Сыр «Адыгейский» и корова Скарлетт удостоены наград Международной специализированной выставки «Белагро-2021»

З 1 па 5 чэрвеня ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» адбылася выстаўка «Белагра-2021». Тут можна было азнаёміцца з перадавымі напрамкамі ў развіцці раслінаводства, жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі, упакоўкі і захоўвання прадукцыі, а таксама разнастайнасцю сельгастэхнікі. У 2021 годзе ўдзел у выставе прынялі больш за 410 кампаній, якія прадставілі сельскагаспадарчую прадукцыю, абсталяванне і тэхніку з 16 краін: Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Нідэрландаў, Літвы, Кітая, Польшчы, Сербіі, Швецыі, Эстоніі, Італіі, Даніі, Чэхіі, Іарданіі.

На выставе 2 чэрвеня прайшлі адкрытыя конкурсы «Чэмпіён густу» і «Лепшая племянная карова малочнай пароды», у якіх карэліччане заваявалі прызавыя месцы.

«Адыгейскі» трымае марку

Карэліцкі сыр «Адыгейскі» з масавай доляй тлушчу 45% па выніках народнага конкурсу-дэгустацыі ўдастоены звання «Чэмпіён густу», а Карэліцкі сырцэх — Дыплома першай ступені.

«Адыгейскі» амаль 10 гадоў прыносіць прызавыя месцы нашым сыраробам на розных прэстыжных рэспубліканскіх конкурсах. Сакрэт яго смакавых якасцяў просты: натуральнасць і максімум карысці. Зараз задача калектыву ў тым, каб і далей трымаць марку і не расчараваць спажыўца.

І хоць на прадпрыемстве занята ўсяго 50 чалавек, яно працуе стабільна. Напрыклад, за 2020 год аб’ём прадукцыі ў дзеючых цэнах склаў 5 831 тыс. рублёў. Для параўнання, у 2019 годзе — 3 680 тыс. руб. Тэмп росту да ўзроўню 2019 года склаў 158,5%. Вытворчасць працы ў 2019 годзе склала 76,6 тыс. руб., у 2020 годзе — 124, 1 тыс. рублёў. Тэмп росту да 2019 года склаў 161,8%.

Сёння Карэліцкі сырцэх вырабляе 5 відаў сыроў, тры віды заменніка цэльнага малака для цялят і парасят, а таксама казеін, які выкарыстоўваецца не толькі ў харчовых мэтах, але і ў медыцыне, прамысловасці. Усяго за 2020 год карэліцкія сыраробы вырабілі 280 тон сыру, 200 т казеіну, 150 т заменнікаў малака. На прадпрыемстве імкнуцца ісці ў нагу з часам і ствараць новыя віды прадукцыі. Зараз, напрыклад, распрацоўваюць мяккія сыры з натуральнымі напаўняльнікамі.

Не сакрэт, што айчынная малочная прадукцыя даўно прыйшлася да спадобы расіянам, якія шукаюць на прылаўках сваіх крамаў менавіта беларускія сыры і смятану, якія і па смаку, і па натуральнасці па-за канкурэнцыяй, а казеін ідзе на экспарт у такія краіны, як Расія і Украіна.

Скарлет ацанілі высока

СВК «Свіцязянка-2003» трэці год запар становіцца прызёрам рэспубліканскага конкурсу «Лепшая племянная карова малочнай пароды», які праводзіцца ў рамках Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра».

У гэтым годзе сельгаспрадпрыемства прадставіла на выставе ў Мінску рагулю галштынскай пароды па мянушцы Скарлет, якая была адзначана прызавым кубкам і дыпломам Мінсельгасхарча Рэспублікі Беларусь за другое месца ў намінацыі «Лепшая племянная карова сярод кароў малочных парод першай лактацыі». За суткі ад каровы са «Свіцязянкі» атрымліваюць 44,2 літра малака. Усяго за 67 дзён лактацыі атрымана 2 540 літраў.

За перамогу сельгаспрадпрыемствы атрымліваюць грашовыя прэміі: 200 базавых велічынь — за першае месца, 150 — за другое і 100 — за трэцяе. Такім чынам, Скарлет прынесла сваёй гаспадарцы 4 350 рублёў. Сродкі пераможцам вылучаюцца з бюджэту, што прадугледжаны дзяржпраграмай развіцця аграрнага бізнесу ў Беларусі.

— Кожны год на выставу прыязджаюць як новыя, так і пастаянныя яе ўдзельнікі з вядомых гаспадарак: СВК «Агракамбінат Сноў», КСУП «Племзавод «Рось», СВК «Свіслач» і іншых, — расказвае брыгадзір вытворчай брыгады МТФ «Міратычы» Алена Бузук. — Канкурэнцыя высокая: сельгаспрадпрыемствы паказваюць жывёл, якіх выгадавалі і якімі ганарацца. У Скарлет было 5 годных суперніц. Дарэчы, наша кароўка не толькі прадуктыўная, але вельмі разумная і таварыская. Праходзячы міма, з ёй абавязкова трэба пагаварыць, інакш пакрыўдзіцца і будзе сумна мукаць услед. Усе, хто працуе на ферме, ведаюць гэта і абавязкова ўдзяляюць ёй хвілінку.

Гэта ўжо трэцяя прэмія, трэці дыплом і прызавы кубак «Свіцязянкі-2003» у рэспубліканскім конкурсе на лепшую племянную карову Беларусі. У 2019 г. было трэцяе месца, у 2020 г. — другое. Гаспадарка, планамерна праводзячы племянную работу, дасягае ў ёй высокіх вынікаў. Самае галоўнае ў каровах са «Свіцязянкі-2003», акрамя высокіх надояў, — працягласць прадуктыўнага выкарыстання жывёл, калі ад лактацыі да лактацыі малако не меншае, а ідзе ў плюс.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара