На планерке у председателя: контроль за стихийными пляжами, ревизия водоводов, подготовка к зиме

Старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў сваю працоўную нараду з намеснікамі пачаў з абмеркавання зваротаў жыхароў раёна.

Так, дачнік з Зарэчча Ярэміцкага сельсавета незадаволены тым, як абкошваюць вёску і могілкі. Жыхар Крышылоўшчыны паскардзіўся на парушэнне графіка вывазу смецця. Па словах старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Шкадава, работы па абкосцы населеных пунктаў і могілак вядуцца пастаянна, аднак значныя аб’ёмы працы стрымліваюць тэмпы добраўпарадкавання. Графік вывазу цвёрдых камунальных адходаў быў парушаны з-за паломкі смеццявоза, аднак збор адходаў праводзіцца з дапамогай неспецыялізаванай тэхнікі.

Асаблівая ўвага на нарадзе надавалася бяспецы людзей на вадзе. За мінулы тыдзень, з 5 па 11 ліпеня, у Беларусі патанулі 24 чалавекі, у тым ліку адзін непаўнагадовы. 99 працэнтаў гэтых трагічных выпадкаў адбылося на стыхійных пляжах. Так, 10 ліпеня ў Лідскім раёне ў рацэ Нёман патанулі двое юнакоў. Месца, дзе адбылася трагедыя, не прызначана для купання, цела аднаго маладога чалавека яшчэ не знайшлі вадалазы.

Зараз задача ўсіх зацікаўленых ведамстваў — кантраляваць дзікія пляжы, расказваць людзям пра небяспеку купання ў такіх месцах.

У раёне вырашаецца праблема несанкцыянаваных урэзак у вадаправодныя сеткі, з-за якіх у жыхароў знікае вада. Факты, калі людзі крадуць ваду, каб паліваць свае агароды, устаноўлены ў аграгарадку Ярэмічы. Зараз там праводзіцца рэвізія вадаправодна-каналізацыйных сетак.

У раёне пачалася ўборка азімых збожжавых  і церабленне лёну. Спецыялісты высока ацэньваюць якасць культур. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча, ААТ «Карэлічы-Лён» пачало адгрузку кароткага льновалакна ў Расійскую Федэрацыю, дзе расце попыт на гэтую прадукцыю.

У СВК «Жухавічы» і «Свіцязянка-2003” ідзе мантаж ліній па перапрацоўцы рапсу, што дасць магчымасць прадпрыемствам атрымаць дадатковы даход і стварыць новыя працоўныя месцы. Свой камбікормавы завод з’явіцца ў СВК «Свіцязянка-2003».

На Карэліччыне ідзе падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду. Спажыўцы цеплавой энергіі атрымліваюць пашпарты гатоўнасці да зімы.

Іна ЛЕЙКА