Выхавальнік Лукскага дзіцячага сада Кацярына Врублеўская стала дыпламантам абласнога конкурсу «Казкі і паданні майго краю»

Майстар раённага Дома рамёстваў, выхавальнік Лукскага дзіцячага сада Кацярына Врублеўская стала дыпламанткай абласнога конкурсу «Казкі і паданні майго краю».

Як адзначыла майстар, яна стварыла карціну ў стылі бацік (роспіс па тканіне фарбамі). Гэтым займалася яшчэ падчас вучобы ў Мірскім мастацкім прафесійна тэхнічным каледжы. За дапамогу і падтрымку ўдзячна майстрам Таццяне Будзейка і Святлане Швайкоўскай.

Прыняць удзел у конкурсе прапанавала кіраўнік раённага Дома рамёстваў Юлія Баярэнка. Для напісання карціны Кацярына выбрала легенду пра возера Свіцязь «Кветкі-цары». У ёй апавядаецца пра тое, як людзі ператвараюцца ў кветкі, якія цвітуць вясной на возеры.

Навіна аб тым, што Кацярына ўзнагароджана за творчую працу Дыпломам першай ступені, яе ўзрадавала.

— Працую выхавальнікам у Лукскім дзіцячым садзе і люблю ўсё цудоўнае. Стварэнне карцін для мяне з’яўляецца хобі, і гэты занятак прыносіць вялікую радасць, — сказала майстар.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота героя публікацыі