Геннадий Шатуев: «Белорусы оказались сильнее технологий цветных революций

30 ліпеня Аляксандр Лукашэнка сабраў актыў мясцовай вертыкалі для сустрэчы па пытаннях грамадска-палітычнага становішча. Удзел у размове з Прэзідэнтам прыняў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

— Чакаецца, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі, — адзначае кіраўнік раёна. — Бо гэта не толькі інфармаванне, але і з’яднанне вертыкалі ўлады.

Прэзідэнт расказаў пра ключавы прынцып любой дзейнасці ў Беларусі — не нашкодзь дзяржаве. Даўно вядома: колькі людзей — столькі і меркаванняў, але заклікі, якія накіраваны супраць краіны і абранага большасцю курсу, недапушчальныя. Важна паважаць адзін аднаго і памятаць, што свабода аднаго чалавека заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага. Але пра гэта не памяталі тыя, хто амаль год таму парушаў спакой грамадзян крыкамі і аўтамабільнымі гудкамі. Многія работнікі праваахоўных структур і дзяржаўныя служачыя атрымлівалі пагрозы жыццю і здароўю. На шчасце, беларусы вытрымалі гэты націск, а вінаватыя панеслі ці яшчэ панясуць пакаранне.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што праца над праектам новай Канстытуцыі працягваецца, выпраўляюцца недапрацоўкі. Не пазней за люты наступнага года адбудзецца рэферэндум, на якім кожны беларус зможа выказаць сваё меркаванне.

Падчас нарады было закранута пытанне вакцынацыі насельніцтва ад COVID-19. Прэзідэнт падкрэсліў, што вакцын у дадзены момант хапае, жадаючыя могуць зрабіць прышчэпку на добраахвотнай аснове.

Прагучаў заклік да аграрыяў убраць ураджай у максімальна сціслыя тэрміны. З-за ўмоў надвор’я пасяўную кампанію пачалі пазней, цяпер важна захаваць ураджай. «Цяпер кожны кілаграм збожжа будзе літаральна на вагу золата», — сказаў Прэзідэнт.

Чырвонай ніткай праз усё выступленне Прэзідэнта прайшла тэма няўдалай каляровай рэвалюцыі ў Беларусі. І да гэтага часу існуюць спробы расхістаць беларускае грамадства.

Нашай краіне давялося сутыкнуцца з ваеннай пагрозай. Акрамя разгорнутых ва Усходняй Еўропе шматнацыянальных сіл, у Польшчы каля Беларусі фарміруецца новае злучэнне — 18-я механізаваная дывізія. На яе ўзбраенне паступяць амерыканскія танкі самай сучаснай камплектацыі. Два батальёна будуць стаяць літаральна ў 20 км ад Брэста.

Калектыўны Захад уводзіць санкцыі супраць Беларусі перш за ўсё ў экспартных галінах беларускай эканомікі: нафтахіміі, машынабудаванні, калійнай галіны. Іх галоўная мэта — пакінуць народ без пенсій, заробкаў, дапамог, адукацыі, медыцынскага абслугоўвання і выклікаць незадаволенасць беларусаў. Для кіраўнікоў прадпрыемстваў зараз гарачая пара — час заключэння кантрактаў, пошукі рынкаў збыту і кропак росту. Зніжэння вытворчасці, продажаў прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі быць не павінна. У гэтым сутнасць нашых антысанкцый.

Сітуацыю ў грамадстве доўгі час распальвалі ў сетцы інтэрнэт праз разнастайныя сайты, Тэлеграм-каналы, сацыяльныя сеткі. Уся Беларусь была аблытана імі, як павуціннем. І ўся гэтая свабода слова перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасць. У выніку — спробы тэрактаў, пагрозы мініравання. Але з гэтым дзяржава змагалася і будзе змагацца, каб абараніць сваіх грамадзян.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Захад раздражнёны тым, што беларусы аказаліся мацнейшымі за тэхналогіі каляровых рэвалюцый. Бо наша нацыя — узор міжнацыянальнага, міжканфесійнага і сацыяльнага адзінства. Нездарма гэты год абвешчаны Годам народнага адзінства. 17 верасня ў нашай краіне ўпершыню будзе адзначацца новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. Яно стане запамінальным для кожнага беларуса, з часам здабудзе свой непаўторны каларыт.

Іна ЛЕЙКА