Выхаванцы дзіцячага садка ў Міры адшукалі папараць-кветку

Напярэдадні народнага свята Купалля цікавы і захапляльны квэст «У пошуках Папараць-кветкі» для выхаванцаў ДУА “Яслі-сад г.п.Мір” падрыхтавалі супрацоўнікі дзіцячага сада.

Разам з Купалінкай дзеці адправіліся шукаць міфічную чароўную Папараць-кветку, каб загадаць самыя запаветныя жаданні ў гэты незвычайны дзень. А знайсці гэтую кветку шчасця не проста! Нячыстая сіла надзейна схавала яе, наклаўшы закляцце чатырох стыхій. Каб зняць гэтае закляцце, малым падарожнікам трэба было сабраць знакі стыхій – вады, зямлі, паветра і агню, з іх дапамогай адчыніць куфэрак, у якім схаваны чароўны званочак, бо толькі пад гук гэтага званочка спадзе закляцце і расквітнее Папараць-кветка.

На шляху падарожнікаў чакала шмат сустрэч з нячыстай сілай — Бабай Ягой, Кікімарай, Вадзяніком, Чортам, якія ахоўвалі знакі стыхій і перашкаджалі дзецям. Шмат заданняў прыйшлося выканаць маленькім вандроўнікам: і збіраць пацеркі з караляў Бабы Ягі, і лавіць рыбу з Вадзяніком, і гуляць у водны боўлінг, і адгадваць загадкі Кікімары, і збіраць чароўны вянок з зёлак-кветак, і спаборнічаць у сіле з Чортам, і скакаць праз купальскі касцёр! І вось нарэшце усе заданні выкананы і Папараць-кветка знойдзена!
Ад Купалінкі кожны ўдзельнік падарожжа атрымаў чароўную стужачку, якую павінен быў самастойна завязаць на хатцы Папараць-кветкі і загадаць пры гэтым жаданне. Не толькі дзеці, але і ўсе дарослыя прынялі ўдзел у гэтай дзеі. Спадзяёмся, што сапраўды ў гэты казачны дзень усе загаданыя жаданнні споўняцца!

Наталля Русецкая,
выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА “Яслі-сад г.п. Мір”