Памяць горкая. Паштоўка з 1943 года

Памяць горкая. Паштоўка з 1943 года

Няўмольна бяжыць час, і вось ужо новая трагічная дата – 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Што адбылося за гэтыя ваенныя гады, мы ніколі не забудзем. Аб гэтай вайне сведчаць факты бязлітаснага фашысцкага генацыду да мірнага насельніцтва. Сярод іх– прымусовы вываз працаздольных Дзятлаўскага і былога Казлоўшчынскага раёна Баранавіцкай вобласці ў перыяд з 29 чэрвеня  1941 года па 9 ліпеня 1944 года. Усяго ў нямецкае  рабства было вывезена па Дзятлаўскім раёне 1256 чалавек, а па Казлоўшчынскім – 930.

Краязнаўца і даследчык з гарадскога пасёлка Казлоўшчына  Яўген Горбач прынёс у Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей паштовую картку перыяду Другой сусветнай вайны, на якой быў штамп, датаваны 04.10.1943 года, з горада Шкейдзіц, што на тэрыторыі Германскага рэйха. Картка была даслана з грамадскага лагера работ Нідэрландскай аўтамабільнай фірмы ДАФ гэтага ж  горада . З паштовага аддзялення № 16 на Рыхтэнхофенштрасэ яе выслала наша зямлячка Марыя Ярош у Остланд, вёску Салавічы, раён Казлоўшчынскі, вобласць Слонімская, Казлоўшчынскага бюро працы. (Гістарычная даведка: Остланд–рэйхкамісарыят, створаны 01.09.1941 года, буйнейшае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе нацысцкай Германіі ва Усходняй Еўропе. Тэрыторыя: Літва, Латвія, Эстонія, часткова Заходняя Беларусь – аўт.). Паштоўка напісана лацінскімі літарамі на блытанай беларускай, рускай, польскай мовах. Вельмі хацелася ведаць змест напісанага і прасачыць далейшы лёс аўтара паштоўкі і тых, каму яна адрасавана.

Вырашыць гэтае пытанне дапамаглі знаўцы польскай і нямецкай мовы, якія жывуць у горадзе Дзятлаве і мясцовыя жыхары сучаснай вёскі Салавічы Казлоўшчынскага сельскага савета. Вось некаторыя вытрымкі з гэтай паштовай карткі ў перакладзе на беларускую мову (захаваны стыль пісьма):

“Ярош Марыя 206. Добры дзень, дарагія родныя мама, Лідзія, цёця, дзядуля.  Паведамляю, што я жывая і пакуль здаровая. Усё па-старому, толькі сумую вельмі па вам. Што здарылася, чаму ад вас няма пісем, ці вам няма часу адпісаць? Я ад вас атрымала 1. 08 месяца пісьмо, а 10. 11 пасылку, а пісьма …27. 11 не маю. Ах, сястрычка, міленькая, падумай, як цяжка, столькі часу прайшло, я не ведаю, як вы жывяце, здаровыя ці не, бо мне вельмі страшныя сны сніліся, а найбольш пра маму. Напішыце, як матулька жыве, ці здаровая, і паклон перадаю і татульку, і ўсім родным і суседзям. Цалую ўсіх. Да пабачэння, сястра М. Ярош. Дня 27. VI. 1943”.

22.jpg

Паштоўку атрымала ў вёсцы Салавічы малодшая  сястра Лідзія Ярош. Дарэчы, з поўным зместам гэтага пісьма можа пазнаёміць галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага музея Ірына Якаўчык.

Пошукавая работа па ўстанаўленні родных Марыі Ярош прывяла ў вёску Салавічы. Вось што ўспомніла Ірына Лазута: “Марыя Ярош была насільна вывезена немцамі на работу ў Германію, напэўна, у 1942 годзе. Казалі, што яна працавала на нейкім заводзе. Дома заставалася яе маці, якую звалі па-вясковаму Мальвіна. Яна лячыла людзей шэптамі і загаворамі. У Марыі была сястра Лідзія. Яшчэ да вайны яе муж клікаў выехаць у Англію, але яна засталася дома з маленькаю дачушкаю. Муж з Англіі не вярнуўся. Марыя вярнулася з Германіі летам 1945 года,  дапамагала па гаспадарцы і доглядзе дзяцей адной расійскай афіцэрскай сям’і. Потым яна разам з гэтай сям’ёй паехала ў Расію і больш не вярнулася. Лідзія гадавала дачку Таццяну адна. Таня затым выйшла замуж і жыла ў вёсцы Броды Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Хутка Таццяна памерла, раптоўна памёр і зяць. Лідзія памерла і пахавана ў Пружанскім раёне.”  Яшчэ Ірына Лазута дапоўніла, што на прымусовыя работы ў Германію ў гады нямецкай акупацыі былі вывезены Вольга Ярош, Яўгенія Макарчык і Ганна Макарчык, Аляксандр Лазута з жонкаю Соф’яй. У кнізе “Памяць. Дзятлаўскі раён” адзначана, што ў Германію быў вывезены Мікалай Грышук, 1923 года нараджэння, які прапаў там без звестак.

Пошук працягваўся,  адбылася вельмі шчырая і змястоўная размова з сынам Аляксандра Лазуты – Іванам Аляксандравічам і яго жонкаю Надзеяй Мікалаеўнай. Яны цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку і жывуць у вёсцы Салавічы. Іван Лазута расказаў, што “… бацька Аляксандр Іванавіч быў 1912 года нараджэння, а маці Соф’я Міхайлаўна з 1926 года. Яны былі вывезены ў нямецкае рабства ў 1942 годзе. Працавалі на нямецкім авіяцыйным заводзе. Там, у Германіі, у 1944 годзе ў іх нарадзілася дачка Марыя. Бацькі вярнуліся дамоў у 1945 годзе. Яны ўвесь час жылі ў роднай вёсцы і працавалі на сельскай гаспадарцы. Бацькі не стала ў 1985 годзе, а маці памерла ў 2002 годзе. Мая старэйшая сястра Марыя доўгі час жыла ў горадзе Рызе, у Латвіі. Яе таксама ўжо няма”.

Вось так змест толькі адной далёкай паштоўкі пазнаёміў з лёсам людзей, якія выжылі  і працягвалі стваральную працу на роднай зямлі. Аб гэтым трэба ведаць і помніць, прыкласці ўсе намаганні для таго, каб не паўтарылася чалавечая трагедыя.