Валентина Кергет из Турца делится секретами долголетия

— Валянціна Уладзіміраўна, што асабіста для Вас пенсійны ўзрост?

— Для мяне гэта прадаўжэнне жыцця. Я працую інспектарам на палову  стаўкі ў Турэцкім сельвыканкаме. Займаюся рэгістрацыяй грамадзян, а гэта новыя зносіны з людзьмі.  Прыходжу на працу ў добрым настроі. У калектыве пануюць узаемадавер і павага адзін да аднаго.

— Якімі крытэрыямі кіруецеся?

— Я павінна рухацца. Сядзець і хандрыць — не маё. Незалежна, ці ўрачыстасць у Карэлічах, ці канцэрт у мясцовым Доме культуры — усюды павінна паспець. Дарэчы, збіраюся на «Славянскі базар» у Віцебск,  гэта новыя эмоцыі і адкрыцці.

— Хто быў і застаецца для Вас пуцяводнай зоркай у жыцці? Паказвае прыклад любові да жыцця, што трэба жыць і рухацца наперад?

— Гэта мая мама Варанко Марыя Захараўна з вёскі Браносава. 1 красавіка ёй споўнілася 95, але яна прадаўжае рухацца і  працаваць: поле градкі, прыбірае ў доме, гатуе ежу. Яна ўсё жыццё працавала ў родным калгасе, і так, як усе вяскоўцы, трымалі з татам вялікую асабістую гаспадарку. Адным словам, любілі працаваць.

— А тое, што займаецеся ў нейкай ступені спортам, Ваша асабістая ініцыятыва ці хтосьці са знаёмых аказаў уплыў?

— У сваёй любові да спорту ўдзячна многім людзям. Па-першае, мужу Мікалаю Іванавічу, які ў маладосці працаваў трэнерам у Карэліцкай ДЮСШ і ў калгасе імя Чарняхоўскага інструктарам па спорце. Мы ўдзельнічалі ў раённых спаборніцтвах «Тата, мама, я — спартыўная сям’я». Па-другое, пэўны ўплыў аказала сям’я Браўко Андрэя і Святланы з Турца, якія бралі мяне ў басейн, на боўлінг, хадзілі на лыжах, ездзілі з горкі на ватрушках.  Па-трэцяе, мой унук Міхаіл, які не дасць пасядзець, яму трэба ўсюды паспець, і я з ім усюды. Сябрую са спортам: займаюся скандынаўскай хадой, езджу ў басейн у Гарадзею, зімой хаджу на лыжах.

— Хто ў Вашым залатым узросце сагравае душу, і з’яўляецца яшчэ большая цяга да жыцця?

— Як сказала вышэй, мой любімы ўнук Міхаіл, а таксама дачка Таццяна. Унуку 11 гадоў. Ён вельмі дапытлівы і рухавы, хоча ўсюды пабыць і ўсё ведаць. А чаму б не: іду разам з ім да помніка загінулым у Турцы і едзем нават ноччу ў Карэлічы да мемарыяльнага комплексу «Зорка». Яго прадзеды былі франтавікамі, дык няхай унук будзе побач з тымі, хто за мір на зямлі, і добрае адкладзецца ў яго сэрцы.

— Вы жывяце ў аграгарадку Турэц. У населеным пункце ёсць уся інфраструктура для паўнацэннага жыцця?

— Маецца школа, крамы, пошта, амбулаторыя, Дом культуры, мясцовыя сельсавет і праўленне КУСП, царква. Адным словам, ёсць усё для таго, каб жыць і радавацца жыццю. А яшчэ гэта мая маленькая радзіма: вёска Браносава ў двух кіламетрах ад Турца. Тут мне вядомы ўсе сцяжынкі, і гэта родная зямля і мае землякі, якія з’яўляюцца жыватворнай крыніцай.

— І ўсё-такі галоўны сакрэт таго, як заставацца маладым душой у сталым узросце?

— Палюбіць сябе — вось галоўнае. Калі будзеш вылучаць пазітыўныя эмоцыі, то каля цябе будзе шчаслівая сям’я і шмат сяброў. І ў першую чаргу, трэба рабіць людзям дабро, тады яно вернецца да цябе.

— Калі б пачаць жыццё з белага ліста,  з чаго б Вы пачалі зараз?

— Я б нічога не змяніла. Як лёс распарадзіўся, так і жыла б. Галоўнае ў жыцці — здароўе.

 

«Якія існуюць перавагі скандынаўскай хады?»

(З тэлефоннага званка ў рэдакцыю). СКАНДЫНАЎСКАЯ ХАДА: 13 ПЕРАВАГ

  1. Рызыка атрымаць траўму зведзена да мінімуму.
  2. Актывізуецца работа мышцаў верхніх канечнасцей.
  3. Прагрэс у рабоце сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм.
  4. Памяншаецца нагрузка на каленныя суставы.
  5. Мэтазгоднасць заняткаў у перыяд рэабілітацыі.
  6. Узнімае настрой і пазбаўляе ад дэпрэсіі.
  7. Садзейнічае гібкасці цела, умацаванню мышцаў і павышэнню вынослівасці.
  8. Садзейнічае паляпшэнню выпраўкі. Зніжаецца напружанне шэйнага аддзела.
  9. Для прафілактыкі захворвання сэрца, інсульту, дыябету другога тыпу.
  10. Памяць не слабее, а рызыка старэчай дэменцыі, адпаведна, паніжаецца.
  11. Затрымліваецца працэс старэння.
  12. Умацоўваецца імунная сістэма.
  13. Нізкі кошт заняткаў.

(Паводле метадычных рэкамендацый «Скандынаўская хада для пажылых людзей»

Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь).

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Дзіяны МАРЦІНЕЎСКАЙ