Снова выбираю «Полымя»! В Кореличах на Дне подписчика кореличчане получили подарки

25 чэрвеня, у пятніцу, у Карэліцкім аддзяленні паштовай сувязі праведзены чарговы Дзень падпісчыка. Карэліччане ахвотна выпісвалі раённую газету «Полымя» і дзяліліся сваімі меркаваннямі. Яны прызнаваліся раёнцы ў любові — газета на працягу многіх гадоў стала для іх добрым і надзейным сябрам. На яе старонках падпісчыкі даведваюцца пра падзеі на Карэліччыне і землякоў, знаёмяцца з многімі тэмамі.

Іосіф УЛАН, жыхар г.п. Карэлічы:


— «Полымя» выпісваю з 1970 года. Пачынаю чытаць перыядычныя выданні з раёнкі. Хачу адзначыць добрую задумку Нэлі Маісеенкі на тэму краязнаўства, а таксама навіны спорту ад Аляксандра Галушкі. З цеплынёй чытаю артыкулы пра поспехі работнікаў культуры. Жадаю ім далейшых поспехаў, асабліва — калектыву дзіцячай школы мастацтваў. Супрацоўнкам газеты «Полымя»— павялічыць тыраж газеты, бо яна наша жыццё, наша гісторыя, наша сучаснасць.

Алена ЛЕЙКА, жыхарка вёскі Руціца:


— Вельмі люблю раённую газету «Полымя» і чакаю як добрага сябра кожную сераду і суботу. З вялікім задавальненнем чытаю артыкулы пра працаўнікоў вёскі і ўвогуле пра людзей Карэліччыны. Трапяткія пачуцці выклікаюць вершы мясцовых паэтаў, кожны іх радок западае глыбока ў душу, радуюся за таленты Карэліцкага краю. А яшчэ люблю не раз перачытваць віншаванні, у якіх родным і сябрам жадаюць здароўя, шчасця, дабрабыту. Значыць, не патухла ў людскіх сэрцах іскрынка любові і дабрыні. І пра ўсё гэта даведваюся на старонках любімай раёнкі.

Сяргей КАПАЦЭВІЧ, начальнік аддзела рознічных прадаж ЦБУ № 423 г.п. Карэлічы ААТ «Белаграпрамбанк»:


— «Полымя» выпісваю пастаянна. Цікаўлюся жыццём Карэліцкага раёна, таму на многія пытанні знаходжу адказы на старонках раёнкі. Тут заўсёды паведамляецца аб мерапрыемствах, якія праводзяцца на Карэліччыне, а таксама пішацца пра людзей, якія ўносяць уклад у яе развіццё. Узнімаецца шмат розных актуальных тэм, якія цікавыя шырокаму колу чытачоў, і гэта, безумоўна, радуе. Хочацца пажадаць калектыву «Полымя»: так трымаць і далей!

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ