Пожилые кореличчане устраивают велопрогулки по району

3 чэрвеня ў свеце адзначылі Дзень веласіпеда. З гэтай нагоды супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна арганізавалі для сталых карэліччан велапрабег. Журналіст пагутарыла з арганізатарам і ўдзельнікамі.

Вольга ЖУК, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна»:

— Сусветны дзень веласіпеда, які адзначаецца 3 чэрвеня, аб’яўлены Генеральнай асамблеяй ААН у красавіку 2018 года. Веласіпед не выпадкова ўдастоены свята. Гэта самы экалагічна чысты від транспарту. Яго выкарыстанне садзейнічае беражлівым адносінам да навакольнага асяроддзя, падтрыманню здароўя, развіццю спорту.

Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Карэліцкага раёна вырашылі адзначыць свята велапрабегам па маршруце Карэлічы —  Лясок —  Заполле —  Краснае —  Карэлічы. На веласіпеды селі тыя, хто клапоціцца аб навакольным асяроддзі і асабістым здароўі.

Вера СЦЯЦКО, старшыня ветэранскай арганізацыі г.п. Карэлічы, удзельніца велапрабегу:

— З веласіпедам сябрую з далёкага дзяцінства. Дзіцячага транспарту ў нас не было, карысталіся дарослым, ездзілі пад раму. Дабіраліся на ім у школу за чатыры кіламетры. Адным словам, сябрую з веласіпедам усё жыццё.

Я адразу дала згоду на ўдзел у велапрабегу. Веласіпед прыносіць здароўе: умацоўваюцца мышцы рук і ног, лепш пачынаюць працаваць лёгкія. Самае галоўнае, што знаходзішся на свежым паветры. На веласіпедзе можна даехаць да царквы і крамы. Падчас велапрабегу хачу паглядзець, як жывуць вёскі і атрымаць пазітыўныя эмоцыі.

Тамара ЮРЧЫК, наведальніца гурткоў ЦСАН Карэліцкага раёна:

— Для мяне веласіпед — гэта эмоцыі, спорт, натхненне. Я езджу па стадыёне раніцай і вечарам, а таксама да сваіх дзяцей, якія жывуць у райцэнтры. У мяне веласіпед даўно, трыццаць гадоў.

Удзел у велапрабегу — новыя зносіны з сябрамі. Сёння сонечны дзень, і я радуюся жыццю. Еду і адпачываю думкамі. Хочацца заклікаць карэліччан набываць сабе жалезнага сябра і не сумаваць дома, бо веласіпед — жыццё, рух, радасць. Выказваю словы ўдзячнасці арганізатарам акцыі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ