Узник нацизма Глеб Александрович Кришень: «Мы свою судьбу не выбирали»

Чэрвень у сям’і Крышэнь лічыўся святочным і асаблівым: менавіта ў гэтым месяцы нарадзіўся адзіны сын Веры і Аляксандра — Глеб. У 1941-м яму споўнілася тры. Хлопчык яшчэ не паспеў нацешыцца святочнымі падарункамі, як над мястэчкам Азёры пад Гродна, дзе жыла сям’я, прагрымела страшнае слова — “вайна!”

— 22 чэрвеня 1941 года мой тата, бухгалтар мясцовага леспрамгаса, вяртаўся са Скідзеля ў Азёры: нёс заработную плату для рабочых свайго прадпрыемства, — успамінае 83-гадовы Глеб Аляксандравіч. — Ён стаў сведкам бою паміж савецкімі байцамі і гітлераўцамі. У Азёрах некалькі дзён было зацішша, якое скончылася 25 чэрвеня, калі прыйшлі немцы. Яны сагналі людзей на плошчу, перапісалі і сфатаграфавалі ўсіх жыхароў. У гэты ж дзень на вуліцы Скідзельскай адкрыліся гестапа і камендатура, якую ўзначаліў фольксдойчэ Шульц, якія пачаў наводзіць “нямецкі парадак”.

Мясцовых яўрэяў сагналі ў гета на беразе возера Белага, дзе апынуўся і гаспадар кватэры, сталяр-чырванадрэўшчык, у якога Крышэні здымалі кватэру яшчэ з 1931 года. Гета было абнесена калючым дротам і ўзмоцнена ахоўвалася немцамі. У чэрвені 1942-га фашысты пагналі яўрэяў у Гродна і ў полі, за станцыяй «Ласосна», расстралялі. Жыццё на акупаванай тэрыторыі было нялёгкім: Аляксандр і Вера Крышэнь засталіся без работы. Да вайны Вера была акушэркай, але цяпер у бальніцы працавалі нямецкія медсёстры. Па-ранейшаму яна дапамагала мясцовым жанчынам пры родах, якія давалі крыху прадуктаў. Праз некалькі месяцаў Аляксандр змог уладкавацца на млын вагаўшчыком. Здавалася, што жыццё наладжвалася. Але неўзабавае на Аляксандра напісалі данос, што ён таемна перадае муку партызанам.

— Тады тату вельмі моцна збілі ў гестапа, — успамінае Глеб Аляксандравіч. — Шульц пагражаў расстраляць. На допыт ганялі і маму, таксама білі. І толькі дзякуючы ўмяшальніцтву гаспадара млына Рэйнгардта бацькам удалося выратавацца. Але Шульц не захацеў гэтага так пакінуць, загадаў адправіць усю сям’ю на прымусовыя работы ў Германію.

У жніўні 1942 года сям’я Крышэнь апынулася ў Польшчы, у раёне Волфшанца, у вёсцы Вількіндорм. Бауэр Порш раніцай загадаў Аляксандру і Веры збірацца на працу, якой займаліся чорнарабочыя. Пачаўся самы цяжкі і бязрадасны перыяд у жыцці сям’і. Порш лічыў, што новыя батракі працуюць дрэнна, таму адправіў галаву сям’і на рэканструкцыю Беластокскага раёна ў працоўны лагер. Аднойчы маці адпрасілася ў Порша праведаць мужа і разам з маленькім Глебам паехала ў Беласток. Аказалася, што Аляксандр хварэе на цынгу: у яго пачалі выпадаць зубы, на нагах з’явіліся барвовыя плямы. Пасля ўбачанага маці сказала сыну: “Глебушка, мы тут загінем…”

— Але тату пашанцавала трапіць да добрага доктара, які напісаў даведку аб тым, што ён вельмі хворы і павінен быць адпраўлены дадому, — расказвае Глеб Аляксандравіч. — Так у кастрычніку 1943 года мы нарэшце вярнуліся дадому і новы, 1944 год, сустрэлі сярод знаёмых. Аднак працы даваць бацькам ніхто не спяшаўся. Да мамы зноў пачалі прыходзіць сваякі парадзіх, і яна дапамагала. Тата навучыўся шыць абутак і стаў рамеснікам. У ліпені 1944 года, калі ўжо быў вызвалены Мінск, фашысты спалілі цэнтр Азёраў, а потым і дрэваапрацоўчае прадпрыемства паблізу возера Белае. Насельніцтва пасёлка ратавалася ў лясах, у якіх сталі з’яўляцца падраздзяленні Арміі Краёвай і нейкія ўзброеныя прахадзімцы. Аднойчы такія ліхадзеі спынілі Аляксандра Крышэня і адабралі ў яго гадзіннік. Праз некалькі дзён і ў Азёрах усталявалася савецкая ўлада. Неўзабаве сям’я Крышэнь пераехала ў Скідзель. Вера зноў стала працаваць у бальніцы, а Аляксандр у 1964 годзе памёр: цынга падкасіла яго здароўе.

Глеб Аляксандравіч, скончыўшы школу, паступіў у Гомельскі чыгуначны інстытут, стаў інжынерам. Больш за 40 гадоў працаваў на чыгунцы, распрацаваў не адзін праект рэканструкцыі станцый, складаў графікі руху цягнікоў ад Брэста да Польшчы. Жаніўся на ўраджэнцы Карэліч Варвары Глебаўне, з якой нядаўна адзначылі 55-годдзе сумеснага жыцця. У любові і ласцы выхавалі трох дачок, прычакалі ўнукаў.

— У гады вайны мы свайго лёсу не выбіралі, — гаворыць Глеб Аляксандравіч, — добра, што нашы дзеці і ўнукі цяпер яго гаспадары.

На даваенным фота — жыхары мястэчка Азёры. Глеб Крышэнь стаіць першы злева. Яго маці (у берэце) стаіць у чацвёртым радзе

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

і з архіва героя публікацыі