В агрогородке Полужье местное сельхозпредприятие оборудовало детскую развлекательную и спортивную площадку

Жыхароў аграгарадка Палужжа зараз па вечарах дома амаль не застаць: усе, ад малога да вялікага, збіраюцца на новай гульнявой пляцоўцы, пабудаванай КСУП «Племзавод Карэлічы». Дзеці катаюцца на арэлях, ляцяць з горкі, малыя корпаюцца ў пясочніцы, бацькі таксама часу не губляюць: практыкуюцца ў футболе і валейболе.

— Наш аграгарадок не маленькі: 471 жыхар, з іх 78 дзяцей, — распавядае намеснік дырэктара КСУП «Племзавод Карэлічы» па ідэалагічнай рабоце Таццяна Русак. — Таму ідэя аб тым, каб збудаваць дзіцячую гульнявую і спартыўную пляцоўку, прыйшла сама сабой. Мы разумеем, што сродкі, укладзеныя ў дзяцей, акупяцца.

На ўтульным пятачку пад разгалістым каштанам устаноўлены арэлі, горка, пясочніца і турнікі. Усё гэта з самай раніцы ўжо аблюбавалі дзеткі. На футбольнай, валейбольнай і баскетбольнай пляцоўках гарэзяць старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Дзятве весела, галасы разносяцца па ўсёй акрузе. Дзіўна, але для такой вялікай дзіцячай радасці спатрэбілася зусім няшмат. Напрыклад, турнікі і апоры валейбольнай пляцоўкі зрабілі з абрэзкаў труб мясцовыя будаўнікі. Пясочніцу і драўляны плот таксама пабудавалі самі. Купілі толькі пластыкавую горку, сетку для варот і замовілі металічныя каркасы для арэляў і футбольных варот на Навагрудскім заводзе металічных вырабаў. Усё начынне для пляцоўкі абышлося гаспадарцы ў 2 800 рублёў.

Мама дваіх дзяцей Юлія Сідорчык з’яўленню пляцоўкі вельмі рада:

— Такая пляцоўка — гэта выдатна! Цяпер мы ведаем, што нашы дзеці не на дарозе, а тут. І ўсім спакойна. Кожны вечар сюды прыходзім і мы, бацькі, каб пагуляць у мяч. Дзякуй кіраўніцтву племзавода «Карэлічы», што зрабіла нам такі падарунак!

13-гадовая Валя Лазінская прывяла на пляцоўку сваю трохгадовую сястру Машу:

— Нас у сям’і трое, і цяпер нам усім ёсць куды схадзіць і з карысцю правесці час. Раней усе па дварах сядзелі, часта ў гаджэтах завісалі, а цяпер больш рухаемся.

Ягор Буцкевич, Ягор Мініч і Мацвей Сідорчык таксама не хаваюць радасці: «Дзякуй дырэктару племзавода і будаўнікам!» А бацькі ўжо рыхтуюць фарбу і пэндзлікі: пакуль стаіць надвор’е, трэба надаць атракцыёнам яркіх фарбаў.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара