Спяванне традыцыйных беларускіх песень, пляценне вянкоў, пошук папараць-кветкі. На Карэліччыне адсвяткавалі Купалле (фотарэпартаж)

Кожны год у ноч з 6 на 7 ліпеня па ўсёй Беларусі адзначаецца адно з самых папулярных святаў лета — народнае свята Івана Купалы, або, як яго яшчэ называюць, Купалле. Сёння Купалле — гэта свята з зусім асаблівай, чароўнай атмасферай, прасякнутае старажытнымі, народнымі звычаямі і традыцыямі. З’яўляецца адным з вясёлых, цікавых гулянняў ва ўсім каляндарным годзе.

Дырэктар раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік пазнаёміла нас з гісторыяй свята.

«Старажытнае славянскае свята Купалле адзначаецца на тэрыторыі нашай Беларусі, у тым ліку ў Карэлічах, ужо шмат год і нясе з сабой славянскія традыцыі. Гэтае свята накіравана, перш за ўсё, на тое, каб зберагчы нашы традыцыі і перадаць іх маладому пакаленню.

Як святкавалі Купалле ў Беларусі? Абавязкова было вогнішча, вакол якога вадзілі карагоды, спявалі беларускія песні. Песні гэтыя складаліся з беларускага традыцыйнага рэпертуару, у які быў укладзены самы галоўны сэнс — сэнс яднання, любові да роднай зямлі, да роднай старонкі, да роднай прыроды… Усе тое, што акружала чалавека, было перададзена ў гэтым свяце. Галоўныя персанажы свята — Купаліш і Купалінка. Яны, дарэчы, сустракаюцца ў кожным населеным пункце, дзе адзначаецца гэта традыцыйнае беларускае свята. Таксама можна ўбачыць і ўсялякіх нячысцікаў, купалінак і іншае.

Наогул, кожнае свята пабудавана на такіх паняццях, як дабро і зло. У Купаллі таксама гэта прасочваецца. У гэтым свяце дабро нясуць Купаліш з Купалінкай і тыя персанажы, якія дапаўняюць іх. У кожным рэгіёне гэтыя персанажы свае. У нас гэта Купаліш з Купалінкай, купалінкі, якія традыцыйна спяваюць беларускую песню “Купалінку”, вядомую ўсім на тэрыторыі нашай Беларусі. Важным элементам Купалля быў карагод вакол вогнішча, які традыцыйна вадзілі. Абавязкова запальвалі касцёр, які палілі з адной мэтай: каб адыходзіла ўсё нячыстае, усё дрэннае, а ўсё светлае, добрае перамагала.

У традыцыі святкавання менавіта на Карэліччыне адметных рыс у адзначэнні гэтага свята не было. Яно насіла язычніцкі характар, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі».

Сёння ў праграме свята было:

— Вітанне людзей са святам Купалішам і Купалінкай, галоўнымі персанажамі свята;

— Прыход нячысцікаў да свята, якія хацелі перашкодзіць Купаллю;

— Гульнёва-забаўляльная праграма, якая была складзена з традыцыйных беларускіх купальскіх гульняў, такіх, як варажба, пляценне вянкоў і, галоўнае, шуканне папараць-кветкі.

Атмасфера на свяце была сапраўды магічная. Прыемна было назірать за прыгожымі дзяўчатамі, якія спявалі ў традыцыйных беларускіх касцюмах, за  мноствам людзей, якія весяляцца і танцуюць пад беларускую музыку… Можна бясконца апісваць тую неверагодную атмасферу, якая панавала на Купаллі. На свяце людзі змаглі атрымаць асалоду ад беларускай нацыянальнай музыкі, паўдзельнічаць у розных абрадах і гульнях, такіх, як пляценне вянкоў, пошук папараць-кветкі і многае іншае. Сёння карэліччане змаглі не толькі атрымаць добры настрой, але і набыць невялічкія падарункі.

 

Трэба адзначыць, што гэтае найстаражытнае свята папулярнае і ў нашы дні, і гэта можна зразумець па колькасці людзей, якія прыйшлі на цудоўнае мерапрыемства.

Адзначыць купальскі вечар таксама сабраліся жыхары аг. Краснае.

 

Анастасія СТАНКЕВІЧ

ФОТА Дзіяны МАРЦІНЕЎСКАЙ