В Кореличском районе зарегистрированы случаи индийского штамма коронавируса

У Карэліцкім раёне ідзе ўздым захворвання COVID-19. Зарэгістраваны выпадкі новага індыйскага штама віруса, які больш кантагіозны і небяспечны, чым ужо вядомыя. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай працоўнай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

З прыходам спёкі ў крамах і іншых грамадскіх месцах стала з’яўляцца ўсё больш людзей без сродкаў абароны. Зразумела, што дыхаць і так няма чым, але, на думку медыкаў і спецыялістаў санітарных службаў, расслабляцца рана.

Толькі з пачатку месяца раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі абследавана 36 аб’ектаў, з іх 28 — гандлю, 8 — грамадскага харчавання і 1 — аховы здароўя, у тым ліку па выкананні санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам. Парушэнні выяўлены на 100% аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання. Па выніках наглядных мерапрыемстваў суб’ектам гаспадарання накіравана 35 рэкамендацый аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў.
На думку спецыялістаў, зніжэнне захворвання COVID-19 і гарачыя летнія дні прывялі да таго, што грамадзяне расслабіліся і страцілі пільнасць. Гэта заўчасна. Уся справа ў тым, што ў летні сезон многія выязджаюць на адпачынак. Дадому яны вяртаюцца не толькі з уражаннямі, але і з непрыемнымі сюрпрызамі.

На вуліцы маску можна і не апранаць, але ў краме, паштовым або банкаўскім аддзяленні органы дыхання павінны быць абаронены.

Самая эфектыўная абарона ад віруса — гэта вакцынацыя. Прышчэпка ад захворвання не абароніць, аднак дапаможа перанесці яго ў лёгкай форме, без ускладненняў.
У раёне працягваецца абкоска населеных пунктаў і могілак ад пустазелля. У сельскіх саветах з’явіліся новыя магутныя трымеры, якія дазволяць нарасціць тэмпы работ.

Працягваецца ліквідацыя наступстваў навальнічнага шторму, які абрынуўся на раён у мінулы аўторак. Ідзе ўборка паваленых дрэў, рамонт дахаў і збудаванняў.

У вёсцы Мядзвядка вырашана пытанне з забеспячэннем вадой адной з вуліц: праведзены рамонт водаправодных труб і ўсталявана помпа.

Іна ЛЕЙКА