В Березовце Турецкого сельсовета представители местной власти и сотрудники РОЧС встретились с населением

У вёсцы Беразавец Турэцкага сельсавета адбылася сустрэча з насельніцтвам. Сюды прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Населены пункт выбраны невыпадкова: сёлета тут адбыліся 3 пажары, што выклікае трывогу. З жыхарамі вялася адкрытая размова аб захаванні элементарных правілаў пажарнай бяспекі.

Старшыня Турэцкага сельвыканкама Сяргей Барычэўскі, ведучы размову аб прафілактычных мерах у дадзеным накірунку, гаварыў вяскоўцам аб тым, што трэба самым сур’ёзным чынам адосіцца да сваёй маёмасці і маёмасці суседзяў, населенага пункта. Прамоўца раіў паведамляць аб негатыўных з’явах жыцця, бо толькі разам можна папярэдзіць бяду.

«Самае галоўнае — жыццё людзей, і трэба яго шанаваць, — адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук. — Ёсць у вёсках і пустуючыя будынкі, але трэба думаць пра ўсе домаўладанні, і каб больш бяда не паўтарылася».

Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік заклікаў да актыўнай жыццёвай пазіцыі. Раіў набываць пажарныя апавяшчальнікі, якія ў выпадку задымлення пакояў уратуюць жыцці людзей. На прыкладах стараўся пераканаць вяскоўцаў, якую вялікую бяду прыносіць выпітая чарка і закураная цыгарэта. У выпадку пажараў неабходна тэрмінова паведамляць па тэлефоне 101.

На сустрэчы вялася размова аб тым, каб прадоўжыць работу з уладальнікамі пустуючых і старых дамоў. Трэба знаходзіць спадчынцаў, каб яны ажыццяўлялі належны догляд за домаўладаннямі і наводзілі парадак на прыдамавых тэрыторыях.

Было ўзнята пытанне і наконт абуладкавання дадатковага аўтобуснага прыпынку і павільёна, каб сельскія жыхары ў больш зручных умовах маглі чакаць рэйсавых аўтобусаў.

Галіна СМАЛЯНКА