Заместитель начальника инспекции Министерства по налогам и сборам Марина Осипович рассказывает о буднях работников инспекции

З нагоды прафесйнага свята — Дня работнікаў падатковых органаў — журналіст звярнулася да намесніка начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Навагрудскага раёна Марыны АСІПОВІЧ з просьбай расказаць аб сваёй працоўнай дзейнасці.

— Марына Сцяпанаўна, чым напоўнены будні работнікаў падатковай інспекцыі?
— Гэта работа з плацельшчыкамі, спагнанне запазычанасцей, налічэнне падаткаў, адміністратыўныя працэдуры (вяртанне падаткаў, збор дзяржпошліны, выдача даведак) і г. д. Мы ўлічваем і аналізуем паступленні ў бюджэт даходаў. Наш працоўны дзень прадуктыўны і насычаны. Іншы раз не хапае гадзіны-другой, каб паспець зрабіць усё запланаванае.

— Якімі якасцямі павінен валодаць падатковы інспектар?
— Падатковы інспектар — гэта спецыяліст, які павінен валодаць такімі якасцямі, як камунікабельнасць, граматнасць, прафесіяналізм.

— Які калектыў зараз працуе ва ўзначальваемай Вамі структуры?
— Ва ўпраўленні па рабоце з плацельшчыкамі — пяць супрацоўнікаў, улічваючы мяне. Гэта намеснік начальніка ўпраўлення, два галоўныя дзяржаўныя падатковыя інспектары і вядучы рэферэнт. Невялікі калектыў спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Мы можам замяніць адзін аднаго. Калектыў працаздольны, усе з вышэйшай эканамічнай адукацыяй, працоўны стаж складае ад 10 да 25 гадоў. Адным словам, прафесіяналы сваёй справы.

— А як адносяцца да сваіх абавязкаў падаткаплацельшчыкі?
— На ўліку стаіць 15770 падаткаплацельшчыкаў, з іх — 380 індывідуальных прадпрымальнікаў, 299 арганізацый, 15433 фізічныя асобы. У асноўным усе плацельшчыкі добрасумленна выконваюць свае падатковыя абавязацельствы. Але ёсць і такія, якія дапускаюць запазычанасць перад бюджэтам. Мы праводзім з імі растлумачальную работу па прымусовым выкананні падатковага абавязацельства. Праводзімыя мерапрыемствы садзейнічаюць зніжэнню запазычанасці перад бюджэтам.

— З нагоды прафесійнага свята ўспомніце ветэранаў працы падатковай службы. Што б Вы ім пажадалі і ўвогуле калегам па працы?
— З вялікім задавальненнем і бязмернай удзячнасцю за добрасумленную работу ў нашай галіне хачу назваць ветэранаў працы падатковай службы: Дануту Шэўку, Ніну Калеснік, Галіну Комар, Уладзіміра Судніка, Таісу Шэўку, Ірыну Бандарык. Ім і калегам па працы жадаю здароўя, міру, дабра.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ