1 августа в Райцевскую церковь прибудет обновленная икона Божьей Матери Райчанской

Не толькі кожны народ мае свае святыні і рэліквіі і ганарыцца сваімі славутасцямі ды знакамітасцямі, але і  кожная сям’я свята ўшаноўвае сваё, асабістае, зберагаючы, перадаючы з пакалення ў пакаленне паданні і легенды свайго роду.

 

Прэч адыйшлі ўсе бязбожжа хмары,

Пара настала нам збіраць крыжы:

Крыжы, што нашы дзеды паскідалі,

І камяні сабраць з разбуранай царквы….

Радуе вельмі, што народ наш паціху прачынаецца ад грахоўнага сну атэізму: будуюцца новыя храмы, рамантуюцца і аднаўляюцца парушаныя святыні. Людзі вяртаюцца да хрысціянскай веры. Прывяду толькі некалькі прыкладаў. Усе мы памятаем, як у 1996 годе быў адноўлены страчаны крыж святой Еўфрасінні Полацкай, а ў 2000-х гадах  — рАка (грабніца), у якой цяпер захоўваюцца мошчы святой княгіні. Зусім нядаўна, з 2018 па 2020 год, адноўлены Тураўскі крыж.

Наша Карэліччына таксама мае свае святыні. Гэта Цудатворная ікона Божай Маці Пачаеўская, якая знаходзіцца ў Свята-Троіцкай царкве г.п. Мір.  У Свята-Пакроўскай царкве  вёскі Турэц ёсць дзіўны абраз Прачыстай Багародзіцы Скарапаслушніца, які быў прынесены са святой гары Афон. Таксама ў храме Святога Архангела Міхаіла ў в. Цырын захоўваецца асаблівая ікона Дзевы Марыі, якая дзіўным чынам на вачах прыхаджан пачала абнаўляцца: калісьці зусім цёмны абраз пачаў святлець, а фарбы сталі ізноў яркімі, быццам хто нанова яе напісаў.

У райцаўскім прыходзе таксама калісьці быў цудатворны абраз Божай Маці, які, на жаль, быў страчаны падчас разбурэння. У 2017 годзе правячы архіерэй архіепіскап Гурый благаславіў мясцовага іканапісца Аляксандра Васільевіча Салдатава напісаць новы абраз Божай Маці, які будзе асвечаны каля цудатворнай іконы Божай Маці Жыровіцкай.

Паважаныя браты і сёстры!

1 жніўня, у нядзелю, адбудзецца ўрачыстая сустрэча адноўленай іконы Божай Маці Райчанскай. Пачатак Набажэнства ў 9.30. Пасля службы пройдзе крэсны ход з іконай. Запрашаем вернікаў на ўрачыстае Набажэнства, каб сумесна ўзнесці свае малітвы да Божай Маці.

Аляксей ШЫШКІР,

настаяцель храма св. впц. Варвары, іерэй