В рамках Недели молодежи на Кореличчине чествовали молодые семьи

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры адбылося пасяджэнне клуба «Маладая сям’я», арганізаванае аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, РА ГА «Беларускі саюз жанчын», Карэліцкім раённым Цэнтрам культуры і народнай творчасці.

Слова трымала начальнік аддзела ЗАГС Карэліцкага райвыканкама Валянціна Сіўко.

— Моладзь — самыя жаданыя наведвальнікі для органаў ЗАГСа, — сказала яна. — Стварэнне сям’і пасее зерне для наступнага этапа рэгістрацыі акта грамадзянскага стану — рэгістрацыі нараджэння. Магчыма, выказванне «Пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выхаваць сына» лічыцца амбіцыёзным, але ў ім закладзены глыбокі сэнс. Нашы сем’і таму пацвярджэнне: вы не шукаеце лепшай долі — працуеце на малоў радзіме, нараджаеце дзяцей, паляпшаеце дэмаграфічную сітуацыю.

Прамоўца прывяла статыстычныя даныя. Вось некаторыя з іх: за 5 месяцаў 2021 года ў раёне нарадзіліся 39 дзяцей, зарэгістраваны 17 хлопчыкаў і 22 дзяўчынкі. Самыя папулярныя імёны ў хлопчыкаў: Цімафей, Аляксандр, Аляксей, у дзяўчынак — Арына, Марыя, Мілана, Анастасія.

Сярэдні ўзрост бацькі — 30 гадоў, маці — 29.

Разам з тым начальнік аддзела ЗАГСа нагадала, што зараз сезон вяселляў, і ў дадзенай установе ёсць усе ўмовы для прыёму маладых. Вельмі важна, каб менавіта ў Карэлічах яны пусцілі свае карані. За гэты год у раёне стварылі сем’і 37 пар. Сярэдні ўзрост жаніха — 32 гады, нявесты — 31, а мінімальны — адпаведна 21 і 17, максімальны — 62 і 58.
Валянціна Сіўко пажадала маладым сем’ям жыць, радавацца жыццю, нараджаць дзяцей, берагчы адзін аднаго, захаваць маладосць душы.

На сустрэчы прысутнічалі сем’і з дзецьмі з райцэнтра, аграгарадкоў Палужжа і Лукі. Яны ахвотна дзяліліся сваімі поглядамі на жыццё, удзельнічалі ў конкурсах, слухалі музычныя кампазіцыі, ласаваліся пачастункамі. Настрой ва ўсіх удзельнікаў быў прыўзняты. Свята атрымалася.

Слова — яго ўдзельнікам

Шматдзетная сям’я Аксаны і Андрэя ЖУК, г.п. Карэлічы:

— Пяцёра дзяцей — вялікае шчасце. Штодзённая праца вяртаецца спаўна і штодзённа смехам, радасцю, усмешкамі. Дзеля гэтага трэба жыць кожны дзень і кожную хвілінку. Дзеці розныя і ўсе любімыя.

Пастаянна адчуваецца клопат дзяржавы пра шматдзетную сям’ю. Сацыяльная падтрымка шматгранная. У гэтым годзе нашай сям’і далі трохпакаёвую кватэру. Атрымліваем на дзяцей дапамогу пры падрыхтоўцы да школы, аплата за наведванне дзіцячага садка складае 50 працэнтаў ад кошту, ёсць льготы за аплату школьных падручнікаў. Дзеці бясплатна харчуюцца ў школе, за заняткі ў музычнай школе не трэба плаціць і г.д. Гэта матэрыяльная дапамога, якая значна падтрымлівае сямейны бюджэт, ёсць жа яшчэ клопат дзяржавы пра маладыя сем’і. Сённяшняе мерапрыемства таму пацвярджэнне: не забываюць пра нас у невялікім пасёлку Карэлічы, і гэта радуе, бо дзеці — наша будучыня.

Сям’я Марыі і Арцёма ГРЭМЯКАЎ, аграгарадок Палужжа:

— Сям’я — самае важнае ў жыцці. Кожны павінен яе стварыць і старацца, каб усім было добра і ўтульна. У нашай сям’і пануюць любоў, шчасце, узаемаразуменне. Хочам, каб дзеці выраслі здаровымі і шчаслівымі і заўсёды ведалі, што прыдзем на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Яны — нашы прадаўжальнікі роду.

Сям’я Алены і Ігара ЗАЙКО, г.п. Карэлічы:

— Мы пажаніліся ў 2015 годзе і лічым сябе шчаслівай сям’ёй. Усе радасці дзелім папалам. У нас ёсць сын, кватэра, праца — і мы шчаслівыя. Хочацца, каб сям’я павялічвалася, як і шчасце ў ёй. Каб дзеці не хварэлі, каб здаровыя былі бацькі, каб быў мір на зямлі.

Сям’я Вольгі і Васілія ВАЛЧОК, г.п. Карэлічы:

— Мы рады, што нас запрасілі на гэтую сустрэчу. Тут ёсць магчымасць пазнаёміцца з іншымі сем’ямі раёна, атрымаць пазітыў і зарад энергіі, проста павесяліцца. Гэта ўжо ў другі раз, і мы ўдзячны арганізатарам сустрэчы. Дзеці для нас — стымул для жыцця, прадаўжэнне роду, наш зарад энергіі. Дзеля іх хочацца жыць, працаваць, і каб яны былі шчаслівымі.

Сям’я Крысціны і Канстанціна ДАСЬКО, аграгарадок Лукі:

— Нам вельмі тут спадабалася. На мерапрыемстве ўсяго было ўдосталь: музыкі, конкурсаў, прысмакаў. Вельмі задаволены, што нас сюды запрасілі, мы атрымалі вялікі зарад пазітыўнага настрою. Сям’я для нас — узаемаразуменне, любоў, здароўе, шчасце. Мы шчаслівыя, што ў нас ёсць сям’я. Мы марым, каб дзеці выраслі добрымі людзьмі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ