удзел у баях за вызваленне ад фашысцка-нямецкіх акупантаў Польшчы, Германіі, Прусіі.

Я, будучы падлеткам, заўсёды прасіў дзеда: «Раскажы, дзядуля, пра вайну”. У адказ атрымліваў спачатку маўчанне, паўзу, у вачах дзеда бачыў, што ён успамінае тыя падзеі, і толькі затым ішоў аповед пра самыя памятныя эпізоды. Найбольш яркія пачуцці і ўражанні засталіся ад успамінаў дзеда пра яго ўдзел у штурме Кёнігсберга. Я ганаруся, што мой дзед, просты салдат, быў удзельнікам грандыёзнай бітвы па ліквідацыі Кёнігсбергскай групоўкі праціўніка і захопу горада-крэпасці Кёнігсберг (у цяперашні час Калінінград, Расійская Федэрацыя). Кёнігсбергская аперацыя вядома таксама пад назвай «Штурм Кёнігсберга», яна праходзіла з 6 па 9 красавіка 1945 года. Немцы ператварылі крэпасць у непрыступнае фартыфікацыйнае збудаванне. Яшчэ да вайны крэпасць была мадэрнізавана, пабудаваны шматлікія агнявыя кропкі, праведзены мантаж  стацыянарных артылерыйскіх гармат. Мой дзед быў у складзе штурмавога атрада, менавіта ў гэтай аперацыі была ўжыта тактыка наступу з выкарыстаннем штурмавых атрадаў. Па сутнасці, гэта наш сучасны спецназ. У склад такіх штурмавых атрадаў уваходзілі стралкі, кулямётчыкі, мінамётчыкі, адзін ці два танкі, вогнямётчыкі і артылерысты. Мой дзед быў у складзе разліку лёгкай артылерыйскай гарматы 45 мм. Нельга нават уявіць, колькі чалавечых намаганняў, адвагі і мужнасці трэба было мець усім удзельнікам той бітвы, каб на руках цягнуць гармату, страляць з яе і абараняцца, і галоўнае — выжыць. Я часта пытаў у дзядулі: «Скажы, калі ласка, як ты выжыў?»

Падчас наступальнай аперацыі Аляксей Лазарчык атрымаў цяжкае асколачнае раненне ў правую нагу, ноч правёў на зямлі ў варонцы з-пад снарада пры слабой свядомасці, раніцай нашы санітары падабралі дзеда. Пачалася газавая гангрэна. Ваенна-палявы шпіталь, простая палатка, аперацыйная, ампутацыя на ўзроўні сярэдняй траціны сцягна. Я ўрач і разумею, што якаснага наркозу тады не было, умовы палявыя і зноў не дае спакою пытанне: «Як людзі тады выжывалі, адкуль у іх былі сілы трываць боль ад ранення, боль падчас аперацыі?»

Затым было доўгае лячэнне ў розных ваенных шпіталях, праходзіў рэабілітацыю ў ваенным санаторыі ў Карпатах, у Львоўскай вобласці Украінскай ССР. За гераічны ўдзел у баях за вызваленне нашай Радзімы, удзел у баях за ўзяцце Кёнігсберга Лазарчык Аляксей Іосіфавіч быў узнагароджаны баявым  медалём «За ўзяцце Кёнігсберга». Гэтая баявая ўзнагарода была ўручана ўжо пасля вайны, у 1948 годзе, праз тры гады пасля заканчэння той страшнай сутычкі на Земландскім паўвостраве ва Усходняй Прусіі. Ужо пазней гісторыкі напішуць, што без узяцця Кёнігсберга мы б не ўзялі Берлін 2 мая 1945 года.

У пасляваенныя гады, нават будучы інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, без правай нагі, Лазарчык А. І. працаваў кладаўшчыком, а потым і зборшчыкам малака ў калгасе «Савецкая Армія» Карэліцкага раёна. Жыў наш герой у фальварку (хутары) Ялоўка (на ўзгорку каля вёскі Літараўшчына, у маляўнічым, цудоўным кутку старога лесу, раскінутага на Навагрудскім узвышшы), Варанчанскага вясковага савета (зараз Райцаўскі) Карэліцкага раёна. Сёння гэтага хутара ўжо няма, застаўся толькі стары сад, пасаджаны маім дзедам. Нават без нагі мой дзед заўсёды заставаўся аптымістам, добра ведаў гісторыю і геаграфію роднай Беларусі, вёў хатнюю гаспадарку, гадаваў хатніх жывёл, вырошчваў выдатныя беларускія яблыкі і вучыў мяне заўсёды быць прыстойным і сумленным чалавекам. Лазарчык А. І. выхаваў дваіх сыноў і дачку, пецярых унукаў. Яго імя ўпісана ў кнігу “Памяць” Карэліцкага раёна. На хутары, дзе жыў Лазарчык А. І., наша сям’я ўстанавіла памятны знак. Мы свята шануем памяць пра майго гераічнага дзеда, якога, на жаль, не стала ў 1984 годзе.

Для мяне медаль «За ўзяцце Кёнігсберга” ў шэрагу іншых баявых узнагарод — самы каштоўны. Хачу падкрэсліць, што гэты медаль — адзіная ўзнагарода ў СССР, заснаваная як узнагарода за ўзяцце горада-крэпасці, а не ў сувязі з ўзяццем або вызваленнем сталіцы. Гэты медаль адлюстроўвае подзвіг і боль, мужнасць і стойкасць майго дзеда і іншых салдат, веру ў Перамогу. Дзякуючы такім простым радавым па крупінках кавалася Перамога ў той вайне.

Ігар ЛАЗАРЧЫК, г. Мінск

Фота з сямейнага архіва

1
1